У памяшканнях гродзенскага піўзавода з’явіцца міні-бровар, крафтавае піва з якой можна будзе пакаштаваць тут жа ў пабе. У комплексе будынкаў арганізуюць і музей піва. Частку памяшканняў здадуць у арэнду пад офісы ці гандаль. Пра будучыню піўзавода Hrodna.life распавёў Аляксандр Заглубоцкі, намеснік дырэктара ТАА «МБА Інвестмент», якое займаецца аднаўленнем аб’екта.
UPD 5 траўня 2022 года. Грамадскія абмеркаванні аб рэканструкцыі піўзавода прайшлі з 5 сакавіка па 4 красавіка 2022 года. Ніякіх заўваг ніхто не пакінуў, распавёў Hrodna.life Аляксандр Заглубоцкі. Праект рыхтуецца да дзяржаўнай экспертызы. Па яе выніках можна будзе меркаваць аб тэрмінах будаўніцтва і рэалізацыі праекта.
Гродзенскі піўзавод не маглі прадаць 13 гадоў. Новым уладальнікам у сакавіку 2020 года стала ТАА «МБА Інвестмент», заснавальнікамі якой сталі грамадзяне Польшчы і Беларусі. У ёй працуюць беларускія спецыялісты, якія займаюцца зборам тэхнічнай інфармацыі і ўзгадненнямі з Міністэрствам культуры, падбіраюць праектную арганізацыю і спецыялістаў, якія забяспечаць адпаведнасць праекта гістарычнаму абліччу аб’екта. Не выключана, што для працы будуць прыцягвацца і польскія спецыялісты.
У інвестараў вялікі вопыт стварэння рэстаранаў і гатэляў у Польшчы, запэўніў Hrodna.Life Аляксандр. У «скарбонцы» досведу — гатэлі Hotel Royal & Spa, Mercure Białystok, мінібровар Browar Stary Rynek.
Крафтавыя гатункі ад мясцовага бровару
Перад рэканструкцыяй трэба правесці абследаванне тэхнічнага стану будынка і атрымаць заключэнне гісторыкаў. Без гэтых дакументаў складана планаваць рэканструкцыю аб’екта і прагназаваць фінансавыя ўкладанні. Вядома, што ў планах інвестараў ёсць адкрыццё Музея піва ў адным з падвалаў, дзе стаялі катлы для варэння піва, міні-бровара, паба-рэстарана, гасцініцы. Частку плошчаў будуць здаваць у арэнду.
Пад Музей піва аддадуць 400 кв.м. Канцэпцыю ўжо пачалі распрацоўваць.
У міні-бровары будуць варыць крафтавыя гатункі піва для мясцовай кавярні, рэстарана або паба. Варэнне ў прамысловых маштабах не плануюць.
Частку памяшканняў «універсальнага выкарыстання» здадуць у арэнду. «Думаю, што ў такім месцы многія захочуць размясціць невялікія крамкі або офісы. Але трэба разумець, што з гэтых ідэй будзе адпавядаць агульнай канцэпцыі праекта», — сказаў Аляксандр Hrodna.life.
Перад рэканструкцыяй — некалькі даследаванняў
Комплекс будынкаў піваварнага завода ў Гродне — гэта помнік архітэктуры XIX стагоддзя. Ён унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У 2010 годзе аб’ект купіла СТАА «Экапрамэнерга». Інвестар рэканструкцыяй не займаўся, затое за некалькі гадоў з тэрыторыі завода вывезлі амаль увесь метал.
У 2017 годзе суд вярнуў завод у камунальную ўласнасць Гродзенскага гарвыканкама. У мае 2017 года пажар знішчыў дах будынка. Яго аднавілі.
Чытайце таксама: Пажар на гродзенскім піўзаводзе: сумны канец слаўнай гісторыі?
На тэрыторыі піўзавода правядуць два даследаванні. Тэхнічнае пакажа, у якім стане знаходзяцца пабудовы пасля пажару. Для гэтага прыцягнулі спецыялізаваную інжынерную арганізацыю. Комплекснае навуковае даследаванне дапаможа зразумець, як захаваць гістарычнасць комплексу і якім чынам выратаваць тое, што знаходзіцца ў дрэнным стане, але што павінна быць захавана. Для вырашэння гэтай задачы фірма прыцягне спецыялістаў, атэставаных Мінкультам. Тыя вывучаць архівы і дадуць сваю ацэнку і рэкамендацыі. У пошуку і зборы інфармацыі пра гісторыю піўзавода ў архівах прымуць удзел і гродзенскія гісторыкі. Пасля гэтага будзе падрыхтавана праектная дакументацыя, і пачнецца працэс узгадненняў і выбару падрадчыкаў.
Праектна-пошукавыя работы зоймуць да двух гадоў. Сёння нельга дакладна сказаць, як будзе выглядаць будучы комплекс. Інвестар абяцае максімальна захаваць гістарычнае аблічча аб’екта і арганічна ўпісаць яго ў існуючае аблічча горада.
Як толькі эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце палепшыцца і дазволіць без абмежаванняў перасякаць мяжу, замежныя інвестары прыедуць у Гродна і раскажуць пра планы больш, паабяцаў Аляксандр.
Гродзенцы паўдзельнічаюць у рэканструкцыі
Свае ідэі аб рэканструкцыі піўзавода можна адпраўляць на пошту фірмы — info@grodnobrowar.by. Некаторыя ўжо адправілі свае ідэі, паведаміў Аляксандр. «Любыя прапановы мы выслухаем, на ўсе дамо адказ. Самае цікавае будзе выкарыстана», — сказаў ён.
Чытайце таксама: Дворец-завод-дворец: блогер предлагает концепцию восстановления пивзавода в Гродно
Таксама гродзенцы змогуць паўдзельнічаць у грамадскіх слуханнях. На іх будуць выносіць як канцэпцыю праекта, так і візуальную частку. Навіны будуць публікавацца на сайце grodnobrowar.by.
Аб’ект акупіцца праз дзевяць гадоў
Сума, якую ўкладуць у праект, пакуль складана паддаецца ацэнцы, але ў любым выпадку набліжаецца да € 1 000 000, паведаміў Аляксандр.
Тэрмін акупнасці аб’екта — парадку дзевяці гадоў, паведаміў Аляксандр. Зарабляць інвестары будуць на арэндзе і дзейнасці комплексу. «Будуць створаны дзясяткі працоўных месцаў. Піўзавод стане цэнтрам прыцягненне для турыстаў. І жыхары Гродна засумавалі па тым, каб на месцы піўзаводу было нешта рэальна цікавае», — сказаў Аляксандр.