«Піраты Карыбскага мора» гэта занадта дарагое кіно, каб эксперыментаваць з ім. Так што ўсе новаўвядзенні тут накіроўваюцца па пракладзеным раней дарожкам, упэўнены аўтар блога Fandom.by.
Перад тым як ісці на стужку «Піраты Карыбскага мора: Мерцвякі не расказваюць казкі», я перагледзеў усе папярэднія фільмы серыі.
Ад першай часткі «Праклён Чорнай жамчужыны» я атрымаў неверагодны эмацянальны імпульс, гэта ж прайшло ўжо амаль 15 гадоў з моманту яе выйсця. Тады гэта кіно ўспрымалася як выдатны блакбастар з папулярнымі акцёрамі і не больш за тое… І толькі цяпер праз столькі год я магу ўпэўнена сказаць, што першыя «Піраты» гэта класіка сямейнага прыгодніцкага кіно, якая стала ў адзін шэраг з такімі ўнікальнымі франшызамі, як «Зорныя войны» і «Індыяна Джонс».
На нашых вачах нарадзіўся вобраз Джэка Вераб’я, які перажыве і нас, і самога Джоні Дэпа. Хочам мы таго ці не, цяпер гэта частка культурнага кода чалавецтва, і калі яно само сябе не загубіць, то нашы далёкія нашчадкі будуць глядзець на ўсё гэта зусім іншымі вачамі. Наўрад ці нехта зараз, чытаючы творы Роберта Люіса Стывенсана, адзначае пра сябе «вось тут стары недакруціў», «а вось тут мог бы і лепш выказацца», «а тут персанаж недастаткова раскрыты». Творы могуць падабацца ці не, але мы ўспрымаем іх цэласна, як падарунак мінулых пакаленняў, які здолеў дайсці да нас праз войны, рэвалюцыі і культурны тэрор стагоддзяў.
Пры праглядзе першых «Піратаў» я таксама адчуў светлы сум. Так заўсёды бывае, калі глядзіш старыя фільмы. Не-не, не настолькі старыя, што знятыя яшчэ да твайго нараджэння. Больш за ўсё кулаком настальгіі пад дых б’юць менавіта тыя творы, якія з’явіліся ў тваіх вачах. Здаецца, ну вось жа, зусім нядаўна гэта было! А потым бачыш, як змяніліся акцёры, а некага з іх і зусім ужо не стала… Толькі тады і ўсведамляеш, як далёка ад берага адчаліў твой карабель.
З глузду з’ехаць можна, пакаленне людзей, якія нарадзіліся пасля прэм’еры «Праклёну Чорнай жамчужыны», зараз ужо праходзяць фізіку ў школе! Вядома, яны будуць успрымаць серыю зусім інакш. І «Мерцвякі не расказваюць казкі» гэта фільм перадусім для іх, а не для 30−40 гадовых кінакрытыкаў, якія пішуць пра тое, што «Мы гэта ўжо сто разоў бачылі» і «Джоні Дэпу пара на супакой». Ваша праблема, спадарства, у тым, што вы ўжо ЎСЁ бачылі. Вас ужо нічым не здзівіць, асабліва ў такім сямейна-забаўляльным жанры.
Нехта скажа, што такім стаўленнем можна апраўдаць любую халтуру. Увогуле я з гэтым згодны. У кожным добрым фільме можна знайсці штосьці дрэннае, а ў кожным дрэнным — добрае. Гэта пытанне настрою і матывацыі. З гадамі я прыйшоў да таго, што ва ўсім трэба шукаць толькі добрае і агароджваць сябе ад дрэннага. У зваротным выпадку, вы толькі шкодзіце самі сабе.
Калі вы схадзілі на фільм і ён вам не спадабаўся, пастаўце яму нізкую ацэнку на «Кінапошуку», можаце нават напісаць гнеўны водгук, калі вам ад гэтага стане лягчэй. Але лепш проста пакіньце ў сябе ў памяці ўсё самае добрае, што ў ім было, і ідзіце далей. Тым больш не трэба тэрарызаваць тых, каму гэты фільм спадабаўся. Можа, вандраванне на сонечныя Карыбы, у свет, дзе ў герояў па пятым разе атрымліваецца выходзіць сухімі з вады, рэдкая аддушына ў іх хмурным жыцці.
«Мерцвякі не расказваюць казкі» для франшызы Піратаў Карыбскага мора гэта роўна тое ж, што і «Абуджэнне сілы» для Зорных войн, а менавіта мяккі перазапуск. Апавяданне пераходзіць ад старых персанажаў да новых пры дапамозе паўтарэння ўжо знаёмых кавалачкаў папярэдніх стужак. У сёмым эпізодзе Зорных войн гэта былі новая Зорка Смерці, новы R2D2, новы Дарт Вейдар і г. д. У пятай частцы «Піратаў» гэта новая маладая парачка галоўных герояў, новы пракляты капітан на не менш праклятым караблі і новы артэфакт, які павінен усіх выратаваць.
Здаецца, Дысней зноў хоча пракруціць стары трук са знікаючым Ханам Сола. Дзіўна, але гэтым разам у яго гэта атрымліваецца.
Магчыма, уся справа ў чаканнях. Ад 7-га эпізоду я, як і многія фанаты, чакаў працягі гісторыі, а не гратэскавага пераказу старой казкі з новымі персанажамі. Узровень чакання ад новых «Піратаў» быў значна ніжэй, таму што па маёй шкале жыццёвага цыкла яны падышлі да самага краю. Што за шкала такая? Усё вельмі проста, на ёй усяго дзве рыскі:
1. Жоўтая: галоўныя героі адпраўляюцца ў Кітай. Не важна, што ў вас за сэтынг і фармат твора. Як толькі героі змяняюць звычайнае месца дзеяння на ўсходнюю ці паўднёва-ўсходнюю Азію, гэта значыць, што франшыза знаходзіцца за адзін крок да катастрофы. Сам выпуск можа будзе яшчэ нічога, але сярод гледачоў называцца ён будзе хутчэй за ўсё: «Гэта там, дзе яны ў Кітаі былі».
2. Чырвоная: асноўнымі дзеячымі асобамі робяцца дзеці галоўных герояў. Усё, пульс пацыента не прашчупваецца. Рыхтуйце набор для рэанімацыі з прыквелаў і спін-офаў, а лепш адразу закапайце.
Відавочна, што Піраты Карыбскага мора прайшлі першую рыску і зараз рыхтуюцца пераадолець другую, таму асабіста я ад пятай часткі не чакаў нічога апроч прыгодаў і гумару. Аптымізму крыху дадавала тое, што чацвёртая частка «На дзіўных берагах», якую лаюць абсалютна ўсе, мне раптам вельмі спадабалася сваёй правільнай кампазіцыяй і прапісанымі персанажамі.
«Мерцвякі не расказваюць казкі» ў гэтым сэнсе слабей. Сюжэт зноў вяртаецца да дурнаватай беганіны па лакацыях, а сярэдні ўзровень харызмы персанажаў няўхільна асеў з-за маладых акцёраў.
Па праўдзе, мне ніколі не падабалася нудная цэнтравая пара Уіла Цёрнэра (Арланда Блум) і Элізабэт Суон (Кіра Найтлі). У іх абодвух абсалютна аднолькавы тыпаж дзёрзкага, але станоўчага сарвігалавы. Я ўпэўнены, у старых фільмах можна спакойна перамяшаць паміж сабой іх рэплікі і ўчынкі — нічога ад гэтага не зменіцца. Цікавыя персанажы заўсёды былі вакол гэтых двух хадзячых клішэ. І вось зараз, калі на сцэне з’явіліся маладыя акцёры гэта шаблоннасць перадалася і ім. Ізноў гэтыя паказушныя сваркі і аплявухі, якія сканчваюцца пацалункамі. Усё гэта мы бачылі ўжо тысячу разоў і, па ўсёй бачнасці, ніколі ад гэтага ўжо не пазбавімся.
«Піраты Карыбскага мора» гэта занадта дарагое кіно, каб эксперыментаваць з ім. Так што ўсе новаўвядзенні тут накіроўваюцца па пракладзеным раней дарожкам.
Прыкладам, Хаўер Бардэм добра ўпісаўся ў ролю антаганіста. Я глядзеў фільм у арыгінальнай агучцы і яго англа-іспанская гаворка выдатна дапаўняла вобраз. Класна, што аўтары фільма паказалі перадгісторыю праклятага капітана. Гэта адназначна пайшло на карысць успрыманню.
Сярод значных навінак больш нічога асаблівага і няма. Але гэта не значыць, што глядзець кіно не цікава. Спецэфекты выкананы на высокім узроўні, а экшэн гоніць наперад нязграбны сцэнарый амаль без перадышкі. Гумару ў карціне ўсё гэтак жа шмат, хаця я заўважыў, што ён стаў больш падлеткава-пошлым. З іншага боку, што вы хацелі ад маракоў?
Крутых запамінальных момантаў у пятай частцы нямала. Вось толькі мне здалася, што рэжысёры і аператар недастаткова іх «смакуюць». Прыгадайце тое, як у першым фільме Элізабэт упершыню ўбачыла экіпаж «Чорнай жамчужыны» пры месячным святле, ці тое, як апошняя манета з праклятага скарбу ўпала ў куфар. Такія моманты ў новым фільме ёсць, але яны губляюцца ці тое з-за маштабу дзеяння, тое з-за частага пераключэння камеры паміж сцэнамі.
Пэўна, вы заўважылі мае ваганні. Толькі пачынаю хваліць, як тут жа з’яўляюцца агаворкі. Лаяць фільм таксама не хочацца, таму што глядзець яго было цікава, няхай мы бачылі і лепей.
У цэлым я рады таму, што ёсць, але, на мой погляд, франшызе не перашкодзіў бы свой Гарэт Эдвардс, які прыйшоў бы і зняў свайго «Ізгоя» на гэту тэму.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…