Група турыстаў з Польшчы прыехала ў Гродна 10 ліпеня. Гэта першыя замежнікі, якія наведалі наш горад арганізаванай групай, пасля паслаблення каранцінных абмежаванняў у краінах Еўрасаюза.

Турысты сабраліся ў Аўгустове (Польшча). Адтуль яны выехалі ў Гродна на дзень: увечары таго ж дня яны вернуцца ў Аўгустоў.

«Гэта першая вялікая група замежнікаў пасля пандэміі, — распавядае гродзенскі экскурсавод Ігар Чарнякевіч. — Паціху ўсё будзе аднаўляцца і да нас паедуць замежнікі, але такога патоку, як у мінулым годзе, вядома, яшчэ не будзе. Гэта нармальная сітуацыя, калі Еўропа ператвараецца ў адзін вялікі закрыты шпіталь, і людзі не вытрымліваюць і пачынаюць павольна пакідаць яго».

«Мяжа пустая». Першая за некалькі месяцаў група замежных турыстаў прыехала ў Гродна
Экскурсавод Ігар Чарнякевіч распавядае турыстам пра Фарны касцёл

Попыт на паездкі ў Гродна ёсць

Арганізавала паездку ў Гродна Эмілія Фашча з Аўгустова. Яна возіць турыстаў па беларускім памежжы ўжо некалькі гадоў.

«Я закахана ў Гродна і з задавальненнем сюды заўсёды прыязджаю. Нам — палякам — тут камфортна, асабліва калі зрабілі бязвізавы рэжым. Хутка аформілі ваўчар і можна ехаць. Так, каранавірус прымусіў нас сядзець дома, але самае страшнае мы ўжо перажылі. Цяпер трэба вяртацца да звыклага жыцця, пры гэтым быць асцярожнымі, інакш у дэпрэсію патрапіш. Попыт на паездкі ў Гродне ёсць, але пакуль няма такога, як гэта было да пандэміі. Мяжа зараз пустая, нікога няма. Памежнікі сказалі, што мы першыя едзем групай. Мы хацелі яшчэ ў Друскенікі заехаць, але Літва не пускае. Таму абмежаваліся пакуль паездкай у Гродна», — распавяла Эмілія.

Чытайце таксама: В Гродно, несмотря на эпидемию, появились туристы. Кто они?

Сям’я Цыганік у Гродне ўпершыню. Вальдамар і Крысціна вырашыліся на паездку ў Беларусь ужо на адпачынку ў Аўгустове. Самі яны з Кракава.

«Мы думаем, пандэмія будзе яшчэ доўга, нельга пастаянна чагосьці чакаць — трэба працягваць жыць. Ад Гродна пад уражаннем: у яго багатая гісторыя, захавалася шмат старых будынкаў».

«Мяжа пустая». Першая за некалькі месяцаў група замежных турыстаў прыехала ў Гродна
Вальдэмар і Крысціна Цыганік

З 10 лістапада 2019 года на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей працуе адзіны бязвізавы рэжым для замежных турыстаў. Знаходзіцца на гэтай тэрыторыі замежнікі могуць да 15 сутак. Таксама для грамадзян больш за 80 дзяржаў захоўваецца 30-дзённы бязвіз пры ўмове прыбыцця і адбыцця праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск».