Людзі і справы

Першы снег для дзіцячага хоспіса. Мастакі распісалі вокны для дзяцей раней за мароз

У нядзелю 25 снежня дзіцячы хоспіс прымаў незвычайных гасцей-валанцёраў. Самадзейныя мастакі, навучэнцы мастацкай студыі Кацярыны Забелінай, наведаліся сюды, каб зрабіць снежна-навагодні роспіс на шкляной сцяне. Напэўна, першы сёлетні снег пайшоў адмыслова, каб ім пазіраваць.

«Мяне запрасілі распісаць шкло ў навагоднім стылі, — расказвае кіраўнічка студыі Кацярына Забеліна. — Але я падумала, што будзе класна зрабіць гэта разам са сваімі навучэнцамі. Праз гэта студыйцы змогуць яшчэ больш пасябраваць, аб’яднацца і падзяліцца сваім талентам з іншымі. Тут вялікі масштаб працы і разам мы зможам зрабіць больш крута, чым я б змагла адна».

Раніцай у нядзелю ў дзіцячы хоспіс прыйшлі каля 20 ахвотных распісаць вокны раней, чым гэта зробіць мароз.

«Малышы намалявалі снегавічкоў і падарункі. Там, куды дзецям было не дацягнуцца, дарослыя намалявалі дрэвы і птушак. — расказвае Кацярына. — Цікава аказалася паспрабаваць маляваць на шкле ў розных тэхніках. Рабінкі малявалі ватнымі палачкамі, а снег — паралонавымі тампонамі. Атрымаўся такі незвычайны мікс. Спадзяюся, што дзецям з хоспіса спадабаюцца нашы малюнкі. Уяўляю, як яны прыйдуць пасля выходных, пабачаць нашу творчасць. Хочацца, каб у іх падняўся настрой і жыццё заіграла новымі фарбамі. Дзеля гэтага мы стараліся».

Сафія Пазняк і Аня Мурэня займаюцца жывапісам трохі больш за год. Раней іх працы бачылі толькі сябры і бацькі. Гэты навагодні роспіс — першая праца дзяўчынак, якую пабачаць па-за вузкім колам блізкіх. Праз тое дзяўчаты трохі хвалююцца. Але спадзяюцца, што іх праца прынясе радасць дзецям з хоспіса. «Мы малявалі разам і гэта нас аб’яднала. Захацелася часцей так збірацца і працаваць. Тым больш, для арганізацый, што дапамагаць іншым».

Дзяўчаты намалявалі навагоднюю ялінку і снегавіка, падобнага да «зімовага коціка ці казачнага снежнага барса». Аня мяркуе, што гэта незвычайная істота прынясе з сабой шмат падарункаў і снегу. А пакуль можна глядзець вонкі праз роспіс на шкле і чакаць сапраўдную зіму.

Марына Маркава кажа, што амаль адмовілася ад прапановы памаляваць у выходны. Тым больш, што заўтра ў яе дзень народзінаў і трэба рыхтавацца да свята. А потым — не змагла ўстрымацца.

«Рэдка ёсць такая нагода, калі можна падарыць іншым радасць і самой атрымаць задавальненне. Гэта самае галоўнае, дзеля чаго мы збіраемся. Паглядзіце, з якім настроем усе малююць! А заўтра прыдуць другія і таксама парадуюцца».

Лена Шылко кажа, што карыстаецца любой магчымасцю памаляваць і падзяліцца радасным чаканнем навагодніх цудаў. «Глядзіце, нават снег пайшоў! Нібы ведаў, што мы будзем зіму маляваць. Усё сышлося!»

Апошнія запісы

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025