У нядзелю 25 снежня дзіцячы хоспіс прымаў незвычайных гасцей-валанцёраў. Самадзейныя мастакі, навучэнцы мастацкай студыі Кацярыны Забелінай, наведаліся сюды, каб зрабіць снежна-навагодні роспіс на шкляной сцяне. Напэўна, першы сёлетні снег пайшоў адмыслова, каб ім пазіраваць.

«Мяне запрасілі распісаць шкло ў навагоднім стылі, — расказвае кіраўнічка студыі Кацярына Забеліна. — Але я падумала, што будзе класна зрабіць гэта разам са сваімі навучэнцамі. Праз гэта студыйцы змогуць яшчэ больш пасябраваць, аб’яднацца і падзяліцца сваім талентам з іншымі. Тут вялікі масштаб працы і разам мы зможам зрабіць больш крута, чым я б змагла адна».

Раніцай у нядзелю ў дзіцячы хоспіс прыйшлі каля 20 ахвотных распісаць вокны раней, чым гэта зробіць мароз.

Першы снег для дзіцячага хоспіса. Мастакі распісалі вокны для дзяцей раней за мароз

«Малышы намалявалі снегавічкоў і падарункі. Там, куды дзецям было не дацягнуцца, дарослыя намалявалі дрэвы і птушак. — расказвае Кацярына. — Цікава аказалася паспрабаваць маляваць на шкле ў розных тэхніках. Рабінкі малявалі ватнымі палачкамі, а снег — паралонавымі тампонамі. Атрымаўся такі незвычайны мікс. Спадзяюся, што дзецям з хоспіса спадабаюцца нашы малюнкі. Уяўляю, як яны прыйдуць пасля выходных, пабачаць нашу творчасць. Хочацца, каб у іх падняўся настрой і жыццё заіграла новымі фарбамі. Дзеля гэтага мы стараліся».

Першы снег для дзіцячага хоспіса. Мастакі распісалі вокны для дзяцей раней за мароз

Сафія Пазняк і Аня Мурэня займаюцца жывапісам трохі больш за год. Раней іх працы бачылі толькі сябры і бацькі. Гэты навагодні роспіс — першая праца дзяўчынак, якую пабачаць па-за вузкім колам блізкіх. Праз тое дзяўчаты трохі хвалююцца. Але спадзяюцца, што іх праца прынясе радасць дзецям з хоспіса. «Мы малявалі разам і гэта нас аб’яднала. Захацелася часцей так збірацца і працаваць. Тым больш, для арганізацый, што дапамагаць іншым».

Першы снег для дзіцячага хоспіса. Мастакі распісалі вокны для дзяцей раней за мароз

Дзяўчаты намалявалі навагоднюю ялінку і снегавіка, падобнага да «зімовага коціка ці казачнага снежнага барса». Аня мяркуе, што гэта незвычайная істота прынясе з сабой шмат падарункаў і снегу. А пакуль можна глядзець вонкі праз роспіс на шкле і чакаць сапраўдную зіму.

Марына Маркава кажа, што амаль адмовілася ад прапановы памаляваць у выходны. Тым больш, што заўтра ў яе дзень народзінаў і трэба рыхтавацца да свята. А потым — не змагла ўстрымацца.

«Рэдка ёсць такая нагода, калі можна падарыць іншым радасць і самой атрымаць задавальненне. Гэта самае галоўнае, дзеля чаго мы збіраемся. Паглядзіце, з якім настроем усе малююць! А заўтра прыдуць другія і таксама парадуюцца».

Першы снег для дзіцячага хоспіса. Мастакі распісалі вокны для дзяцей раней за мароз

Лена Шылко кажа, што карыстаецца любой магчымасцю памаляваць і падзяліцца радасным чаканнем навагодніх цудаў. «Глядзіце, нават снег пайшоў! Нібы ведаў, што мы будзем зіму маляваць. Усё сышлося!»

Першы снег для дзіцячага хоспіса. Мастакі распісалі вокны для дзяцей раней за мароз

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life