Дзякуючы працы Альмы Лапінскене літоўцы ведаюць пра рамантычны партрыятызм Караткевіча, смеласць спалучэння сапраўднасці з белетрыстыкай Алексіевіч, глыбіню словаў і філасофскую пранікнёнасць паэзіі Разанава.
Дзяцінства Альма Лапінскене прайшло ў Сібіры, куды саслалі яе разам з бацькамі. Вывучаць беларускую літаратуру яна пачынала ў супрацы з Адамам Мальдзісам. Пазней Альма 20 гадоў узначальвала Асацыяцыю беларусістаў Літвы. У яе асабістай бібліяграфіі пераклады з беларускай на літоўскую больш дзясятка кніг. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» перакладчыца расказала пра шлях да беларускай мовы і «дарогу ў свет праз суседскі двор».
Знаёмства з беларускай літаратурай пачалося для Альмы Лапінскене на пачатку 1980-х. У той час яна збірала матэрыялы аб літоўска-беларускіх сувязях для сваёй дысертацыі.
«Я даволі часта ездзіла y Мінск, працавала у бібліятэках, удзельнічала у пісьменніцкіх сходах і, вядома ж, пазнаёмілася з многімі тагачаснымі беларускімі творцамі. Асабліва хацелася пазнаёміцца з тымі пісьменнікамі, творчасць якіх мне найбольш спадабалася», — расказае яна. У той час Альма пазнаёмілася з прафесарам Адамам Мальдзісам, а праз яго — з Уладзімірам Караткевічам.
Чытайце таксама: Гродзенскі аблвыканкам вырашыў не даваць Астравецкай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса
«Мы некалькі разоў сустракаліся, гаварылі пра літаратуру, гісторыю нашых народаў, нават спрачаліся наконт трактоўкі некаторых момантаў нашай агульнай гісторыі ў яго творчасці, — расказала Альма пра Караткевіча. — Мяне захапляў рамантычны дух яго творчасці, глыбокі патрыятызм. Можа таму першым творам беларускай літаратуры, які я пераклала, было яго апавяданне „Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў“. Перакладаючы я адчула „смак“ той працы — і горкі, і прыемны».
Чытайце таксама: «Ні дня без Ажэшкі». Як перакладчыца Святлана Воцінава рэпатрыюе пані Элізу ў беларускую літаратурную класіку
«Перакласці мяне падштурхнула выдатны рэдактар, мая сяброўка, аднакурсніца Бронэ Балчэне, — кажа Альма аб працы, што пачалася як спроба, а стала заняткам на цэлае жыццё. — Дзякуючы ёй, я адкрыла для сябе гэтую цікавую і важную сферу творчасці».
Альма пераклала на літоўскую зборнік беларускіх апавяданняў «Langas į žalią sodą» («Акно ў зялёны сад», Vyturys, 1988), у які ўвайшла і навэла Уладзіміра Караткевіча «Кніганошы».
Сітуацыя з творамі для перакладу змянілася пасля 1990-х. Стала магчыма свабодна выбіраць, што перакладаць, а выдавецтвы арыентаваліся на забароненую падчас савецкай улады, у асноўным, заходнюю, літаратуру.
«Суседзі, асабліва постсавецкая прастора, апынуліся ўбаку, прынамсі, на некаторы час. Нешта, вядома, перакладалася i друкавалася, але не сістэматычна. Я была рада, калі выйшаў мой пераклад аповесці Уладзіміра Караткевіча «Šiurpioji karaliaus Stacho medžioklė» («Дзікае паляванне караля Стаха», Vyturys, 1994) і раманa Валянціны Коўтун «Gailestingumo kryžius» («Крыж міласэрнасці», Alma littera, 1997).
Чытайце таксама: «Каб перакласці Міцкевіча, я яго не перакладаю». Марыя Мартысевіч расказала, як працуе з тэкстам паэмы «Гражына»
«Дзякуючы Валянціне Коўтун я пераклала кнігу Святланы Алексіевіч «Černobylio malda» («Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999). У той час я зацікавілася творчасцю Алеся Разанава, пачала публікаваць пераклады яго вершаў ў літоўскім літаратурным друку.
Святлана Алексіевіч і Алесь Разанаў — асноўныя аўтары, якіх я перакладала. У сціплым спісе маіх перакладаў тры кнігі Алексіевіч («Černobylio malda» / «Чарнобыльская малітва», Alma littera, 1999, 2015, «Karo veidas nemoteriškas» / «У вайны нежаночае аблічча», Alma littera, 2017, «Paskutinieji liudytojai» / «Апошнія сведкі», Alma littera, 2020) i тры кнігі Разанава («Medžioklė rojaus slėnyje» / «Паляванне ў райскай даліне», Homo liber, 2008, «Krikšto motinos dovana» / «Падарунак хроснай маці», Homo liber, 2013 і да 75-годдзя з дня нараджэння паэта «Žodžiai nutilo: tylon beldžiasi širdis» / «Словы аціхлі: у немату стукае сэрца», Hieronymus, 2022).
«Больш за ўсё прыцягвае і цікавіць мастацкая выразнасць, арыгінальнасць, значнасць ідэі твора, — апісвае Альма творы беларускіх аўтараў. — Мяне захапляюць рамантызм і патрыятызм Караткевіча, працавітасць і смеласць Алексіевіч пісаць на нязручныя для савецкай сістэмы тэмы, сугестыйнасць яе кніг, якая вынікае з спалучэння сапраўднасці і белетрыстыкі, любоў Разанава да мовы, увага да слова, глыбіня яго паэзіі, яго філасофскія пранікненні»
Што па падабенства і адрознасці беларускай і літоўскай мастацкай літаратуры, то перакладчыца мяркуе — яны падобныя і - розныя.
Менавіта так называлася і яе сумеснае з Адамам Мальдзісам даследванне «Перазовы сяброўскіх галасоў», апублікаванае ў часопісе «Навука і тэхніка» ў 1988 годзе.
«Кожная літаратура, гаворачы пра светапогляд, этнагенез, гісторыю свайго народа, уздымае і агульначалавечыя праблемы, таму кожная непаўторная, цікавая і ў той жа час блізкая і зразумелая».
Альма Лапінскене — мовазнаўца, перакладчыца.
Нарадзілася ў Заходняй Літве, у два гады з бацькамі і братам была саслана ў Сібір, расла на беразе Ангары. Там пайшла ў школу і скончыла пяць класаў. Працягвала навучанне ўжо ў Літве.
Вывучала літоўскую мову і літаратуру ў Віленскім універсітэце. Пасля заканчэння працавала ў Інстытуце літоўскай літаратуры і фальклору (у той час — Інстытут літоўскай мовы і літаратуры). У супрацы з калегамі з Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы ў Мінску рабіла даследванне аб літоўскa-беларускіх літаратурных сувязях. Абараніла кандыдацкую дысертацыю пра літоўска-беларускія стасункі ў савецкі час. Гэты тэкст стаў часткай сумеснай з Адамам Мальдзісам кнігі.
Дваццаць гадоў Альма Лапінскене ўзначальвала Асацыяцыю беларусістаў Літвы, удзельнічала ў з’ездах і канферэнцыях, арганізаваных Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў.
Яшчэ адзін накірунак яе даследаванняў — літаратурнае і культурнае жыццё віленскіх літоўцаў у міжваенны перыяд. Па гэтай тэме Лапінскене напісала дзве манаграфіі.
Чытайце таксама: «Калі перакладала, плакала кожны дзень». Ванда Марцінш — пра кнігу «Літоўцы ля Мора Лапцевых«
Перакладаць і чытаць літаратуру суседніх краінаў «не толькі варта, але і неабходна», лічыць Альма Лапінскене.
«Бо шлях у свет ідзе праз суседскі двор. Усё ж, добрасуседства грунтуецца на ўзаемным пазнанні адзін аднаго. Радуе, што нарэшце мацнее тэндэнцыя звяртацца да літаратуры нашых суседзяў і як мага лепш яе пазнаваць».
Саюз літоўскіх літаратурных перакладчыкаў абвясціў гэты год Годам латышскай літаратуры, а 2022 год быў прысвечаны беларускай літаратуры. Год пачаўся з вечара беларускай паэзіі ў Доме сігнатараў 25 сакавіка, прымеркаванага да Дня Незалежнасці Беларусі, і завяршыўся 12 снежня у Клубе пісьменнікаў - адзначылі 75-годдзе з дня нараджэння Разанава новай дзвюхмоўнай кнігай яго пункціраў.
Гэта быў год інтэнсіўных перакладаў беларускай літаратуры на літоўскую мову. Акрамя названай анталогіі і кнігі Разанава, выйшла кніга нарысаў Інэсы Плескачэўскай пра Францыска Скарыну, а 8−9 нумар літаратурнага часопіса «Мetai» быў прысвечаны беларускай літаратуры.
«Таксама мне прыемна, што маладое пакаленне (Марюс Бурокас, Вітас Дэкшніс і інш.) падтрымлівае сувязь з беларускімі пісьменнікамі і перакладае адзін аднаго. Летась намаганнямі маладых у выдавецтве „Bazilisko ambasada“ на літоўскай мове выйшла анталогія сучаснай беларускай паэзіі „Baltai raudonai baltai“ („Белае Чырвонае Белае“)».
Чытайце таксама: Высоцкі па-беларуску. Перакладчык Міхась Булавацкі прадставіў гродзенцам «антысавецкага» паэта на роднай мове
Па словах перакладчыцы, аўдыторыя добра прымала творы Уладзіміра Караткевіча: «Памятаю не адзін добры водгук на яго апавяданнi i аповесць». Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, то адразу ўзрасла цікавасць і да яе кніг: «Вялікую папулярнасць набыла „Чарнобыльская малітва“. У 2020 годзе „Апошнія сведкі“ занялі першае месца ў намінацыі „Перакладны нон-фікшн“ на партале „15 хвілін“. Мы з Алесем Разанавым неаднойчы ўдзельнічалі ў чытаннях фестывалю „Poezijas pavasaris“, яго паэзія заўсёды выклікала вялікую цікавасць у слухачоў».
«Вялікіх планаў не будую, жыццё заўсёды прапануе нешта цікавае, трэба толькі гэтага жадаць і спадзявацца», — кажа Альма пра далейшае. Але адзначае, што зараз з’яўляюцца кнігі, якімі хочацца падзяліцца з літоўскімі чытачамі: «Адна з кніг, якія я прачытала ў мінулы год — Евы Вежнавец „Па што ідзеш, воўча?“ Моцная кніга, адназначна вартая перакладу. Нядаўна сяброўка з Кіева прыслала выдатны раман украінскага пісьменніка Володимира Лиса „Століття Якова“ з настойлівай прапановай перакласці яго на літоўскую. Такім чынам, мая наступная праца зразумелая — упершыню буду перакладаць з украінскай».
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…