Каваны краявід – вулачка з пажарнай вежай, самыя розныя рыбы, цмокі, машыны і нават той самы дзіцячы вазок з фільма “Белыя росы”. Усё гэта зроблена рукамі майстра мастацкай коўкі Яна Перагінца.

Гарадская майстэрня Яна знаходзіцца ў прыватным сектары. У глыбіні падворка сцежка сканчаецца перад невялічкім збудаваннем. Працоўня выглядае маленькай, але вельмі насычанай. Паўсюль стаяць, ляжаць і вісяць творы майстра. З цёмнага закутка выглядаў каваны кот, рыбіны паблісквалі вачыма і неслі на сваіх храбтах дамкі. Быццам казачны куфэрак, напоўнены незвычайнамі скарбамі.

Важны калектыў
Кавальствам Ян займаецца з 2004 года, калі паступіў ва ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мастацкае аддзяленне.
– Вучыўся завочна, час быў, таму адначасова пайшоў вучыцца ў майстэрню да каваля Юрыя Круша. Гэта мой першы настаўнік.
Калектыў важны. Адзін у аднаго вучацца, старэйшыя маладзейшым паказваюць.

Я калі тэхнічна ўнік, то ўжо з мастацкага боку пачаў далучацца. Эскізы рабіў, каб чыюсці ідэю намаляваць. А потым ужо свае праекты: спачатку малюеш, а потым куеш. Адначасова вучыўся і кавальствам займаўся, таму кавальства ў мяне мастацкае.
Мастацтва можна зрабіць з усяго
Матэрыялы бяруцца літаральна адусюль. Замкі, жалезкі розныя – гэта усё будучыя мастацкія творы. Напрыклад, лапата ператвараецца ў рыбу: грабелькі – хвост, падкова і іржавыя цвікі – плаўнікі.
– Хтосці гэта выкінуў, для кагосьці гэта смецце ўжо было, а я перарабіў, – паказвае Ян на рудую рыбіну.

Ёсць Шчупак, зроблены з замкоў: аўтар аб’яднаў іх, дадаў трохі дэталяў і яшчэ функцыянальнае прызначэнне.

Іншыя рыбіны – каваныя, з каляровым шклом – аказаліся свяцільнікам. Тут выкарыстана вітражнае шкло, але не ў класічнай тэхніцы вітража.

Людзі, бывае, замаўляюць нешта асаблівае, а іншым разам ім вельмі падабаецца гатовае: бяруць і рыбак, і коцікаў, і анёлкаў, і тыя ж машынкі і матацыклы.
– А гэта тыя самыя “самагоншчыкі”? Бяру ў руку маленькага жалезнага чалавечка, што цягне бідон. Самагоншчыкамі іх празвалі каментатары ў ФБ.

– Хлопец прынёс на працу такія штукі: кажа – металалом нікому не патрэбны. Я не адразу зразумеў што гэта такое. Аказалася, хлапушкі, якія працуюць ад газу. Прыгледзеўся… можна было б і самавар маленькі зрабіць. Але гэта кітайская вынаходка, якую падхапілі расейцы. А самагоншчыкі – гэта нешта палескае, беларуска-украінскае.
Ян дастае з шуфляды аловак, устаўляе ў бідоньчык і дадае: “І функцыянальнае”.
Адносіны да “джэнтльменаў”
– Твае рамесніцкія творы можна знайсці ў адмысловых крамах. Але мала хто ведае, што металічны вазок, які усталяваны на вуліцы Тэльмана, таксама праца тваіх рук.
– Гэты праект быў зроблены па ініцыятыве камунальнікаў. Звярнуліся праз цэнтар рамёстваў “Спадчына”. У горадзе некалькі аб’ектаў па матывах кінастужак, якія здымаліся у Гродне. Усе працы выконвалі розныя майстры, я працаваў менавіта над вазком. Шукаў такую самую мадэль. Скапіяваў цалкам усю сістэму, каб было натуральнае падабенства. Адзінае, спіцы ў арыгінале каля 3 міліметраў, а я зрабіў 5-6, такі антывандальны варыянт, каб не пагнуліся, не паламаліся, ён яшчэ і хістаецца.

– …і рыпіць.
– Ну так, рыпіць, – усміхаецца Ян. – Гэта ж жалеза.
– Як ты ставішся да іншых аб’ектаў – сметніц – якія з’явіліся ў горадзе летась.
– Адмоўна, як і ўсе. Стаіць цэлы джэнтльмен, з мятлікам, у капелюшы, з трасцінкай…і яшчэ дама з сабачкам. І ў іх пляваць, смецце кідаць – ну так атрымліваецца!
“Нават бясплатна не ўсталююць”
– Ці ёсць у цябе нейкія свае ідэі, прапановы для горада, мастацкія аб’екты, якія хочацца рэалізаваць?
– Хачу, але не магу. Мы з кавалямі год 5 таму планавалі зрабіць фестываль “Жалезны кужаль”. Звярнуліся да ўладаў, нам сказалі: “Давайце, запрашайце з Польшчы, з Літвы, з Беларусі. Мы зробім на 5 дзён базу, начлег, харчаванне”. А потым паступова дайшло да таго, што мы самі запрапанавалі і свой метал, і свой вугаль, толькі б месца далі. Былі размовы каб заплаціць майстрам за майстар-класы і за ўдзел у плэнэры. Гэта нармальная практыка, калі майстры пакідаюць свае плэнэрныя творы і атрымліваюць грошы. У канцы выявілася, што ні на што грошаў няма, а замест 5-7 дзён – 1 дзень незразумелага плэнэру. Хаця быў сур’ёзны праект, які усім спадабаўся. На гэтым скончылася.
– Напэўна, каб бясплатна і сам усё прынёс?…
– Не, нават так не ўсталююць. Затое сметніцы самі па сабе выраслі, як грыбы… і ніхто не забараніў, не прасачыў.
– А як у цябе дома? Ты- сапожнік без сапог?
– У мяне ўсё ёсць! Ад самай драбязы – вешалкі, кручочкі, усё маё, каванае. Бо гэтыя крамныя, можа і прыгожыя, але не трывалыя, трохі больш нагрузкі і ўжо ламаецца. Зэдлікі каваныя, цэлы набор, розныя па форме і аздобе, не гнуцца, не ламаюцца. Толькі абшыўку сядушкі мяняем, астатняе нават не падфарбоўваю. Метал трохі дзе-нідзе працёрся, блішчыць – гэта ж натуральна.
– Будзеш удзельнічаць у “Казюках”?
– Так, кожны год удзельнічаю. Будзем з іншымі кавалямі на плошчы Савецкай стаяць. Агонь, горны сапраўдныя. У аднаго хлопца нажное гарно, якому больш за 100 гадоў, а у мяне ручное і трохі маладзейшае.
Для людзей гэта вельмі цікава. Нехта ўвогуле не бачыў такога, як метал становіцца мяккі як пластылін, і рабі з яго што хочаш. І паглядзець, як майстар працуе і самому паспрабаваць.





