Сябры пайшлі ў лес, а трапілі ў РАУС, дзе іх пратрымалі 10 гадзін

Маладыя людзі ў верасні вырашылі схадзіць у лес з намётамі. Убачылі лясны пажар і паведамілі пра гэта ў МНС. Раніцай да іх прыйшла міліцыя, і наступны дзень яны правялі ў РАУСе. Там іх пратрымалі 10 гадзін, задавалі асабістыя пытанні, забралі тэлефоны, білі па вушах і пагражалі праблемамі з вучобай, каб вымусіць прызнацца ў падпале.   Пазней вінаватых  знайшлі, але выбачацца ці падзякаваць за аператыўную інфармацыю міліцыянеры не палічылі патрэбным. УУС сітуацыю не каментуе.

– Мы з сябрамі вырашылі пайсці 1 верасня ў лес, узялі з сабой намёты, спальнікі і хацелі пераначаваць у лесе. Нас было пяцёра. Тры чалавекі чакалі ва ўмоўленым месцы. Мы з сябрам павінны былі падыйсці пазней. Па меры прыбліжэння да месца збору мы ўбачылі, што лес гарыць, – расказвае Варвара, якая была там з сябрамі.

Пад’ехаўшы да сяброў, маладыя людзі выклікалі МНС, сабралі рэчы і пайшлі насустрач. Па дарозе яны сустрэлі супрацоўнікаў міліцыі, якія прыехалі першымі. Міліцыянты запісалі дадзеныя чалавека, з тэлефона якога выклікалі МНС, і паехалі далей. Праз некаторы час пад’ехалі пажарныя і хуткая дапамога. Сябры пайшлі дамоў да аднаго з іх. Пазней выявілася, што  ў лесе гарэў экскаватар.

На наступны дзень, 2 верасня, каля 6.00 дадому да аднаго з маладых людзей прыехала міліцыя і папрасіла ўсіх паехаць з імі ў Ленінскі РАУС на допыт. “Першапачаткова сказалі: мы вас апытаем за 15 хвілін, адпусцім і прывязем назад дамоў. Мы адмаўляліся і прасілі зрабіць апытанне на месцы. Мы ж нічога не ведалі: прыйшлі, а лес гарыць”. Але міліцыя патрабавала паехаць з імі, і маладыя людзі згадзіліся.

“Мужыку 40 гадоў, а яго вельмі цікавіла маё асабістае жыццё”

Спачатку іх завязлі ў лес на тое месца, дзе быў пажар. “Яны (міліцыянты) дасталі тэлефоны, пафоткалі світанак, пахадзілі кругамі і паехалі назад. Гэта заняло хвілін 40”, – расказвае Варвара.

Сябры пайшлі ў лес, а трапілі ў РАУС, дзе іх пратрымалі 10 гадзін
Фота прадастаўлена гераіняй матэрыяла

Каля сёмай рана іх прывезлі ў аддзяленне. Аднаго з пяці чалавек, які мае экаанархічные погляды, ізалявалі ад усіх і завялі ў іншае крыло будынка. Першай апытвалі Варвару, астатнія чакалі каля кабінету. Ніхто з супрацоўнікаў не прадставіўся і не сказаў, у якім статусе знаходзяцца маладыя людзі. Калі яны запытвалі пра свой статус, ім адказвалі: “Ты тут ніхто”. Калі прасілі прадставіцца, ігнаравалі. А бэйджыкі з імем хавалі ў кішэню.

– Мяне пачалі дапытваць. Адразу ціск, пагрозы, домыслы, – узгадвае Варвара. – Пытаў, што я ведаю пра пажар. Ён проста быў, я яго бачыла – вось усё, што я ведаю . Потым пачаліся пытанні асабістага характара: з кім я камунікую, з кім я сплю. Мужыку 40 гадоў, а яго вельмі цікавіла маё асабістае жыццё. Гэта было вельмі непрыемна і ціснула маральна.

У Варвары пыталі асабістыя дадзеныя. Калі даведаліся, што яна вучыцца ў ГрДУ, сказалі нічога не замоўчваць, бо будуць праблемы з вучобай. Супрацоўнік, які яе апытваў, не прадставіўся. Варвара змагла ідэнтыфікаваць яго асобу толькі па дыпломам на сцяне ў кабінеце. Гэта быў старшы лейтэнант Артур Марэцкі. Падчас допыту ён некалькі разоў сыходзіў з кабінета хвілін на 20, пасля чаго і апытанне зацягвалася.

“У адной дзяўчынкі былі “тунэлі” ў вушах. Пры ўваходзе і выхадзе з кабінета супрацоўнік балюча пстрыкаў яе па “тунэлям”

Падчас допыту выявілася, што сярод сяброў ёсць грамадзянін Расіі і грамадзянка Украіны. “Гэта спарадзіла кучу домыслаў і пытанняў. Пыталіся, адкуль мы іх ведаем, чаму мы з імі таварышуем, хто яны і што робяць у Беларусі. Спрабавалі распаліць недавер да іх: “А раптам гэта яны былі?”Я ўпэўнена ў сваіх сябрах. І ўсё гэта суправаджалася матам. Я напэўна ў жыцці столькі мата не чула, як у міліцыі”, – расказвае Варвара.

Допыт цягнуўся каля гадзіны. Пасля допыту Варвару выпусцілі на калідор і сказалі чакаць. Колькі, не ўдакладнілі.

Падобнаму ціску падверглі і іншых маладых людзей. “У адной дзяўчынкі былі “тунэлі” ў вушах. Пры ўваходзе і выхадзе з кабінета супрацоўнік балюча пстрыкаў яе па “тунэлям”. Яна казала, што ёй непрыемна. А яе пыталі, навошта ёй падстаўкі для патэльняў у вушах”, – кажа Варвара. Хлопца, якога адвялі ў іншае крыло, прама абвінавачвалі ў падпале экскаватара. Пыталі пра асабістае жыццё і значэнне татуіровак. Абвінавачвалі ў акцыях, пра якія ён не  ведаў. Хлопца з Расіі пыталі пра перакананні і асабістае жыццё.

У туалет хадзілі ў суправаджэнні супрацоўнікаў, есці і піць не дазвалялі

Каля 10 раніцы адзін з супрацоўнікаў сказаў, што прыехала начальства, і забраў у маладых людзей тэлефоны. У грамадзян іншых краін – пашпарты. Калі рабяты адмаўляліся, ім пагражалі “суткамі”. У туалет дазвалялі хадзіць толькі ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі, есці і піць не дазвалялі.

апытанні пад пратакол скончыліся да 9 раніцы. Пазней маладзёнаў трымалі ў будынку без тлумачэння прычынаў.  На пытанні, колькі ім яшчэ сядзець, адказвалі: пачакайце, зараз скончыцца. Тэлефоны не вярталі, у сувязі з роднымі ці адвакатам адмаўлялі. Спусціцца да дзяжурнага на першы паверх і адтуль паведаміць бацькам, дзе яны знаходзяцца, таксама не дазвалялі. Марэцкі, які дапытваў Варвару і ў кабінеце якога былі ўсе тэлефоны, выходзіў з кабінета праз чорны ход, каб лішні раз не сустракацца з імі. А потым увогуле сказаў, што ў яго “адсыпны” і сыйшоў дамоў, зачыніўшы кабінет на ключ.

Праз пэўны час допыты пачаліся па новаму кругу.  “Зайшла, машынальна скрыжавала рукі, што выклікала хвалю крыку: “Як стаіш, рукі па швах!”. Потым Варвары далі тэлефон і яна патэлефанавала бацькам.

У РАУСе трымалі  з 7.00 да 18.00

Ужо вечарам у маладых людзей пад пагрозамі узялі адбіткі пальцаў і ДНК. “Доўга шукалі чалавека, які ўмее гэта рабіць. Хтосьці ў адпачынку, кагосьці няма. Вельмі няўмела гэта рабілі. Каб узяць біяматэрыял – кавалак пазногця – далі вялізныя тупыя  канцылярскія нажніцы. Сказалі: “Не падабаецца – выдзірайце пазногаць!”, – кажа Варвара.

Каля 18.00 грамадзян Беларусі адпусцілі.  Грамадзян з іншых краін павезлі на паліграф, дзе задавалі пытанні, не звязаныя з пажарам: пра дзейнасць у Беларусі і асабістае жыццё. Іх выпусцілі толькі каля 19.00. Копіі  пратаколаў маладыя людзі не атрымалі, хоць і прасілі.

Раней абвінавачаныя, цяпер – сведкі

3 верасня з’явіўся тэкст ад УУС Гродзенскага аблвыканкама, дзе сказана, што экскаватар пашкодзіў 37-гадовы гродзенец. “Полымя ўбачыла кампанія маладых людзей, якая адпачывала побач, яны і паведамілі аб пажары”, – гаворыцца пра сяброў Варвары ў тэксце.

У дачыненні да гродзенца была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «хуліганства». Зараз справай займаецца Следчы камітэт, Варвара праходзіць як сведка. Наконт падзей верасня і затрымання сябры раіліся з праваабаронцамі з арганізацыі “Вясна”.

– Як патлумачылі праваабаронцы, ДНК і адбіткі пальцаў пад пагрозамі былі ўзяты з-за поглядаў аднаго з рабят. Ён анархіст, чамусьці і нас запісалі ў гэтыя шэрагі, – кажа Варвара.

Атрымаць каментар у Ленінскім РАУСе пакуль не атрымалася.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: