Гэты эпізод з гісторыі Гродна мог бы стаць асновай для якога-небудзь гістарычнага баевіка. Познім вечарам 14 сакавіка 1863 года на чыгуначным вакзале Гродна каля 100 чалавек спрабавалі захапіць цэлы цягнік, каб далучыцца да антырасійскага паўстання. І толькі выпадак не дазволіў рэалізаваць задуманае.
Гэты матэрыял упершыню выйшаў у выданні «Твой стыль» у 2016 годзе.
21 студзеня 1863 года ў Каралеўстве Польскім успыхнула паўстанне за адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. У лютым яно паступова пачало распаўсюджвацца і на тэрыторыю колішняга Вялікага княства Літоўскага. Першая нерашучая хваля паўстанцкай барацьбы на Беларусі, ледзь паспеўшы пачацца, была спынена разбіццём атрадаў Сангіна і Рагінскага на Палессі.
Але надыходзіла вясна, а з ёю вялікія спадзяванні распачаць барацьбу з новай сілай і ахапіць ёю ўвесь Край. Адным з паўстанцкіх цэнтраў становіцца Гродна, дзе дзейнічала моцная рэвалюцыйная арганізацыя на чале з Кастусём Каліноўскім. А ў некалькіх дзясятках кіламетраў, побач з Саколкай, фарміруецца моцны паўстанцкі атрад на чале з вайсковым начальнікам Гродзенскага ваяводства Ануфрыем Духінскім, штабам якога кіраваў Валерый Урублеўскі.
Менавіта па загадзе апошняга гродзенская моладзь напачатку сакавіка рыхтуецца ўступіць у шэрагі паўстанцаў. Да горада рухаецца атрад з Лідскага павета пад кіраўніцтвам Людвіка Нарбута. Гродзенцы павінны былі далучыцца да яго ў раёне чыгуначнай станцыі Парэчча, а затым сумеснымі сіламі паспрабаваць захапіць Гродна.
На чыгунку і станцыі паабапал яе ўскладаюцца вялікія спадзяванні. Яе планавалася выкарыстаць для імклівага перакідвання паўстанцкіх атрадаў у ахопленыя барацьбой раёны. Чыгуначнікі выступілі на баку паўстанцаў і актыўна ўступалі ў іх шэрагі. Нягледзячы на тое, што яны былі французскімі падданымі, у пераважнай большасці сваёй гэта былі былыя ўдзельнікі паўстання 1830−1831 гг., вымушаныя выправіцца на эміграцыю, або іх дзеці, народжаныя за мяжой. Як Браніслаў Шварцэ і яго «Беластоцкае кола».
Распрацоўкай аперыцыі па перапраўцы гродзенцаў за горад займаўся кіраўнік чыгуначнай станцыі Гродна Леон Кульчыцкі - адстаўны штабс-капітан расійскай арміі, шляхціч з Марыямпальскага ўезда. Часам выправы быў абраны суботні вечар 14 сакавіка, які выдаўся надзіва цёмным і дажджлівым. Месцам збору быў прызначаны чыгуначны вакзал.
Каля 8 гадзін вечара ў адрыне, дзе звычайна ставіліся вагоны, побач з вакзалам, пачалі збірацца маладыя людзі з усяго горада. Гэта былі пераважна гімназісты, але былі сярод іх і рабочыя, шляхцічы, мяшчане і сяляне. Як толькі яны ўваходзілі ў адрыну, то адразу атрымоўвалі зброю. Акрамя стрэльбаў і пісталетаў раздавалі кінжалы, сякеры і нават косы. Усяго ў гэты вечар побач з вакзалам сабралася каля сотні гродзенцаў, якія вырашылі далучыцца да Паўстання.
Пасля загада Кульчыцкага яны пад покрывам ночы групамі пачалі пераходзіць да таварных крытых вагонаў і платформ, прычэпленых да дзяжурнага цягніка. Дзяжурны цягнік заўсёды быў на чыгуначнай станцыі - на ўсялякі выпадак.
Чытайце таксама: Помнік і шыльда пра якія «забыліся». Як 25 гадоў таму ў Гродне не ўшанавалі паўстанцаў
У гэты час ротны камандзір Калужскага пяхотнага яго Вялікасці караля Прускага палка штабс-капітан Макараў аддаў загад вывесці знешніх вартавых для праверкі перыметра чыгуначнага вакзала. Але кіраўнік станцыі Кульчыцкі прапанаваў пашкадаваць салдат, якія яшчэ паспеюць за ноч настаяцца, заўважыўшы, што лепш вывесці іх пазней — перад прыбыццём экстраннага цягніка з Сафійскім батальёнам. Да таго ж пра гэта будзе дадзена паведамленне з апошняй перад Гродна станцыі. Макараў пагадзіўся і дазволіў Кульчыцкаму самому агледзець ваколіцы.
Замест гэтага Кульчыцкі выйшаў да вагонаў і, уладкаваўшыся ў лакаматыве, падаў гук свістка як знак да хуткага выпраўлення. Але тут здарылася непрадбачанае. Кульчыцкі забыўся паведаміць пра свой план машыністу Вінтэру. Пачуўшы свісток, той выйшаў на вуліцу, каб пабачыць, што адбываецца і накіраваўся да машыны. Для яго стала сапраўднай нечаканасцю з’яўленне побач трох узброеных стрэльбамі і кінжаламі незнаёмцаў. Адзін з іх увогуле прыставіў да галавы машыніста пісталет і запатрабаваў весці машыну туды, куды яму будзе загадана. Вінтэр не стаў супраціўляцца, але, заўважыўшы побач з цягніком свайго памагатага Якімовіча, між іншым сказаў яму толькі адно слова, якому паўстанцы не надалі ўвагі, але якое прадвызначыла далейшы ход падзей. Гэтым словам аказалася «Вагон!», што было сігналам, каб адчапіць вагоны ад лакаматыва.
Перад самой адпраўкай цягніка да яго падышоў качагар і заўважыў у вагонах вялізную колькасць узброенага народа, пра што неадкладна паведаміў ротнаму камандзіру Макараву. Той жа ў суправаджэнні некалькіх салдат выбег на перон і тройчы крыкнуў: «Кто тут? Что за люди?». Адказам яму былі стрэлы. Да таго ж гімназісты пачалі шпурляць у расійскіх салдат усім, што трапляла пад руку. У выніку ў левае плячо Макарава патрапіў вялізны жалезны вінт.
У гэты момант цягнік крануўся з месца, але вагоны, адчэпленыя Якімовічам, засталіся стаяць на месцы. Вінтэр выдзыгнуў з лакаматыва, які рушыў у бок Парэчча. Толькі некалькім чалавекам удалося ўратавацца на ім.
Калі прадстаўнікі гродзенскай моладзі заўважылі, што іх акружаюць рускія салдаты, а вагоны не варушацца, яны кінуліся разбягацца ў розныя бакі і пад покрывам ночы большасць з іх уратавалася ад арышту, пахаваўшыся па кватэрах. Але ненадоўга.
Познім вечарам на станцыю прыбыў сам губернатар і распарадзіўся ўзмацніць патруляванне горада, пошук і арышт паўстанцаў. Горад прачэсвалі ў пошуку «мяцежнікаў». Іх высочвалі па брудных і мокрых чаравіках.
Да арышту былі прыцягнутыя 73 чалавекі. Паводле дадзеных Івана Будніка, сярод іх было 16 гімназістаў, 1 выключаны з гімназіі, 1 студэнт, 5 аптэкарскіх вучняў, 15 чыноўнікаў, 8 дваран, 2 рабочыя чыгункі, 8 сялян, мяшчане. А каля вакзала была знойдзена кінутая зброя: 13 розных стрэльбаў, 5 пісталетаў, 2 касы, 3 шаблі, 7 сякер, адзін пуд 32 фунты пораху, 10 фунтаў свінцу, 5 фунтаў пістонаў, 10 тапаграфічных карт, папера, медыкаменты, рознае адзенне.
Чытайце таксама: Ад «Гатэля паўстанцаў» да «Пяльменнай»: дом Севярына Ромера з вялікай гісторыяй і зусім без шыльдаў
17 верасня 1863 года Начальнік Края Міхаіл Мураўёў падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 гродзенцаў за інцыдэнт 14 сакавіка былі высланыя ў Сібір.
Да Парэчча дабралося ўсяго 7−8 чалавек на чале з Леонам Кульчыцкім, які паспеў з сабою прыхапіць 10 тысяч рублёў з касы таварыства чыгункі. Іх чакаў Баляслаў Нарбут, брат славутага кіраўніка паўстанцкага атрада — Людвіка. План захопу Гродна прыйшлося адкласці, а ў хуткім часе атрад Нарбута быў разбіты пад Дубічамі. Леон Кульчыцкі працягваў змаганне, пакуль летам 1863 года не загінуў ад атрыманых падчас шматлікіх бітваў цяжкіх раненняў.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…