Цырымонія ўзнагароджання конкурса «Марка Падляшша» — добрая аказія пазнаёміцца з самым блізкім рэгіёнам Польшчы, яго лепшымі фірмамі і людзьмі, кажа маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі. Штогадовае спаборніцтва сярод вытворцаў тавараў, паслуг і мерапрыемстваў прайшло ў Беластоку ў канцы красавіка. Лаўрэаты «Маркі Падляшша» атрымаюць шырокую медыйную падтрымку. На думку маршалка, гэта самая важная падзея за год, бо яна вызначае, якія маркі прадставяць рэгіён у Польшчы і ва ўсім свеце.
Вядоўца Магдалена Міська-Яцковска з RMF FM называла пераможцаў «вар'ятамі, якія думаюць, што могуць змяніць свет і робяць гэта» і параўноўвала іх да Сціва Джобса, а маршалак Ляшчынскі радаваўся, што ў такіх «вар'ятах» на Падляшшы няма недахопу.«Гэта яны ствараюць нашу марку ў Польшчы і свеце. Сёлетнія пераможцы яшчэ раз даказваюць, якім прыўкрасным месцам з’яўляецца Падляшша. Яно вабіць сваёй прыродай, але найвялікшы наш скарб — гэта людзі - таленавітыя і захопленыя сваёй справай. Гэта яны стаяць за нашымі поспехамі», — адзначыў Ежы Ляшчынскі.
[irp posts="20 532″ name="Падляшша і Гродзеншчына падпісалі дамову аб супрацы"]
Для беларусаў і жыхароў Гродзеншчыны ў прыватнасці, інфармацыя пра перадавыя польскія тэхналогіі таксама будзе карыснай, мяркуе маршалак: «Мы падпісалі дамову аб супрацы і пашырылі магчымасці аднаго з пераходаў. Маю надзею, што гэта дасць магчымасць пашыраць і асабістыя кантакты, і гаспадарчую супольную дзейнасць».
[irp posts="20 595″ name="Па вадзе, на ровары і пешшу. Перайсці мяжу на Аўгустоўскім канале стала прасцей"]
Пераможцы «Маркі Падляшша» вызначаліся па дзевяці намінацыях.
Лепшыя спажывецкія тавары — костныя імпланты, пакрытыя карбанатам крэмнія ад фірмы Medgal
Са словаў віцэ-прэзідэнта кампаніі Уршулі Бароўскай-Скаржыньскай, фірма працуе на падляшскім рынку медычных тавараў ужо 35 год і ўвесь час імкнецца развівацца.
Лепшыя харчовыя прадукты — Mlekovita
Фірма Mlekovita выпускае малочныя прадукты. Кіраўнік кампаніі Дарыюш Сапіньскі адзначыў, што фірма ўвесь час імкнецца быць сяброўскай да спажыўцоў і трымаць баланс паміж даступнымі коштамі і высокай якасцю. Паводле яго, узнагарода для фірмы Mlekovita гэта яшчэ і добрая ацэнка працы тых мясцовых фермераў, што пастаўляюць на вытворчасць малако.
Адкрыццё — штучнае вока для невідушчых «MATIA»
Ужо зараз гэту прыладу называюць «здольнай змяніць свет». Аўтар прыстасавання, студэнт Петрос Псылос дзякаваў за ўзнагароду не толькі журы, але і сваім выкладчыкам. За час, што прайшоў ад падачы заяўкі да абвяшчэння вынікаў конкурса, удалося адкрыць фірму, дзе плануецца вытворчасць такіх прыстасаванняў на камерцыйнай аснове.
Інвестыцыі - кампанія Pronar
Прыз кампаніі Pronar, што будуе сельскагаспадарчую, камунальную ды іншую тэхніку, далі за пашырэнне заводаў у Нарэўцы і Семятычах і завяршэнне будаўніцтва завода ў Гайнаўцы. Старшыня Рады ўласнікаў фірмы Сяргей Мартынюк падкрэсліў, што такія інвестыцыі не робяцца за адзін год, а з’яўляюцца вынікам доўгай працы. За 29 гадоў, што існуе фірма, яе вытворчыя плошчы дасягнулі 21 гектара, а аб’ём цэхаў складае на сёння 2,6 млн кубічных метраў.
Падзея — Фестываль Блюзу ў Сувалках
Дырэктарка Сувальскага цэнтра культуры Бажэна Каміньска абяцала на ўзнагароджанні, што Сувалкаўскі блюз закруціць усё Падляшша, а прэзідэнт Сувалак Чэслаў Рэнкевіч нагадаў, што фестываль мае ўжо дзесяцігадовую гісторыю і запрашаў далучацца да імпрэзы.
Культура — Galeria Arsenał з Беластоку
Уручаючы ўзнагароду, прэзідэнт Беластока ўзгадаў словы Коко Шанэль, што мода - гэта тое, што сёння падаецца прыгожым, а назаўтра робіцца брыдкім. З творамі мастацтва атрымліваецца наадварот. Сёння яны падаюцца брыдкімі, а з цягам часу будуць лічыцца прыгожымі. Менавіта такімі рэчамі, на яго думку, апякуецца Galeria Arsenał, што месціцца, дарэчы, у будынкку былой электрастанцыі.
Грамадства — Анджэй Парафінюк, ганоровы консул Фінляндыі ў Беластоку
Яго ўзнагародзілі за акцыю «Прадпрымальнікі - дзецям». Сваю ўзнагароду ён паабяцаў падзяліць з усімі намінантамі, што ўдзельнічалі ў спаборніцтве за «Марку Падляшша» ў гэтай катэгорыі.
Выбар спажыўцоў - Хатні хоспіс імя прарока Іллі
Апроч узнагародаў, што прысуджала журы конкурса, права аддаць голас за аднаго з намінантаў мелі і звычайныя людзі. «Выбар спажыўцоў» сярод 21 намінанта рабіла больш за 21 000 палякаў. У сёлетнім спаборніцтве яго атрымаў «Хатні хоспіс імя прарока Іллі». Кіраўнік хоспіса Павел Грабоўскі распавёў, што ўстанова працуе ўжо пяты год і дапамагае сем’ям, у каторых нехта знаходзіцца на мяжы жыцця.
Ганаровы Амбасадар Падляшскага ваяводства і Падляшскай эканомікі
Гэта намінацыя апошняя па чарзе, але не па значэнні. Гэтым разам тытул атрымалі адразу тры асобы, што развіваюць на Падляшшы судабудоўлю і яхтавую індустрыю. Роберт Ханіша, дырэктар вытворчай кампаніі Ślepsk, Бенедыкт Казлоўскі - уладальнік прадпрыемства Balt-Yacht Sp.j. і Себасцьян Нетупскі - кіраўнік фірмы Kotniz.
«Галіна судабудоўлі і ўсё, што звязана з яхтамі, гэта пярліна ў кароне польскай прамысловасці. Відавочна, што гэта прадукцыя ствараецца, каб зрабіць жыццё больш прыемным. Мы вельмі ганарымся, што нашы яхты ходяць па ўсім свеце, а Падляшша ў галіне судабудоўлі з’яўляецца лідарам у Польшчы. Нашы яхты і маторныя лодкі да 9 метраў прызнаны другімі ў свеце і саступаюць толькі лодкам вытворчасці ЗША», — распавёў Себасцьян Нетупскі.
Зубры, вышыванкі і пікселі
Эмблемай «Маркі Падляшша», што ўпершыню прайшла ў 2003 годзе, стала пікселізаваная выява зубра. «Зубр звязаны з прыродай і традыцыямі, якімі мы ганарымся. Тое, што ён намаляваны квадратамі, як вышыванка ці камп’ютарныя пікселі, звязана з сучасным бачаннем традыцый, з новымі формамі і тэхналогіямі. Праз такую выяву мы хацелі паказаць, што захоўваем карані, але гэта не адзінае, што мае рэгіён. Падляшша жыве ў ХХІ стагоддзі і імкнецца наперад», — патлумачыў пасля цырымоніі Павел Есса з Упраўлення па адукаццыі, спорту і турызму Падляшскага ваяводства.