Чым падобны Беларусь і Францыя, які французскі досвед варта пераняць Беларусі, як супрацоўнічаюць улада і прэса і як ставіцца да асабістых уражанняў палітыкаў? Гэтыя пытанні Hrodna.life задаў паслу Францыі ў Беларусі Дзідзье Канесу. Спадар амбасадар наведаў Гродна 2 кастрычніка і сустрэўся з прадстаўнікамі адміністрацыі рэгіёну, бізнесменамі і журналістамі. Знаёмцеся з еўрапейскім дыпламатам у нашым інтэрв'ю.

HL: На які вопыт ці перыяд у гісторыі эканомікі Францыі варта было б цяпер звярнуць увагу Беларусі? Ці можна параўнаць эканамічны стан Беларусі з Францыяй у нейкі пэўны час?

Складана зрабіць такое параўнанне, бо мадэль адміністрацыйнага кіравання эканомікай, якую мы назіраем у Беларусі, ніколі не мела месца ў Францыі. Тым не менш, можна назіраць некаторае падабенства паміж тымі выклікамі, з якімі мы сутыкаемся. У Францыі, як і ў Беларусі, беспрацоўе з’яўляецца праблемай, баланс знешняга гандлю адмоўны, мы вымушаны змагацца за прыцягненне замежных інвестыцый і павышаць канкурэнтаздольнасць нашых кампаній за мяжой. Абраўшы Прэзідэнтам краіны Эмануіла Макрона ў маі 2017, французы прагаласавалі за ўзмацненне рэформ па мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі і за рост яе канкурэнтаздольнасці.

Змякчэнне працоўнага заканадаўства і падатковыя спрашчэнні сталі першаснымі мерамі па рэалізацыі палітыкі эканамічнага аднаўлення. Рэалізацыя гэтай палітыкі пацягнула таксама беспрэцэдэнтныя меры па стымуляванні навуковых даследаванняў, бо інавацыі, як вядома, з’яўляюцца бясспрэчнай перавагай Францыі. Такія рашучыя меры прынеслі ўжо свой першыя плён. «Францыя зноў на кані!» — вось лозунг, які цяпер гучыць у міжнародных эканамічных колах.

Інвестыцыйны эфект не прымусіў сябе доўга чакаць. Толькі за 2017 год колькасць інвестыцыйных праектаў у Францыі павялічылася да 1200, што склала 16% рост за год. Так Францыя ўвайшла ў тройку найбольш прывабных краін у Еўропе. У нас працуюць 28 000 замежных прадпрыемстваў. Разам яны генеруюць 21% нашага ВУП.

HL: Францыя — адна з самых папулярных краін для турыстаў. Што тут робяць для развіцця турызму, што можна было б пераняць Беларусі?

Францыя з’яўляецца першым турыстычным напрамкам у свеце. Яна прыняла 87 мільёнаў наведвальнікаў у 2017 годзе. Гэтыя лічбы пастаянна растуць. Мы спадзяемся дасягнуць лічбы ў 90 мільёнаў да канца гэтага года, а асноўнай мэтай з’яўляюцца 100 мільёнаў турыстаў да 2020-га года.

Наша палітыка па развіцці турызму грунтуецца на шматгранным партнёрстве паміж дзяржавай, рэгіёнамі і прыватным сектарам. Асноўныя намаганні накіраваны на дыверсіфікацыю і паляпшэнне якасці прапановы. Міжнародная канкурэнцыя за прыцягненне турыстаў як ніколі вострая, і нам не варта спачываць на лаўрах!

Турыстычная галіна Францыі пабудавана як з пункту гледжання рэгіёнаў, так і па галінах. У нас існуе шмат відаў турызму: гарадскі, прыбярэжны, горны, гастранамічны, звязаны з вінаробствам, гістарычны, культурны, духоўны і гэтак далей. Кожнаму тыпу кліентаў падабрана адпаведная прапанова. Акрамя таго, праз дзейнасць нацыянальнага Агенцтва АТУ Франс і яго 33-х прадстаўніцтваў па ўсім свеце, мы праводзім актыўную міжнародную маркетынгавую палітыку.

Турызм з’яўляецца той сферай, дзе наша супрацоўніцтва магло б быць больш інтэнсіўным. Як я ўжо адзначаў некалькі тыдняў таму на сустрэчы з беларускім міністрам спорту і турызму, Францыя гатовая дзяліцца сваім вопытам, каб дапамагчы Беларусі павысіць турыстычную прывабнасць. З гэтымі мэтамі і была створана двухбаковая працоўная група. Беларусь мае пэўныя козыры на руках, асабліва, што тычыцца гістарычнага і зялёнага турызму.

HL: Зараз у сацыяльных медыя горача абмяркоўваюць успаміны былога прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і рэакцыю на кнігу з боку міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Для беларускіх палітыкаў стала нечаканасцю, што можна не толькі хваліць, але і выказваць уласныя, часам не вельмі прыемныя ўражанні. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

Будучы добрым пісьменнікам, прэзідэнт Аланд надаў сваім успамінам пра мінскія перамовах некалькі яркіх рысак, упрыгожыў іх сваімі суб’ектыўнымі ўражаннямі, дзякуючы чаму выкладанне матэрыялу атрымалася больш жывым. Але ці ў гэтым галоўнае? Сутнасць у тым, што яго сведчанне прыадчыняе нам сам ход перамоўнага працэсу і паводзіны яго асноўных удзельнікаў, у прыватнасці, Уладзіміра Пуціна.

HL: У нашай краіне зараз амаль не размаўляюць на роднай мове. У той жа час мы ведаем, што французы сваю мову любяць і шануюць. Што б вы параілі зрабіць для захавання беларускай мовы? Ці вучыць спадар пасол беларускую?

Каб мова жыла, трэба на ёй размаўляць. Дома, на працы, у школе, у СМІ… Будучыня беларускай мовы знаходзіцца ў руках беларусаў і нікога іншага. І, так, я вучу беларускую мову. Гэта прыгожая мова, якую я хацеў бы разумець.

HL: Як у Францыі ўлады і звычайныя грамадзяне ставяцца да журналістаў? Ці існуе адміністрацыйны ціск на прэсу? Ці можа ўмоўны Тулонскі гарвыканкам уплываць на працу СМІ?

Свабода прэсы з’яўляецца адным са слупоў французскай дэмакратыі. Французы вельмі педантычныя ў пытаннях абароны свабоды слова. Наш медыяпейзаж багаты і надзвычай разнастайны. Ён адлюстроўвае плюралізм меркаванняў.

У Францыі мэры гарадоў выбіраюцца з дапамогай агульнага галасавання. Так, яны цалкам адказныя перад сваімі выбаршчыкамі. Камунікацыя ляжыць у самым цэнтры іх палітычнай актыўнасці. Мэры знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з прэсай, каб тлумачыць свае рашэнні, адказваць на пытанні ці крытыку. Гэта часта патрабуе выхаду з зоны камфорту! Што тычыцца ціску, то ў дэмакратычным рэжыме ўсё якраз наадварот. Менавіта СМІ аказваюць ціск на палітыкаў: гэта ціск грамадскай думкі, якую яны рэтранслююць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life