З восені першы гродзенскі хостэл займеў яшчэ адно памяшканне. Цяпер гаспадары Андрэй і Таццяна Матусевічы прапануюць 32 койка-месцы. Яны спадзяюцца, што бязвізавы рэжым паспрыяе паляпшэнню эканамічнай сітуацыі ў Гродне і дапаможа хостэлу і гасцініцам.

У новым памяшканні - дзвухмясцовы пакой і газавая пліта

Хостэл «Hello, Grodno!» існуе з 2013 года. За гэты час у яго адзін раз змяняліся ўладальнікі. Новае памяшканне знаходзіцца па вуліцы Гараднічанскай, 25. Тут ёсць двухмясцовы пакой, пакоі на шэсць і восем чалавек, раздзельны санвузел і душавая кабіна. У новым памяшканні ёсць газавая пліта — гэта сэканоміць пастаяльцам грошы на ежу. Таццяна кажа, што тут больш камфортна для вялікіх кампаній — можна сабрацца і пагуляць у што-небудзь.

Старое памяшканне па вуліцы Гараднічанскай, 30 зімой чакае касметычны рамонт і закупка новай пасцельнай бялізны. Тут ёсць 4, 6 і 8-мясцовыя пакоі, а таксама кухня, дзе можна скарыстацца посудам, плітой, мікрахвалёўкай і электрычным чайнікам. Таксама ў абодвух памяшканнях, акрамя Wi-Fi і тэлефона, з’явіўся тэлевізар.

img_6099

Цэны гаспадары не плануюць падымаць. Для аднаго чалавека ноч будзе каштаваць 16−17 рублёў. Для вялікіх кампаній і людзей, якія застаюцца надоўга, прапануецца зніжка. Забраніраваць пакой можна па тэлефоне, на сайце, праз Укантакце, Facebook, Skype.

Турыстаў з-за крызісу стала менш

Сёлета жыхароў было значна менш — на гэта паўплываў крызіс, лічыць Таццяна. Год назад найбольш частымі гасцямі ў хостэле былі расіяне. Цяпер — беларусы, на другім месце — расіяне, на трэцім — грамадзяне ЕС. Найчасцей у хостэл прыязджаюць турысты. Людзям у камандзіроўцы і студэнтам прасцей зняць кватэру.

img_6091

Раней затраты на працу хостэла можна было пакрыць даходамі за лета. У гэтым годзе нават цёплы сезон не асабліва дапамагае выйсці на прыбытак. Калі за кошт лета можна было «выцягнуць» восень і зіму, гаспадары атрымлівалі сярэднюю па Беларусі зарплату. Па выніках гэтага года атрымліваецца, што трымаць хостэл нявыгадна. Гаспадары нават хацелі зачыняцца.

Замежнікі цікавяцца бязвізавай зонай

Пашырэнне гаспадары задумвалі, калі яшчэ ніхто не ведаў пра бязвізавы рэжым. Матусевічы рызыкнулі, нягледзячы на нізкі прыбытак і адсутнасць пастаяльцаў. Таццяна кажа, што нерухомасць — добрае ўкладанне грошай у любым выпадку.

img_6139

Гаспадары спадзяюцца, што бязвізавы ўезд закон дапаможа вырашыць праблемы. Першыя такія турысты — палякі - прыехалі ў хостэл 11 лістапада па накіраванні турагенцтва.

— Людзі толькі даведваюцца пра гэты закон, будуць прыязджаць, — упэўнена Таццяна. — Развіццё турызму — заўсёды прыбытак як для хостэлаў і гасцініц, так і для дзяржавы. Турысты не толькі жывуць, але і ходзяць у кавярні, рэстараны, музеі, набываюць сувеніры.

Ад турагенцтваў і кампаній Таццяна ведае, што замежнікі, асабліва палякі, вельмі цікавяцца новай магчымасцю наведаць Беларусь. Раней шмат затратаў і часу сыходзіла на атрыманне візы, цяпер гэта спрасцілася. А з новым памяшканнем месца ў хостэле хопіць і для вялікіх экскурсій.