Усяго тры гродзенскія турфірмы са ста ўдзельнічалі ў выставе турыстычных паслуг «Адпачынак без межаў», якая прайшла 30 красавіка-1 мая ў Новым замку. Яны расказалі пра самыя папулярныя маршруты сярод гродзенцаў і замежных турыстаў. Турфірмы чакаюць павелічэння колькасці дзён побыту бязвізавых турыстаў і самой бязвізавай зоны. Перспектыўнымі напрамкамі называюць вытворчы, медыцынскі і экалагічны турызм.

Арганізавала выставу рэкламнае агенцтва «Золотой Дракон». Яго кіраўнік Алег Чабатарэвіч расказаў пра мэту мерапрыемства:

— Асноўная мэта — азнаёміць гродзенцаў і гасцей горада з тым, што ў нас ёсць для адпачынку ў першую чаргу ў Гродзенскім рэгіёне. З аграсядзібамі, турыстычнымі маршрутамі, помнікамі архітэктуры, турагенцтвамі.

Арганізатар мерапрыемства Алег Чабатарэвіч з рэкламнага агенства «Золотой дракон»
На выставе прысутнічалі толькі тры турфірмы. Алег кажа пра дзве прычыны: негатоўнасць прыняць удзел у першай такой падзеі і ўпэўненасць, што і без такіх мерапрыемстваў справы ідуць добра.

Турфірмы, якія наведалі выставу, засталіся задаволенымі. За два дні тут пабывала каля 600 чалавек, з іх палова — турысты. Выставу наведала між іншым літоўская дэлегацыя, якая шукала партнёраў для супрацоўніцтва і абмена турыстычнымі групамі.

Алег кажа, што вынікі выставы можна будзе адсачыць цягам бліжэйшых двух тыдняў, і ад іх будзе залежыць правядзенне наступных такіх выставаў. Магчыма, да наступнай далучацца санаторыі, дамы адпачынку, а таксама літоўскія і полскія кампаніі. А беларускія кампаніі павінны зразумець, што падобныя выставы — гэта твар бізнеса Гродзенскай вобласці, і чым большы маштаб мерапрыемства — тым лепш для ўсіх.

Турыстычная кампанія «Мерапи», дырэктар Марыя Курата і спецыяліст па турызме Лідзія Эстэркіна

Адзін з удзельнікаў выставы «Отдых без границ» — турыстычная кампанія «Мерапи»
— Нашым турыстам [замежным — рэд.] падабаецца Аўгустоўскі канал, Сапоцкін, аграсядзіба Свяцк і аглядныя экскурсіі па Гродне. Нядаўна замовілі экскурсію ў Адэльск. Спадабалася і экскурсія па «Малочным міры».

Паводле Марыі Валянцінаўны, пакуль што папулярны пазнавальны турызм. Цікавіць турыстаў нешта аўтэнтэчнае: беларуская кухня, фальклор. Любяць беларускія крамы і з задавальненнем бяруць «Мілавіцу», беларускі трыкатаж, сыры. А вось супермаркеты іх мала цікавяць, бо такія ж ёсць і ў іх. Палякаў больш цікавяць касцёлы і пахаванні. А літоўцаў і латышоў - агульныя пазнавальныя экскурсіі.

Добрыя месцы каля Гродна — Каробчыцы і Караліно. Але індывідуальным турыстам цяжка дабірацца за горад і назад. Арэндаваць машыну дорага. Варта было б запусціць маршрутку, якая хадзіла б да аграсядзібаў. Таксама дырэктар «Мерапи» кажа, што добра было б пашырыць бязвізавую зону. Тады можна было б паказаць Мажэйкава, Старыя Васілішкі, Шчучын.

Турфірмы гатовы прадастаўляць добрыя зніжкі турыстам
Гродзенскаму турысту раяць добра паглядзець… Гродна. Для гэтага да пэўных святаў будуць прымяркоўваць бясплатныя экскурсіі. Сярод тураў выхаднога дня ёсць праграмы на Мінск, Полацк, Віцебск, Мір, Нясвіж. Прадстаўнікі турфірмы кажуць, што апошнім часам гродзенцы сталі нашмат менш траціць на адпачынак. А яшчэ часта заказваюць вандроўку праз мінскія турфірмы, абыходзячы гродзенскія. Лідзія Андрэеўна заклікае гродзенцаў набываюць туры ў сваіх фірмах, бо так падаткі застаюцца ў Гродзенскім рэгіёне.

Перспектыўнымі напрамкамі прадстаўнікі турфірмы лічаць вытворчы і актыўны турызм. Развіццю актыўнага турызму спрые Аўустоўскі канал і вялікая колькасць аграсядзібаў.

Кампанія «ГродноТурист», Жана Голубева, начальнік бюро падарожжаў і экскурсій

Адзін з удзельнікаў выставы «Отдых без границ» — кампанія «ГродноТурист»
«ГродноТурист» — старэйшы тураператар, які прапануе ў асноўным туры па Беларусі. Рыхтуе разнапланавыя экскурсіі як для школьнкаў, так і для дарослых. Прапануе карпаратыўныя паездкі прафсаюзам.

У «ГродноТурист» папулярны Аўгустоўскі канал і турыстычныя база «Пышкі», дзе для груп ладзяцца святы і невялікія вечарынкі. Пры комплекснай замове, якая ўключае экскурсію, пражыванне і харчаванне, можна атрымаць зніжку 20−25%.

З бязвізавымі турыстамі заўсёды агаворваюцца іх пажаданні. Паказваючы Гродна, аддаюць перавагу храмам, гістарычнай забудове, старым вуліцам. Увага надаецца і ўскраінам Гродна: фартам, Каробчыцам, базе адпачынку «Привал». Турысты з задавальненнем наведваюць Аўгустоўскі канал, цікавяцца беларускай кухняй і прывозяць дамоў нешта ў беларускім стылі: рэчы з арнаментам або з ільну.

Што датычыць беларусаў, яны ўжо пабывалі ў Міры і Нясвіжы, таму зараз для іх распрацоўваюцца іншыя маршруты. «Прыгажосць Паўночнай Гродзеншчыны» уключае Гервяты, Ліду. «Агні начнога горада» — гэта вячэрняя экскурсія з дэгустацыяй напояў у барах і кафэ. «Каменны летапіс Прынёмання» уключае Сынкавічы, Жыровічы. «Паланэза хвалюючы гук» — гэта праграма падарожжа ў Залессе, дзе знаходзіцца сядзіба Міхаіла Клеафаса Агінскага. Ёсць асобныя праграмы па сядзібам, адзінкі з якіх захаваліся ў Поразаве, Падароску, Красках. У Гродне таксама ёсць што паглядзець. Тур «Гарадніца як частка архітэктурнага ансамбля горада Гродна» раскажа цікавыя гісторыі пра парк Жылібера. Папулярная ваенная тэматыка і экскурсіі па фартам Першай сусветнай вайны.

Выставу «Отдых без границ» наведала каля 600 чалавек
Гродзенцы сталі менш траціць на адпачынак, чым год-два назад. У той жа час сталі папулярны туры выхаднога дня — калі сям’я на адзін дзень выязджае ў пэўны кірунак і адпачывае камплексна: наведвае музей, храм і кавярню. Карыстаюцца попытам выязды да суседзяў: у Прыбалтыку, Польшчу, Львоў, Пецярбург. Зараз «ГродноТурист» распрацоўвае туры ў Карэлію, залатое кола Расіі. Цікава, што многія гродзенцы замаўляюць аглядную экскурсію па Гродне. У моладзі папулярны палёты над Гродна і ёсць цікавасць для замкавых развалін.

Перспектыўнымі напрамкамі Жана лічыць экалагічны турызм з заездам на прыроду і фотапаляваннем у запаведных месцах. Яна кажа, што зараз замест адной тэмы экскурсіі турысты арыентуюцца на комплексны адпачынак з насычанай праграмай: наведаць памятнае месца, храм, крэпасць. Затым можа быць абед, майстар-клас і паход у тэатр.

Турфірма «Жастон-Тур», дырэктарка фірмы Жана Столяр

Адзін з удзельнікаў выставы «Отдых без границ» — турфірма «Жастон-Тур»
Жана кажа, што пакуль прыязджае невялікая колькасць бязвізавых турыстаў. «Жастон-Тур» гатовы іх прымаць, маюць маршруты і экскурсаводаў. Але ўжо 15 гадоў турфірма рыхтуе туры ў Коблева і Адэсу, якія карыстаюцца попытам нават зімой. Гродзенцы вельмі радуюцца паніжаным коштам: цэны ў Коблева сталі ніжэй ў два разы. Па Беларусі «Жастон-Тур» прапануе больш за 20 тураў у розныя напрамкі. Туры могуць карэктавацца па жаданні замоўцы.

Безвізавым турыстам прапаноўваюць Аўгустоўскі канал, індзейскую вёску на Велесе, музей у Гудзевічах, Каробчыцы і, канешне, экскурсіі па Гродне. Можа прапаноўваць медыцынскі турызм.

Турыстаў цікавяць гістарычныя месцы, музеі. Паводле Жаны, асабліва любяць прыязджаць да нас рускамоўныя людзі старэйшага ўзросту, якія маюць настальгію па часах, калі не было межаў. А моладзь ездзіць менш з-за моўнага бар’еру. Замежным турыстам падабаюцца беларускія цэны і добразычлівыя беларусы.

Дэкаравала выставу фірма «Эль Декор»
Жана лічыць, што калі падоўжыць час побыту замежнікаў да дзесяці дзён, то будзе карыстацца попытам санаторны турызм. А таксама папулярны медыцынскі і вытворчы турызм. Трэба толькі, каб прадпрыемствы ішлі насустрач турфірмам.

У Гродне на безвізавых турыстаў арыентуецца медыцынскі цэнтр «ЛОДЭ».

Медыцынскі цэнтр «ЛОДЭ» на выставе «Отдых без границ»
— Медыцынскі цэнтр аказвае шырокі спектр паслуг: лабараторная дыягностыка, узі-дыягностыка, гінекалогія, венералогія, мамалогія, псіхатэрапія, уралогія, кардыялогія, афтальмалогія, стаматалогія і іншыя, — кажа маркетолаг «ЛОДЭ» Вольга Кліменкова. — А таксама нетрадыцыйныя метады: герудатэрапія — лячэнне піяўкамі - і ігларэфлексатэрапія. За пяць дзён турыст можа атрымаць кансультацыю, здаць аналізы і схадзіць на прыём. Для еўрапейцаў у беларускіх медыцынскіх цэнтрах вельмі прыемныя цэннікі.

Безвізавых турыстаў у «ЛОДЭ» пакуль не так шмат, як хацелася б. Медыцынскі цэнтр супрацоўнічае з турфірмамі і спадзяецца, што гэта супрацоўніцтва прынясе вынікі.