Некаторыя метады вядзення гаспадаркі нашымі продкамі сёння выклікаюць не толькі павагу, але і жах. Ртуць супраць прусакоў, піяўкі як метад лячэння халеры або радыёактыўныя цукеркі. Зазірнуць у старыя параднікі і цікава, і страшна.
Лячыць халеру гарчыцай
У сярэдзіне 19 ст. людзі працягвалі быць досыць рэлігійнымі, але ўжо шукалі «навуковыя» сродкі лячэння. Выдадзеная ў Варшаве газета-лістоўка 1849 года з рэкамендацыямі, як лячыцца ад халеры, сёння чытаецца дзе з усмешкай, а дзе і з жахам.
Першае, што раіла газета: «Мець набмежаваную веру і спадзяванне на Пана Бога», які нават насылаючы хваробы робіць гэта для дабра людзей. Што ж, як мінімум нейтральная парада.Далей пісалася, што найбольш хварэюць п’яніцы і тыя, хто аддаюцца граху абжорства, таму трэба менш есці. Трэцяя парада — піць свежую, чыстую, халаднаватую ваду. Пра яе кіпячэнне — ні слова. Гэтая парада ўжо вельмі небяспечная! Бо халерны вібрыён жыве акурат у свежай вадзе.
Далей рэкамендавалася не прастываць (маўляў, халера бярэцца ад дрыжыкаў) і зрабіць запасы антыхалерычных сродкаў - каменнай солі, хрэну, чорнай рэдзькі і гарчыцы.
Абкласці гарачым пяском
Калі ж чалавека такі «ўзяло» і ў яго пачынаецца халерычны панос і абязвожванне, то лячыць яго трэба так. Спачатку даць яму мятных капляў, а калі ад абязвожвання ў хворага пачнуцца сутарагі - трэба расцерці яго цела пярцовай гарэлкай, сумессю на дэнатураце і паставіць гарчычнік на вобласць сэрца, аж пакуль у пацыента «не перастане ціснуць унізе і не пройдзе вялікі сум (!)».
Калі гэтыя сродкі не дапамагалі, то рэкамендавалася абкласці хворага мяшкамі з гарачым пяском, гарачымі цаглінамі або зрабіць яму паравую лазню, абкруціўшы гарачымі мокрымі прасцінамі. Можна было дзейнічаць на кантрасце — абліць чалавека вельмі халоднай вадой, а пасля добра расцерці. Як пасля гэтага пачуваўся хворы на халеру можна толькі здагадвацца!
Піяўкі або выцісканне крыві
Былі і спецыяльныя парады: парашок для выклікання ванітавання (для і так абязвожанага чалавека), або пастаноўка піявак і кровапусканне. Тое былі сродкі на ўсе часы! Халернаму хвораму можна было паставіць 20 піявак за вушы (калі дыханне халоднае), можна было 15 пявак каля сэрца (калі цісне ў сэрцы), або на жывот. Калі ж піявак не было, то прапаноўваўся сродак, які прыйшоў хіба з самых сярэднявечных часоў - чалавеку на спіне рабілі ножыкам 6−8 надрэзаў і прыкрывалі іх шклянкай, папярэдне паклаўшы туды палаючую паперку. У шклянцы загаў кісларод і з цела выціскалася шмат крыві.Самым эфектыўным сродкам ад халеры, як аказалася, проста было даваць хвораму падсоленую ваду, каб аднавіць страчаныя запасы вільгаці ў целе. А вось выкліканне ванітаў і выцісканне крыві маглі ў звязку з халерай дабіць хворага вельмі эфектыўна!
Як труціць пацукоў
У сярэдзіне 19 ст. у друкарні Завадскага ў Вільні выйшла кніга «Літоўская гаспадыня». У ёй шляхцянка з-пад Мінска Ганна Цюндзявіцкая апісала мноства парадаў па вядзенні хатняй гаспадаркі, сярод якіх найбольшую «павагу» ў нас выклікаюць рэкамендацыі па барацьбе з грызунамі.
Першым сродкам у барацьбе з пацукамі быў мыш’як, атрутныя ўласцівасці якога былі добра вядомыя. Гэты хімічны элемент нават называлі «спадчынным парашком», паколькі наследнікі часта труцілі ім сваіх занадта доўга жывучых бабулек і дзядзькоў.
Вось рэцэпт з «Літоўскай гаспадыні»:
Адзін фунт мыш’яку дробна таўкуць i прасейваюць праз сіта, закрываючы яго палатном, каб пыл не далятаў да чалавека, дабаўляюць тры чвэрці фунта патоўчанага цукру, паўтара фунта пшанічнай мукі i перамешваюць. Частку сыплюць ва ўсе вуглы i шчыліны, а з рэшткаў робяць галачкі, каб утварылася аднародная маса.
Чалавеку атручванне мо і не пагражала, але калі б пацук занёс такую галачку курам ці закінуў у муку для выпечкі, напрыклад, то была б бяда.
Ртуць супраць прусакоў і як слабіцельнае
Яшчэ адным выключна таксічным матэрыялам супраць грызуноў быў фосфар, які цяпер адносяць да атрутных рэчываў першай групы небяспечнасці. У даўніх рэцэптах атруты яго размешвалі… рукамі:
«Адзін лот фосфару скрабуць у цёплай вадзе, трымаючы ў ёй увесь час пальцы, аднак каб ix не апячы. У гэтай жа вадзе разводзяць дзве кварты ці трохі больш пшанічнай мукі, дадаўшы чвэрць фунта цукру i столькі ж растопленага свінога тлушчу. Атрыманай масай абмазваюць паперу i заклейваюць ёю норы пацукоў».
Супраць прусакоў у справу пускаліся не толькі мыш’як і фосфар, але і кобальт і ртуць. Вось рэцэпт:
Зварыць гарох, размяць яго, дадаць падсмажаную саланіну i з ёй расцерці. Калі ўсё астыне, прымяшаць ртуць i церці так доўга, пакуль «жывога срэбра» (так часам тады ртуць называлі) не будзе бачна. Тады разлажыць масу ў міскі i паставіць дзе патрэбна.
У прынцыпе, гарох з саланінай — смаката не толькі для пацука але і для паспалітага чалавека тых часоў, але шкодныя выпарэнні ртуці рабілі місачку з атрутай небяспечнай не толькі для пацука але і для жыхара дому. Але пра небяспеку ртуці тады ведалі мала. Напрыклад, спецыяльныя ртутныя таблеткі выкарыстоўвалі як… слабіцельнае. Такія таблеткі бралі з сабой у паходы даследчыкі Дзікага Захаду ў Амерыцы, таму іх прыстанкі археолагі шукаюць цяпер па слядах ртуці. Што тут казаць пра нашых беларускіх прапрадзедаў якія проста труцілі ртуццю прусакоў.
Чаго не любяць краты
Некаторыя парады па вывядзенні шкодных грузуноў і насякомых выглядалі калі не небяспечнымі, то прынамсі дастаткова нестандартнымі. Вось толькі спіс інгрыдыентаў адной пацучынай артуты: пшанічная мука, свіны тлушч, цыбуля, нягашаная вапна, карані чорнай чамярыцы, цукар, патоўчанае шкло, кучаляба (расліна такая). Усё гэта трэба было згатаваць, а калі маса астыне, то накруціць з яе галачак і раскідаць па хаце. Тут насамрэч цяжка сказаць ад чаго паміралі пацукі - ад атруты ці проста ад абжорства!
Ну, а кратоў Ганна Цюндзявіцкая прапаноўвала адпужваць навогул экзатычна. Напрыклад, пакласці ў кратовую нару адварнога рака, маўляў яго пах надоўга адпужае крата. Або таксама можна было зварыць італьянскія (па-сучаснаму грэцкія) арэхі і пакласці іх глыбока ў нару! Крот пах арэхаў таксама не любіў. Але ўявіце сабе, каб сёння мы змагаліся з кратамі пры дапамозе ракаў і грэцкіх арэхаў. Ракаў то ў нашых рэках цяпер яўна менш, чым кратоў на палях.
Дарагое — значыць карыснае?
Калі вы думаеце, што ўсе гэтыя атрутныя кашмары — справа далёкага 19 стагоддзя — то моцна памыляецеся. Яшчэ ў 50-х гг. мінулага ХХ ст. у Гродне на цукеркавай фабрыцы выпускаліся цукеркі з назвай «Радый». Цукеркі былі цалкам бяспечныя для здароў'я, некалькі фірмаў у Расіі дасюль выпускаюць цукеркі з такой назвай. Але вось у 1920-х гадах насамрэч дзе-нідзе выпускаліся цукеркі, куды дадаваўся «цудоўны таямнічы элемент» — Радый.Радый надзвычай небяспечны для чалавека і радыёактыўны. Ад атручвання ім памерла Марыя Складоўская-Кюры, якая адкрыла з’яву радыёактыўнасці. Яе навуковыя запіскі настолькі радыёактыўныя, што яны цяпер не проста ляжаць на паліцы ў архіве, а захоўваюцца ў спецыяльным сейфе са свінцовымі сценкамі. Цяжкі лёс даследчыка-практыка!
Радый не толькі небяспечны, але і рэдкі. Каб здабыць 1 грам радыю муж і жонка Кюры апрацавалі некалькі вагонаў уранавай руды! Той грам каштаваў столькі, сколькі каштавалі 200 кілаграмаў золата. Калі ёсць нешта вельмі дарагое, то яно адразу пачынае лічыцца і вельмі карысным. І ў пачатку ХХ стагоддзя ў ход пайшлі зубная паста з радыем, радыевая вада, цукеркі «Радый», радыевыя ўгнаенні… Некаторыя людзі казалі, што радый напаўняе іх энергіяй і пілі радыевую ваду, а адна фірма ў ЗША выпускала гадзіннікі, на якіх лібчы наносіліся радыевай фарбай. Лічбы свяціліся ў цемры, але маладыя дзяўчаты наносілі тыя лічбы звычайным пэндзлем, наслініўшы іх языком…
Толькі калі народ пачаў масава хварэць ракам ад усіх гэтых радыёактыўных прысмакаў, а над японскімі гарадамі ўзарваліся першыя атамныя бомбы, людзі перасталі гуляцца з «цудоўнымі ўласцівасцямі» радыяцыі. Але хто ведае, мо ў каго з гродзенцаў сярод старых елачных цацак і завалялася пакрытая радыевай «люмінісцэнтнай» фарбай.
Сёння, здаецца, ні радыевых цукерак ні ртутнай атруты ў крамах няма, але нешта падказвае, што праз якую сотню гадоў нашчадкі будуць трымцець ад жаху, чытаючы пра нашыя сённяшнія звычкі і харчаванне.