Людзі і справы

Паміж педсаветам і подыўмам. Завуч з гродзенскай школы аказалася модным дызайнерам

Перамога на Мінскім тыдні моды прынесла адпачынак у Арабскіх Эміратах і паездку ў Рым з уласнай калекцыяй ад куцюр. Усё гэта звалілася на галаву звычайнай настаўніцы, а зараз намесніцы дырэктара адной з гродзенскіх школ, зусім нечакана. Хаця, з іншага боку, гэта вынік 20 гадоў працы пасля працы. Па начах, пасля таго, як школьныя заняткі скончаны, а ўласныя дзеці паклаліся спаць. Вынік хобі, якое для Ірыны Прымачэк стала часткай жыцця і дало свой плён.

Ад «Маманта» праз «Мельніцы»

Сёлетні тыдзень моды ў Мінску — не першы досвед удзелу ў конкурсах і не першае дасягненне. Пачаўся творчы шлях Ірыны ў 1997 годзе з конкурса «Мамант». Там яна прэзентавала авангардную калекцыю, разынкай каторай было выкарыстанне драўляных катушак і макрамэ з папяровага жгута.

Ад той калекцыі засталіся толькі ўспаміны. Гэта зараз у кожнага ў руках смартфон ці фотаапарат, што дазваляюць фіксаваць усе дробязі жыцця. Раней такога не было. Затое было натхненне. А конкурс даў веру ў сябе.

«Хто я была такая? Дзяўчо з правінцыі. Страшна было нават падавацца на ўдзел. Думала, там усе суперпрафесіяналы, куды мне да іх», — узгадвае Ірына. Але паспрабаваўшы раз, вырашыла працягваць дызайнерскія спробы. Далей была «Мельніца моды» ў 2000 годзе.

Потым Ірына выйшла замуж і займалася больш домам і дзецьмі. Рыхтаваць калекцыі часу не было. Праўда, і гэты час пайшоў на карысць. «Набіваць руку» ў стварэнні незвычайных вобразаў можна было апранаючы ўласных дзяцей. Для іх мама стварала шыкоўныя навагоднія строі.

Першы касцюм сняжынкі яна пашыла дачцэ, калі той было ўсяго восем месяцаў. І ад таго пайшло. Не знайшоўшы на дзетсадаўскі выпускны ладнай сукенкі, вырашыла зрабіць сама. Праехалася па крамах, вярнулася з поўнай торбаю тканіны і фурнітуры і праз некалькі начэй дачушка ўжо мела шыкоўную сукенку з капялюшыкам і кветкамі - усё сваімі рукамі. А там і да сына чарга дайшла. Пад стаць сястрычцы стварылі вобраз яму: парчовая камізэлька, англійскае жабо — «такое вось нестандартнае ў мяне бачанне ўласных дзяцей» — смяецца Ірына.

Пасля было вяртанне ў школу і праца намеснікам дырэктара. Але інфармацыя пра творчыя конкурсы знайшла яе і тут. Бо гэта — частка выхаваўчай працы, што таксама тычыцца завуча.

У 2012 годзе Ірына падрыхтавала чарготую серыю эскізаў на «Мельніцу моды». Першым строем у той калекцыі была сукенка з садаўскага выпускнога. І назву калекцыя атрымала па імені дачкі - «Анастасія».

«Дзяўчынкі-мадэлі проста пішчалі ад захаплення. Прасілі мам набыць ім тыя сукенкі. Але ж яны не на продаж былі зроблены, для сябе, для дачкі і для душы».

Прафесійнае журы высока ацаніла наступную калекцыю, створаную ў 2013. Джынсавае «Вяртанне» Ірыны Прымачэк зрабіла фурор на «Мельніцы моды» і атрымала першае месца. Ды і было за што — пляценне па трыкатажы, вязанне спіцамі і кручком і шмат яшчэ якіх амаль недасяжных разуменню тэхнік. Да таго ж, «Вяртанне» было сапраўдным вяртаннем да жыцця цэлага стосу старых джынсаў, што маглі б скончыць сваё існаванне на сметніку.

«Джынса — тканіна шыкоўная, шкада было выкідаць рэчы, што выйшлі з моды ці сталі малымі, але не страцілі трываласці», — прызнаецца Ірына. Тую узнагароду называе не інакш, як «мой Оскар». І дадае, што «далей — панеслася».

Пераможцы «Мельніцы"паехалі ў тур па Еўропе. Іх калекцыі дэманстраваліся на подыўмах ў Кракаве, Мілане, Вільні і Венецыі.

«У кракаўскім паказе кожны дызайнер прадстаўляў па адной мадэлі з джынса, і я ўвесь час баялася, што нехта пакажа мадэлі, падобныя да маіх. Але да такога ніхто не дадумаўся! Удалося паказаць клас ад Беларусі!»

Наступным «скачком» у дызайне сукенак стаў конкурс ад Кераміна. У сукенках прапаноўвалася абыграць матывы… керамічнай пліткі. Гэтым і тлумачыцца колер і геаметрычныя ўзоры наступнай рукатворнай сукенкі ад Ірыны Прымачэк.

«Тут ужо пра мяне загаварылі - рэклама ў конкурса была сур’ёзная», — кажа дызайнерка. Працяг стварэння рукатворных строяў прывёў да з’яўлення калекцыі, што атрымала другое месца на апошнім Тыдні моды ў Мінску. «Гэта калекцыя адносіцца да „высокай моды“. Лічыцца, што калі ручной працы больш за 70%, то гэта ўжо „ад куцюр“. А мае строі цалкам рукатворныя».

Канечне, згаджаецца яна, гэта рэчы «не насібельныя» — такія можна надзець хіба аднойчы, на канцэрт ці для выхаду на «чырвоную дарожку». Але яны абсалютна ўнікальныя і гэта падвышае іх каштоўнасць.

Цуды з чамадана вытворцам не патрэбны

Рэчы, што стварае Ірына Прымачэк, застаюцца ў яе і захоўваюцца дома. Для апошняй калекцыі выдзелены вялікі чамадан і месца ў лоджыі. Астатнія — разам са звычайнымі рэчамі вісяць у шафах. Да падлеткавай калекцыі «Cowgirl» ужо дарастае дачка: «Нядаўна спадніччку ёй аддала».

Вытворцаў адзення ідэі Ірыны ні разу не зацікавілі. «Мабыць, тэхнолагі мусяць ствараць адзенне па правілах, каторых я не ведаю, — паціскае яна плячамі. — Але, калі рабіць „як усе“, то і рэчы будуць — „як ва ўсіх“, а я такога не хачу».

Ды і наконт уласнага моднага бізнесу ілюзій яна не мае. «Гэта жорсткі свет, дзе трэба працаваць на продаж, рабіць тое, што хоча замоўца. А прыстававанне да ўмоваў вытворчасці пазбавіць рэч індывідуальнасці. Ад гэтага творчасць „сціскаецца“. На бізнес, калі ім займацца, трэба пакласці добры кавалак жыцця. Мне больш хочацца аддаць яго школе і дзецям. Гэта мая праца, якую я люблю і калі бачу поспехі школы, то яны радуюць не менш, чым перамогі на подыўмах — адчуваю задавальненне і гонар».

Для себе — гатовае і класічнае

Што да стварэння адзення для сябе, то тут звычайна — «рукі не даходзяць» — прызнаецца Ірына. Маўляў, калі задавальняе прапанова гатовага адзення, то на шыццё шкада часу. «У краме адразу бачу, калі рэч — мая. Нядаўна набыла сабе сукенку аднаго з беларускіх вытворцаў - спадабалася з першага погляду. Праўда, на другую ўжо грошай ужо не хапіла — дорага».

Калі сустрэць Ірыну ў горадзе, то і не пазнаеш, што гэта — дызайнер моднага адзення. Для сябе яна выбірае класіку. Становішча абавязвае — намесніку дырэктара школы ў авангардзе хадзіць не прыстала.

Ірына Іванаўна, што вы тут робіце?

Калегі да яе хобі ставяца з павагай: «Яны ж бачаць, што я ад ранку да вечара на працы. І што ў завуча работы многа-многа-многа — лёгка ніколі не бывае. Захапляючыся калекцыямі, разумеюць, што працую над імі па начах. Калі бачаць, што стомленая — шкадуюць. Кажуць часам: „Ірына Іванаўна, што вы тут робіце? Вам пара сусветныя подыўмы скараць“. А поспехам заўсёды радуюцца разам са мной. Хаця можа, хто і зайздросціць — людзі розныя бываюць».

Тысячы калекцый — у галаве

Нічога са зробленага чалавекам не мінае без сляда — у гэтым Ірына Прымачэк цвёрда ўпэўнена. «Тое, што я рабіла, было не дзеля подыўмаў ці ўзнагарод. Мне гэта патрэбна, мне гэта падабаецца. У галаве і зараз — тысячы калекцый. Толькі не стае часу і магчымасцяў для іх рэалізацыі. А калі да працы даходзіць — то ў мяне поўны рэлакс — я знаходжу сябе. Бо ў штодзённай мітусні так закручвае, што пра ўсё забываеш, пра душу забываеш».

Калі ж спакойна падумаць пра ўзнагароды, то яны — не толькі за апошнюю калекцыю, а яшчэ і за ўсе 20 гадоў працы. Калі недасыпала, адмаўляла сабе ў чымсці, і нават тканіну для стварэння калекцый часам купляла ў крэдыт. «Не бывае так, калі чалавек працуе шчыра, трохі наіўна і без усялякай карысці, каб не было плёну. Апошнія перамогі - гэта за ўсё мне падарункі. Нарэшце — заслужыла».

Падзяліцца
Меткі: модахобі

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024