Паліна Рэспубліка заспявала для гродзенцаў у “Свабоднай студыі”

Выступ Паліны Рэспублікі, што прайшоў 26 сакавіка, стаў першай музычнай імпрэзай новай творчай пляцоўкі горада – “Свабоднай студыі”. Са словаў адной з арганізатарак праекта, Алесі Юцкевіч, амаль год працы спатрэбіўся, каб “зрабіць з фабрыкі [памяшкання пальчаткавай фабрыкі "Акцэнт” – рэд.] тэатральную залу”. Выступ Паліны Рэспублікі – першая музычная імпрэза, што адкрывае тут канцэртную дзейнасць. Больш за гадзіну Паліна спявала і распавядала аб сваім жыцці, зменах у творчасці і тым, што дарыць натхненне.

Image00001

“Я таксама “людзь”

“Час змяняе людзей, а я таксама – “людзь” і не выключэнне з гэтай гісторыі. Таму ёсць і  змены ў творчасці – уплываюць і знешнія, і ўласныя жыццёвыя абставіны. Тое, што я стала маці, таксама мяне змяніла. Бо з’явілася зусім іншая адказнасць і іншы погляд на многія рэчы”, – распавяла Паліна.

У пошуках “феерверкаў”

Са словаў спявачкі, на пачатку музычнай кар’еры, у 18 год, усё, што адбывалася, падавалася суцэльным феерверкам. “Я не думала ні пра што і для мяне галоўнай была гэта эмоцыя. А потым гэта адчуванне страцілася. Я яго чакала, потым шукала, пасля спявала, каб зразумець, якім чынам артыст стварае феерверкі”.

Image00018

Зараз, адзначыла Паліна, “я знаходзуся ў творчым падарожжы, шукаю свой гук, сваё гучанне – знешняе, тэкставае, і проста ўнутранае. Гэта той перыяд, калі важней не вынік, а працэс, і тое што ён робіць унутры”.

“Каб не расчароўвацца, не трэба зачароўвацца”

Image00005

Адносіны з публікай, на думку Паліны, гэта сітуацыя, дзе артыст не мусіць мець ніякіх чаканняў. З тым, што слухачы б хацелі чуць больш знаёмых песень, што выконваліся раней, Паліна навучылася радзіць: “Я да гэтага падрыхтаваная і гатовая часам казаць “не”. У нас людзі рэдка ходзяць на канцэрты і калі ідуць, то хочуць дакладна ведаць што пачуюць і атрымаюць. Найперш, мусіш працаваць шчыра перад сабой і дакладна адказваць сабе на пытанне навошта ты гэта робіш і ці падабаецца гэта табе. Я ў творчасці рэалізоўваю сябе”.

Музыка – мова для ўсіх

Галоўным адкрыццём і пачуццём апошняга часу Паліна называе “адчуванне сябе музыкам свету”:

“Музыка – гэта мова, на якой размаўляюць усе – будзь ты француз, афрыканец, ці амерыканец. Апошнім часам я стала шмат слухаць, асэнсоўваючы што вялікія музыкі робяць. І гэта нагода паспрабаваць сябе”.

Image00017

Раней, жартуе спявачка, было больш адчуванне “местачковасці”. Зараз, хоць і без вялікіх амбіцый, яно змянілася на асэнсаванне прыналежнасці да ўсяго музычнага свету.

Image00019

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: