Вечарам 25 сакавіка гродзенскія экаактывісты далучыліся да «Гадзіны Зямлі» — міжнароднай акцыі, арганізаванай Сусветным фондам дзікай прыроды. Сэнс акцыі ў тым, каб на гадзіну адключыць святло і іншыя энергаспажываючыя прыборы. Сёлета ўдзельнікам акцыі ў Гродне прапанавалі адзначыць Гадзіну Зямлі «Ёгай пры свечках». Праводзіла занятак трэнерка Юлія Асіповіч, студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі.

ёга пры свечках Гадзіна зямлі 2017 (8)

Юля, вядучая

«У такой атмасферы кожны з удзельнікаў меў магчымасць асэнсаваць сябе часцінкай гэтай Зямлі, яшчэ раз усвядоміць, што ад асабістага ўнёску кожнага залежыць лёс нашай планеты».

Падтрымка экалагічнага руху і экалагічнага ладу жыцця для Юлі натуральныя. Спрыяе таму і выбраная спецыяльнасць, і грамадская дейнасць ў «Зялёнай сетцы» і «Зялёным дазоры». Асабліва радуе дзяўчыну, што бацькі і нават бабуля падтрымліваюць яе ў памкненнях да экалагічнага ладу жыцця. «Дома мы стараемся выкарыстоўваць арганічную бытавую хімію і паступова замяняем лямпачкі на энергазбегальныя».

Маргарыта, студэнтка

Адзначае «Гадзіну Зямлі» ўжо некалькі гадоў. Апроч уласнага ўдзелу ў акцыях лічыць неабходным падзяліцца інфармацыяй пра «Гадзіну Зямлі» з сябрамі.

ёга пры свечках Гадзіна зямлі 2017 (10)
Сумяшчэнне экалагічнай акцыі з ёгай, меркаваннем Маргарыты, атрымалася вельмі арганічным: «Гадзіна ў цемры — добрая нагода задумацца над праблемамі экалогіі і навакольнага асяроддзя».

«Штогод я далучаюся да гэтай акцыі, бо мне не ўсё роўна, што адбываецца з нашай Зямлёй. І канечне, мае дзеянні ў гэтым накірунку не абмяжоўваюцца толькі гадзінай на год. У штодзённым жыцці я таксама трымаюся экалагічнага ладу. Ужо амаль год, як я стала вегетарыянкай, доўгі час трымаюся ідэі разумнага спажывання. Перад тым, як купіць нейкую рэч, я задумваюся, што з ёй стане пасля майго карыстання, ці не прынясе яна больш шкоды, чым карысці. У сваім адзенні я стала выкарыстоўваць раней ужываныя рэчы, перарабляю іх у цікавыя сучасныя строі».

[irp posts="14 858″ name=""Гэта рамантычна": гродзенцы пра Гадзіну Зямлі і эканомію электрычнасці"]

Сваіх бацькоў і сяброў, хто не змог прыйсці на акцыю, дзяўчына таксама папрасіла выключыць святло на гэты час. А сумяшчэнне экалагічнай акцыі з ёгай, меркаваннем Маргарыты, атрымалася вельмі арганічным: «Гадзіна ў цемры — добрая нагода задумацца над праблемамі экалогіі і навакольнага асяроддзя».

Артур і Лена

«Напэўна мы, як і многія, што далучыліся да акцыі, стараемся рабіць нешта дзеля Зямлі не толькі гадзіну ў год. Мы сартуем смецце, асобна збіраем шкло, паперу і палімеры. Адмовіліся ад пластыкавых пакетаў і ходзім у краму з палатнянымі экаторбамі. Да слова, тара і ўпакоўка ў прадуктовых крамах заўсёды наводзяць на сумныя роздумы. Ёсць шэраг прадуктаў, набываючы каторыя непазбежна забіраеш з сабой пластык. Хацелася б, каб была магчымасць карыстацца ў крамах папяровымі пакецікамі, ці быў выбар паміж шкляной і пластыкавай тарай».

ёга пры свечках Гадзіна зямлі 2017 (7)

Сярод сваіх экалагічных звычак яны ўзгадалі, што замянілі лямпачкі на энергазберагальныя, рэгулярна размарожваюць халадзільнік, для перамяшчэння па горадзе ў асноўным карыстаюцца роварамі ці ходзяць пеша. «Калі так сур’ёзна задумацца, то ў нас нічога няма, апроч нашай планеты. І мы хочам яе захаваць».

Уладзіслава, пенсіянерка

Уладзіслава расказала, што ўпершыню даведалася пра «Гадзіну Зямлі» гадоў пяць назад. Ад таго часу заўсёды адзначае гэту падзею сама і прапануе далучацца ўсім знаёмым. Дзеянні на карысць захавання планеты Уладзіслава прадпрымае кожны дзень:

«Што я раблю? Тое самае, што ўсё жыццё рабіла. Толькі зараз гэта называецца „экалагічнасць“. Смецце сартую, як заўсёды, харчовыя адходы аддаю суседскаму сабаку, пластыку стараюся набываць як мага меней. У суседнім супермаркеце ў мяне ўжо не пытаюццца — ці патрэбен пакецік. Ужо запомнілі мяне, і ведаюць, што заўсёды маю торбу з сабой. Адносна новым экалагічным захапленнем, што зараз з’явілася ў жыцці, стаў пэчворк. Са старых джынсаў, стос якіх сабрала па шафах, раблю сумкі, торбы, прыхваткі, сурвэткі і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы».

[irp posts="15 723″ name="Замест звалкі - на канвеер. Пад Гродна пачаў працу завод па сартаванні смецця"]

ёга пры свечках Гадзіна зямлі 2017 (6)
Уладзіслава расказала, што ўпершыню даведалася пра «Гадзіну Зямлі» гадоў пяць назад. Ад таго часу заўсёды адзначае гэту падзею сама і прапануе далучацца ўсім знаёмым

Таксама Уладзіслава распавяла, што як пайшла на пенсію, пачала ездзіць на ровары. «Трохі пападала напачатку, але ўжо чатыры гады езджу. Гэта і эканомна, і экалагічна, і для здароўя карысна».

Анатоль, інжынер

Да гродзенскіх мерапрыемстваў у падтрымку «Гадзіны Зямлі» далучыўся ўпершыню. Яго меркаваннем, такія мерапрыемствы карысныя ў інфармацыйным плане, бо праз іх людзі могуць даведацца пра дзейнасць экалагічных арганізацый і актывістаў. Што да эканамічнай ці экалагічнай мэтазгоднасці «Ёгі пры свечках» у Гродне, то яна, паводле Анатоля, блізкая да нулявой.

ёга пры свечках Гадзіна зямлі 2017 (5)

«Падчас акцыі ў залі пагасілі свяцільнікі на столі. Гэта 9 лямпаў па 44 Ваты. Зато пасля ёгі прапанавалі папіць чай пры свечках і ўключылі два чайнікі магутнасцю 2000 Ват. Дзесяць хвілін іх працы патрабуюць прыкладна столькі ж электраэнергіі, што і гадзіна працы ўсіх лямп у залі».

Паводле Анатоля, такія «экалагічныя нестыкоўкі» і «лагічныя пасткі» падсцерагаюць нас і ў штодзённым жыцці. «Дома пачаў замяняць лямпы на энергазберагальныя некалькі гадоў таму. І вельмі хутка сутыкнуўся з праблемай утылізацыі гэтым лямпаў. Яна, уласна, не вырашана ў Гродне і да гэтай пары — ад бытавых карыстальнікаў перагарэлыя лямпы ніхто не прыймае. А між тым, кожная люмінісцэнтная лямпа ўтрымлівае каля 5 мг пароў ртуці. Так што побач з карысцю ад іх выкарыстання ёсць і шкода навакольнаму асяродддзю праз адсутнасць адпаведнай утылізацыі».


Арганізатарамі імпрэзы, прысвечанай «Гадзіне Зямлі», у Гродне сталі «Студыя карысных кампетэнцый» і «Зялёная сетка».