Трэцяе падарожжа Hrodna.life — гэта 10 вёсак і гарадоў з вядомымі і невядомымі цікавосткамі гісторыі. Выехаўшы з Гродна раніцай можна пабачыць велічныя сядзібы і паркі ў Падароску і Красках, драўлянае дойлідства ў Багудзенках, даўні бровар у Вердамічах і адзіную сінагогу з бутавага каменю ў Поразаве. Алея герояў, дзе Сталін суседнічае з Траўгутам і Каліноўскім, таксама ўваходзіць у гэты маршрут. Мы праехалі яго за 12 гадзін, каб на ўласныя вочы пабачыць, як #ЖывесабеБеларусь.
Пра першыя 4 пункты падарожжа мы напісалі ў першай частцы. У гэтым артыкуле — кропкі 5−10.
Гістарычная даведка. Царква Святой Ганны стаіць у полі паміж Харашэвічамі і Задваранамі. Яе пабудаваў на ўласныя сродкі памешчык Якім Булгарын ў 70-х гадах XVIII стагоддзя. Спачатку храм быў уніяцкім, а потым стаў праваслаўным. Царква перажыла тры пажары. Больш за ўсё разбурылася падчас апошняга, у 1972 годзе. У ходзе аднаўлення пасля пажару выявілі абрушаны стары тунэль пад зямлёй. Ён вёў да Лыскава і меў даўжыню каля 10 кіламетраў.
У храме знаходзіцца цудадзейны абраз святой Ганны з дачкой Марыяй на руках. Святую Ганну лічаць апякункай сем’яў, што не могуць займець дзяцей. Для іх штогод 7 жніўня тут ладзяць адмысловае набажэнства.
Гістарычная даведка. Сядзіба ў вёсцы Краскі ад 1796 года належала роду Сухадольскіх. У 1836 годзе яе набылі Булгарыны, а ў 1914 — Сегені. Гэта сям’я валодала маёнткам да 1939 года. Сядзіба складаецца са старога драўлянага тынкаванага будынка часоў Булгарына і каменнай прыбудаванай часткі, якую ў 1905 году дадалі Сегені. У савецкі час тут размяшчаўся санаторый для хворых на сухоты, а пазней — лячэбна-працоўны прафілакторый. Пасля развалу СССР будынак пуставаў і разбураўся. У 2009 годзе сядзібу купіў з аўкцыёна расійскі бізнесмэн Вадзім Селіх. Цяпер у будынку вядзецца рэканструкцыя і рэстаўрацыя. Доступ туды абмежаваны.
«Не пускаюць туды. Шкада. Хай бы людзі глядзелі», — спачувае нам мясцовы мінак.
На гэтым расповед пра трэцяе падарожжа Hrodna.life мог бы скончыцца. Мы выпадкова закрылі дзверы машыны, пакінуўшы ключы ўсярэдзіне. Інтэрнэт у Красках амаль не ловіць. Дазваніцца да горада — праблема. Так бы мы і стаялі да сканчэння батарэяў на тэлефонах. Нас чакала рамантычная ноч у Красках, пад закрытымі варотамі сядзібы, каля замкнёнай машыны. Але тут падыйшоў да нас мясцовы мужчына. Ад роспачы мы нават імя ў яго забыліся запытаць і між сабой пасля называлі яго Дзед. Паслухаўшы пра нашу бяду, ён сказаў: «Ёсць у нашай вёсцы адзін „кулібін“ - Паша. Калі хто вам дапаможа, то адно ён».
Праз некалькі хвілін вярнуліся ўжо ўдвох. Паша ацаніў сітуацыю, пастукаў нагой па колу і спакойна сказаў, што адкрыць нашу машыну — справа трох хвілін. Пашаптаў Дзеду, той пайшоў і вярнуўся з кавалкам вяроўкі. Яшчэ некалькі хвілін Пашавай варажбы над дзвярыма і - вуаля — машына адкрыта.
Праз слёзы радасці ад вызвалення мы пачалі распытваць героя — адкуль такое майстэрства.
«Я з 7-і гадоў раблю машыны, — адказаў проста Паша. — Мне было 8, як дзядзька купіў сабе Жыгулі тройку. Паехаў ён у суседнюю вёску да цесця, пасля прыйшоў да нас ды кажа: „Нешта стукае пярэдняя падвеска“. Пайшлі мы з ім, павярнулі жыгулі на бок і я разабраў увесь перад. Прыйшла цётка. Паглядзела і кажа: „То што, у Ваўкавыск заўтра не паедзем?“ Кажу — чаму? За гадзіну ўсё абратна сабраў».
Былі ў Пашы і гісторыі з дзвярыма, калі братава жонка таксама выпадкова закрыла ключы ў машыне, ды яшчэ шмат розных гісторый, пасля якіх ён пайшоў вучыцца і стаў аўтаслесарам ужо з дыпломам.
Мы ехалі далей і ўсю дарогу размаўлялі пра Пашаў талент. Уяўлялася, што ён мог бы стаць гангстарам-угоншчыкам у якім Чыкага, але стаў ратавальнікам для сваёй вёскі Краскі. Дзед казаў, што Пашу ў Красках усе ведаюць і звяртаюцца з самых розных нагодаў. На ўсе запыты ў Пашы -«кулібіна», насамрэч — Янкоўскага, ёсць рашэнні.
А ў нас, дзякуючы Пашу, ёсць працяг падарожжа.
Некалі Падароск быў знакамітым мястэчкам і меў магдэбургскае права. Тут у 1802 году нарадзіўся каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, філосаф, археолаг, першы даследнік старажытнага Вавілону і заснавальнік першай у Ліване вышэйшай навучальнай установы Максіміліян Станіслаў Рыла.
Гістарычная даведка. Траецкую царкву пабудавалі ў Падароску ў 1776 годзе на месцы старой драўлянай царквы 1634 года. Раней храм быў уніяцкім, потым праваслаўным, а ў 1925 годзе яго перадалі каталікам. Верагодна, менавіта тут ахрысцілі Масіміліяна Станіслава Рылу. У 1939 годзе касцёл зачынілі. Пасля вайны храм выкарыстоўвалі як збожжасховішча, а пазней як склад мінеральных угнаенняў. У 1990 годзе храм перадалі праваслаўным. А пад касцёл у 1993 годзе перабудавалі былы клуб пажарнай службы.
Гістарычная даведка. Сядзібу ў Падароску пабудаваў ў сярэдзіне XVI стагоддзя літоўскі магнат і дзеяч ВКЛ Мацвей Клачко. Ад таго часу маёнтак змяніў шмат гаспадароў. Ім валодалі Дольскія, Грабоўскія, Пухальскія, Чачоты і Бохвіцы. У ХІХ ст. Раман Бохвіц перабудаваў сядзібу ў стылі позняга класіцызму. Апошняга гаспадара сядзібы, Ота Бохвіца, у 1939 растралялі бальшавікі. За савецкім часам у сядзібе была кантора мясцовага калгаса. У 2012 годзе маёнтак набыў з аўкцыёна расійскі прадпрымальнік беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Цяпер у сядзібе вядзецца рэканструкцыя. Тут будзе музей беларускай шляхты і гатэль.
У XVI стагоддзі вёска называлася Петуховічы ці Петухова. Новую назву ёй даў саксонец і ваявода ВКЛ Ян Флемінг. Ён уладарыў мястэчкам у другой палове XVIІІ стагоддзя і перайменаваў вёску ў Ізабелін у гонар дачкі Ізабэлы. Таксама ён запрасіў у мястэчка нямецкіх майстроў, каб развіваць прамысловасць. На пачатку XІX стагоддзя тут была ткацкая фабрыка, дзе яны працавалі.
Гістарычная даведка. Царкву Святога Міхаіла Арханёла ў Ізабеліне пабудавалі ўніяты ў канцы XVIII стагоддзя. У 1863 годзе ў званіцу ўдарыла маланка і храм сур’ёзна пацярпеў ад пажару. Пасля рамонту яго зрабілі праваслаўным. З тых часоў царква абнаўлялася ў 1924 годзе.
Гістарычная даведка. Першы касцёл у Ізабеліне пабудавалі ў XVII стагоддзі, калі мястэчка належала Сапегам, але ён да нашых дзён не захаваўся. Сучасны касцёл Святых Пятра і Паўла пабудаваў граф Грабоўскі ў 1778 годзе як кальвінскі збор. У 1935 годзе збор перадалі католікам. У савецкія часы ў касцёле зрабілі склад, а ў 80-х гадах мясцовыя атэісты падпалілі храм. 10 гадоў касцёл стаяў разбураным. У 1990-х гадах храм вярнулі вернікам і адрэстаўравалі.
Гістарычная даведка. Благавешчанскі касцёл у Міжэрычах. Першы драўляны касцёл у Міжэрычах пабудавалі ў 1622 годзе. У 1891 годзе яго зачынілі. У 1907 году пабудавалі новы неагатычны храм з цэглы. У гэты час на тутэйшых землях паўстала шмат храмаў у стылі неаготыкі. Нагодаю стаў указ цара аб рэлігійнай талерантнасці. Пасля 40 гадоў забароны католікі атрымалі шанец на свае храмы і скарысталі яго напоўніцу. У 1946 годзе храм зачынілі і зрабілі ў ім гандлёвую лаўку. Толькі ў 1989 годзе касцёл вярнулі вернікам і адбудавалі нанова. У касцёле захоўваецца абраз Маці Божай Міжэрыцкай, напісаны ў першай палове XVIII стагоддзя
Гістарычная даведка. У 1614 годзе за грошы Льва Сапегі ў Зэльве пабудавалі першы каменны храм, але ён не захаваўся. У 1743 годзе Антоні Сапега прафінансаваў будаўніцтва новага касцёла. У першай сусветнай ён быў разбураны. На гэтым месцы ў 1913 годзе ўзвялі касцёл Найсвяцейшага Сёмухі па праекце Юзэфа Піўса Дэконскага. У 1950 годзе з касцёла зрабілі краму, а ў 1960-х збожжасховішча. Вярнулі храм вернікам толькі ў 1989 годзе.
У 1815 годзе ў Зэльве на сродкі Сапегаў пабудавалі ўніяцкі храм на месцы старой праваслаўнай драўлянай царквы. У пачатку ХХ стагоддзя храм перабудавалі, і ў 1910 годзе перадалі праваслаўным.
Каля царквы Святой Жываначальнай Тройцы знаходзіцца арка, на якую падвешаны звон з 1888 года. Ён важыць 400 кілаграмаў.
Побач з Траецкай царквой пахавана беларуская паэтка і пісьменніца Ларыса Геніюш і яе муж. Зэльва была родным горадам яе мужа. Пара вярнулася сюды пасля папраўча-працоўных лагераў. Ўсе свае гады жыцця ў Зэльве Геніюш адмаўляліся прыняць грамадзянства СССР. Жыццё сям'і праходзіла пад наглядам КДБ.
Скульптуру каня на плошчы паставілі ў 2008 годзе. Гэта сімвал Зэльвы, бо тут ад 1720 года праходзілі штогадовыя кірмашы па продажы коней у гонар Святой Ганны. З 2001 года традыцыю аднавілі. Звычайна Ганненскі кірмаш праводзяць у Зэльве напрыканцы жніўня.
Зэльва — апошняя кропка ў трэцім падарожжы Hrodna.life. Засталося вярнуцца дадому и планаваць новыя маршруты па Гарадзеншчыне.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…