Трэцяе падарожжа Hrodna.life — гэта 10 вёсак і гарадоў з вядомымі і невядомымі цікавосткамі гісторыі. Выехаўшы з Гродна раніцай можна пабачыць велічныя сядзібы і паркі ў Падароску і Красках, драўлянае дойлідства ў Багудзенках, даўні бровар у Вердамічах і адзіную сінагогу з бутавага каменю ў Поразаве. Алея герояў, дзе Сталін суседнічае з Траўгутам і Каліноўскім, таксама ўваходзіць у гэты маршрут. Мы праехалі яго за 12 гадзін, каб на ўласныя вочы пабачыць, як #ЖывесабеБеларусь.
Свіслач, дзе гімназія стала бальніцай, а Сталін суседнічае з Каліноўскім
Першы прыпынак падарожжа — у Свіслачы. На цэнтральнай плошчы горада — чатырохгранны белы слуп з шарам і шпілем. Такі слуп у XVIII стагоддзі ўсталяваў Вінцэнт Тышкевіч, тагачасны ўласнік мястэчка. Па легендзе, калі ў 1939 годзе слуп узарвалі, знайшлі капсулу з пасланнем: «Пакуль будзе стаяць гэты слуп, будзе квітнець горад». Аднавілі абеліск праз 80 гадоў.
Праваруч ад плошчы — «алея герояў». Яе адкрывае помнік воінам і партызанам, што загінулі ў Другой сусветнай.
За ім — манументы Сталіна і Леніна, помнік кіраўніку паўстання 1864−64 гадоў Рамуальду Траўгуту, помнік салдатам, што загінулі ў Афганістане.
Алея выводзіць акурат да гарадской бальніцы, дзе раней была губернская гімназія.
Гістарычная даведка. Гімназію ў Свіслачы адкрылі ў 1805 годзе на сродкі графа Тышкевіча. Яна праіснавала да 1845 года. Тут вучыліся арганізатары і ўдзельнікі паўстання 1830−31 гадоў - Рэйнальд Сухадольскі, Лявон Зянковіч, а таксама адзін з кіраўнікоў паўстання 1863−64 гадоў Кастусь Каліноўскі. Выпускнікамі Свіслачскай гімназіі былі таксама мастак Напалеон Орда, кіраўнік паўстання Рамуальд Траўгут, арганізатар патрыятычнага таварыства гімназіі Віктар Гельтман.
Помнік Кастусю Каліноўскаму аўтарства Заіра Азгура стаіць на галоўнай вуліцы горада, каля мастацкай школы.
Адным з выкладчыкаў гімназіі быў паэт, фалькларыст і этнограф Ян Чачот. Ён выкладаў у Свіслачы гісторыю і геаграфію.
У гімназіі дзейнічалі тры таемныя таварыствы вучняў - філаматы, філарэты, а таксама «Заране». Фiлaмaты — aмaтapы нaвyк, i фiлapэты — aмaтapы дaбpaчыннacцi, меліся зацікавіць да самаадукацыі ды пaдpыxтaвaць моладзь да гpaмaдcкaй i пaтpыятычнaй дзeйнacці. «Заране» таксама сумяшчалі культурна-асветніцкую дзейнасць з палітычнай.
Пасля паўстання Каліноўскага гімназію за ўдзел у ім панізілі ў статусе да прагімназіі. Пасля тут былі прыходскае вучылішча, прыватны дзявочы пансіён Арлоўскай, сельскае прыходскае вучылішча для дзяржаўных сялян і яўрэйскія рэлігійныя пачатковыя школы — хедары. У савецкі час будынак аддалі пад медыцыну.
«Была гімназія, а зараз бальніца, — кажа Станіслаў Блыш, стораж. - Шмат вядомых людзей тут вучыліся».
Падрабязнасці ён раіць «паглядзець у інтэрнэце», бо сам добра не ведае. З цікавостак райцэнтра раіць наведаць парк: «Там ціпа фундамент здзелалі, дзе была сядзіба». Яшчэ Станіслаў узгадаў, што яўрэйскіх могілак больш няма — на іх месцы стаяць дамы, а пра сінагогу ён нават не чуў: «Якая сінагога? Дзе вы відзелі? Я гэта ўпусціў, не знаю».
Сінагога канца XIX — пачатку XX стагоддзя знайшлася ў выглядзе Сектара па працы з дзецьмі і моладдзю. Зараз яе цяжка пазнаць.
Гістарычная даведка. Будынак сінагогі адзначыўся ў гісторыі Свіслачы і ў канцы вайны. На ім 17 ліпеня 1944 года савецкія салдаты ўзнялі сцяг перамогі ў гонар вызвалення Свіслачы.
Парк і сядзіба графа Тышкевіча
Французскі парк у Свіслачы заклаў прускі землеўладальнік Крышпін Кіршэштэйн ў XVII стагоддзі. Тады ён быў уладальнікам Свіслачы. Але еўрапейскую славу горад атрымаў ад 1778 года, у часы графа Вінцэнта Тышкевіча, сенатара ВКЛ.
Гістарычная даведка. Пры Тышкевічу мястэчка разбудавалася. Граф атрымаў ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага права на правядзенне ў Свіслачы пастаянных кірмашоў. Вінцэнт Тышкевіч памёр у 1816 годзе. Сядзібны дом перайшоў да яго пляменніка, Тадэвуша Тышкевіча. Пазней сядзібу канфіскавалі праз удзел яго ў паўстанні 1830−1831 гадоў і перадалі расійскаму памешчыку Фон Пельцу. Дом згарэў у 1910. Ацалеў толькі падмурак.
Яшчэ адзін гістарычны будынак у Свіслачы — Царква Узвышэння Святога Крыжа на гарадскіх могілках. Пабудавалі яе ў XIX стагоддзі. Царква моцна пацярпела падчас вайны. Яе аднавілі ў 1997 годзе.
Недзе побач з царквой пахаваны брат Канстанціна Каліноўскага — Віктар Каліноўскі. Дакладнае месца пахавання невядомае, а магіла ля царквы — сімвалічная. Эксгумацыя і ДНК-экспертыза паказалі, што там пахаваная невядомая асоба.
2. Вердамічы: бровар у парку, дзе да гэтага часу шукаюць скарб Талочкаў
На пад’ездзе да вёскі нельга абмінуць вытанчаную капліцу.
Гэта адзіная пабудова, што засталася ад сядзібы Талочкаў. Пабачыць яе цалкам можна толькі на малюнку Напалеона Орды.
Гістарычная даведка. Юльян Талочка набыў Вердамічы ў 1817 годзе. Ён заклаў тут парк і ў 1830 годзе пабудаваў сядзібу. Месца стала радавым гняздом для некалькіх пакаленняў яго нашчадкаў. Дом шмат разоў перабудоўваўся і ў выніку ператварыўся ў сапраўдны палац на 99 пакояў. Інтэр'ерамі будынка займаўся архітэктар Чаевіч з Варшавы. Апошнім уласнікам сядзібы быў праўнук Юліяна, Станіслаў. Палац згарэў у 1915 годзе і больш не аднаўляўся. Да нашага часу захаваліся капліца-пахавальня і гаспадарчых пабудовы — бровар, свіран, кузня, флігель, стайня і лядоўня.
Знайсці былую сядзібу няпроста. Парк ператварыўся амаль у лес, а дарога зарасла травою. Дапамог у пошуках жыхар вёскі Тадэвуш Касінскі.
«Вось тут быў калісці бровар. Працаваў яшчэ да 1997-га. Спірт тут рабілі. А як пачалася барацьба за цвярозасць, закрылі. То ён стаяў-стаяў ды разваліўся. Адно сцены засталіся».
Тадэвуш расказаў, што за савецкім часам будынкі яшчэ доўга выкарыстоўваліся: «Тут варка была, тут склады, там зернясховішчы, саладоўня, там клуб быў. Усе яшчэ панскае. А з другога боку кароўнік быў і стайні. Сажалкі былі прыгожыя і парк. Яго неяк раней чысцілі, а потым грошай хіба не хапіла, закрылі. Зарасла ўсё. Нічога не засталося. Адно што шыльду павесілі „каштоўнасць“. А што тут за каштоўнасць ужо? Разабралі, каму не ляніва было. Паставілі [знак], што праезд забаронены і ўся работа».
Другі мясцовы, вайсковы пенсіянер Юрый Адашчык, расказаў пра дамы каля былога панскага бровара:
«Дамы тыя „чваракі“ называлі. Вы ж беларусы, разумееце. Чваракі - значыць на 4 кватэры. Жылі там людзі, што ў Талочкі на бровары і сядзібе працавалі».
Па словах Юрыя, у міжваенны час на каменных дамах дабудавалі другі паверх з цэглы і выкарыстоўвалі пад жыллё. Зараз яны стаяць закінутыя. Яшчэ адна цікавостка ад Юрыя — расповед пра таямніцу парка:
«Пана Талочкі сын ці ўнук прыяўджаў сюды пару гадоў таму. Бо тут недзе ёсць скарб. Шукалі яны па старым плане парка, па нумарах дрэваў. Але тыя дрэвы ці спіленыя даўно, ці ветрам паваленыя. Так нічога і не знайшлі. Абе скарб ёсць. Людзі шукаюць».
3. Поразава — амаль Мінск. З уласнай пячаткай і магдэбургскім правам
Паводле адной з легендаў, вёску назвалі Поразава ад вяровак — паўрозаў. Нібыта, такімі вяроўкамі мясцовыя жыхары выцягнулі з гразі каля ракі карэту князёўны. З часам паўрозы перайначыліся ў Поразава і засталіся ў назве.
Казкі казкамі, але рэальная гісторыя Поразава здзіўляе не менш. Магдэбургскае права мястэчка атрымала ў 1523 годзе, а герб з вобразам Найсвяцейшай Панны Марыі - ў 1616-м. Пасля Мінска Поразава стала другім месцам у Беларусі, якое атрымала права на ўласную пячатку.
«Яшчэ ў 80-х тут было 12 магазінаў, — расказвае Святлана. — Прыязджалі сюды на закупы з вёскі. У тым, што зараз знеслі, я некалі магнітафон купляла за дэкрэтныя грошы».
Зараз Святлана з Генадзем і сабакам Тузікам прыязджаюць сюды «з горада», то бок, са Свіслачы. Тут у іх лецішча ў бацькоўскай хаце. З сучасных цікавостак паказваюць на касцёл і плябанію, узгадваюць царкву і сінагогу, а яшчэ вельмі раяць наведаць сядзібу ў Багудзенках.
Гістарычная даведка. Касцёл Святога Міхаіла Архангела пабудаваны ў Поразаве ў 1828 году дзякуючы Міхаілу Грабавецкаму. Зроблены з цэглы і бутавага каменю. Над уваходнай брамай размяшчаецца звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749 годзе. У 1867 годзе храм закрывалі на некалькі гадоў з-за ўдзелу мясцовых жыхароў у паўстанні 1863 года. У розныя часы пры храме працавалі шпіталь і прытулак для беднякоў ды падарожных.
Недалёка ад касцёла знаходзіцца закінутая старая плябанія, пабудаваная ў 1907 годзе.
Гістарычная даведка. Траецкую царкву ў Поразаве пабудавалі ў 1872 годзе. Помнік архітэктуры рэтраспектыўнага стылю.
Гістарычная даведка. Сінагога ў Поразаве пабудавана ў канцы ХІХ стагоддзя. Падчас Другой сусветнай вайны мясцовую яўрэйскую грамаду знішчылі, а будынак сінагогі пацярпеў ад пажару. Па вайне яе аднавілі і зачынілі. Да апошняга часу выкарыстоўвалася ў гаспадарчых мэтах мясцовым райпо. Ёсць верагоднасць, што гэта адзіная ў Беларусі сінагога з бутавага каменю, што захавалася да нашых дзён.
Летась сінагогу выстаўлялі на аўкцыён як «склад» за 6 тысяч долараў. Але ахвотных набыць не знайшлося.
Сядзіба Багудзенкі - маёнтак і закапантскім стылі і водар 200-гадовых ліпаў
Гістарычная даведка. Сядзібу пабудавалі ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Гэта дом у рэдкім для Беларусі закапанскім стылі належаў роду Бутаўт-Анджэйковічаў. Плошча дома — каля 500 квадратных метраў. Гаспадар маёнтка, Тадэвуш, быў адным з найбагацейшых памешчыкаў Гродзеншчыны. Ён адным з першых набыў аўтамабіль і, кажуць, аднойчы ездзіў на ім абедаць у Варшаву. У 1937 мясцовыя жыхары выкупілі ў яго сядзібу, каб зрабіць бальніцу. Але вайна і саветызацыя ўсё змянілі. Бальніцу, але ўжо дзяржаўную, тут адкрылі пасля вайны. Яна працавала да 2002 года. Сядзіба Багудзенкі прызнана помнікам драўлянага дойлідства з элементамі барока і класіцызму. У 2014 годзе маёнтак выкупіў прыватны інвестар, але нічога не зрабіў. Зараз маёнтак зноў прадаецца.
У назве сядзібы выразна чуваць падзяка да Бога «Bogu dzieki!», а мясцовыя легенды расказваюць, што паходзіць яна ад самых Адама і Евы. Нібыта прыйшлі яны, выгнаныя з раю, на гэты пагорак, азірнуліся і сказалі: «Богу дзенкі, што адсюль відаць Поразава!»
4. Лыскава: адзіная ў Беларусі царква, фрэскі на руінах касцёла і магіла паэта
У пошуках гістарычных цікавостак мы перасяклі мяжу Гродзенскай вобласці, каб пабачыць Траецкі касцёл у Лыскаве Брэсцкай вобласці. Побач з касцёлам месціцца і былы кляштар місіянераў, а таксама магіла паэта Францішка Карпінскага.
Гістарычная даведка. Манахі-місіянеры пабудавалі касцёл у Лыскаве ў 1785 годзе. Пры кляштары яны адкрылі школу і шпіталь. Верагодна, у будаўніцтве касцёла браў удзел архітэктар Ёган Самуэль Бекер, аўтар праекта Ружанскага палац. У 1818 годзе да храма прыбудавалі вежу. Манахі заставаліся ў Лыскаве да 1842 года. У 1866 годзе касцёл перайшоў да праваслаўнай царквы і быў перабудаваны. У 1880 храм загарэўся ад маланкі. Рэстаўрацыю пасля пажару праводзіў архітэктар Залатароў. У 1921 храм вярнулі католікам. За савецкім часам касцёл зачынілі. Усё абсталяванне храма перанеслі ў Ружанскі касцёл. Да нашых дзён захаваліся руіны храма. На некаторых унутраных сценах засталіся фрэскі.
Кляштар насупраць касцёла пабудавалі ў XVIII стагоддзі. За савецкім часам там была бальніца. Зараз месціцца амбулаторыя.
Гістарычная даведка. Магіла паэта і драматурга Францішка Карпінскага каля Траецкага касцёла. Апошнія гады жыцця ён правёў недалёка ад Лыскава. У 1793 году прысутнічаў на апошнім сойме Рэчы Паспалітай. Карпінскі стаў вядомы праз лірычныя вершы і рэлігійныя песні, якія да гэтага часу выконваюць ў каталіцкіх храмах. Мемуары Карпінскага «Гісторыя майго краю і людзей, з каторымі я жыў» сталі папулярнаю кнігай. Імя Карпінскага насіла школа ў Лыскаве.
Гістарычная даведка. Царква Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Лыскаве пабудавана ў 1930−1933 гадах з дрэва на ахвяраванні мясцовых жыхароў. У стылістыцы пабудовы ёсць уплыў архітэктуры Закарпацця і мадэрну. Такая царква ў беларусі адзіная. Яе адметная рэліквія — ікона «Маці Божая Адзігітрыя» XVIII стагоддзя.
Здымак са старонкі Vedaj.by
Лыскава — самы аддалены пункт нашага падарожжа. Пасля яго мы разварочваемся і вяртаемся ў Гродна. Але па дарозе нас чакаюць яшчэ чатыры кропкі. Пра іх — у другой частцы гэтага падарожжа.