Сядзіба Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску магла б застацца адной з руін, якіх шмат у Беларусі. Некалі тут была музычная школа і ўпраўленне калгаса, а потым яе беспаспяхова прадавалі з аўкцыёну. У 2013 годзе яе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Турыстычны комплекс, адкрыццё якога ўсё бліжэй, можа прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання. Сядзіба на беразе сажалкі бярэ гісторыю з пачатку 16 стагоддзя. Цягам вякоў тут змяняліся гаспадары: Клочкі, Дольскія, аж у канцы 19 стагоддзя сядзіба перайшла да фаміліі Бохвіцаў - выхадцаў з Польшчы. Яны тут жылі да 1939 года, пакуль Чырвоная Армія не арыштавала апошняга гаспадара маёнтка — Отана Бохвіца. Дзе ён загінуў - невядома. Магчыма, у Гродне, Ваўкавыску, або ў мінскіх Курапатах. Пасля вайны тут была музычная школа. У 70-х — упраўленне калгаса. У канцы 80-х сядзіба ўжо стаяла пустой, яе разрабавалі. Толькі ў 2010-х пачаліся спробы продажу. Новы гаспадар з’явіўся ў 2013 годзе.
«Бязглузда адкрываць музей, калі людзям няма дзе папіць гарбаты»
Павел узгадвае, як даведаўся пра сядзібу: прачытаў артыкул у яшчэ папяровай «Нашай Ніве». Сядзіба яму адразу спадабалася. Ён прыехаў, паглядзець і на наступным аукцыёне купіў. Аднаўленне ідзе шосты год. Працы ішлі марудна, бо не было дакументаў, інжынерных схемаў, планаў. Два гады сышлі на распрацоўку тэхдакументацыі і ўзгаднення праекта ў Мінкульце.
«Нічога няма? Так усё ў зямлі!»
Дырэктар праекта Андрэй Колас працуе на месцы. Кажа, што яго праца творчая: прыдумваеш адзін дзень, а робіш два месяцы. Але гэты адзін дзень дае сілы. Зараз ён кантралюе будаўніцтва і займаецца распрацоўкай кампазіцыі. Працы ідуць трошкі павольна з-за недахопу досведу ў каманды і камунікацыі з дзяржавай. Андрэй кажа, лепш зрабіць не так хутка, але якасна.

«Сінагога ў нас там ёсць… Купіце!»
— Гэты праект як ланцужок — усё чапляецца адно за адно, — расказваюць гаспадары. — Мы купілі маёнтак, сталі працаваць. Але ж людзі прыязджаюць — трэба прымаць. Зрабілі аграсядзібу. Сталі прыходзіць улады мясцовыя: «Ну вось сінагога ў нас там ёсць… Райспажыўсаюза. Купіце незадорага». Купілі. Сінагога сапраўды каштоўная — канца 18 стагоддзя. Знаходзіцца ў суседняй вёсцы Ізабелін. Падчас падрыхтоўкі Дажынак яе маглі зруйнаваць. Цяпер уладальнікі шукаюць для стварэння праекта партнёраў, якім цікава яўрэйская спадчына. Таксама ў іх з’явіўся бровар каля Нізянаў - адна з 14 манафактур, якія тут былі ў 19 стагоддзі. Яго закансервавалі і чакаюць ідэй і партнёраў.
«Вярнуць мястэчку карані». Як валанцёры аднаўляюць старыя іудзейскія і лютэранскія могілкі
«Усе хочуць працаваць прыбіральшчыкамі»
У камандзе пакуль пяць чалавек. У верасні іх стане 15. А калі ўсё запрацуе напоўніцу, будзе працаваць 60. Уладальнікі супраць аддаленай працы і кажуць, што ім патрэбны спецыялісты на месцы. Праца знойдзецца, кажуць яны. — Мясцовыя прыходзяць ледзь не кожны тыдзень. Усе хочуць вартаваць. Я кажу: «Вартаўнікі не патрэбныя» — «То тады прыбіральшчыкам». Ніхто не хоча быць турагентам, экскурсаводам, прадаваць гамбургеры, — кажа Андрэй. Ён разумее, што спецыяліста цяжка прыцягнуць у вёску. «Трэба плаціць зарплату большую, чым у горадзе, разы ў паўтары. Ці забяспечваць транспартам, бо Падароск — мяжа двух абласцей, Гродна і Брэст роўнааддалены. Ніхто не паедзе працаваць за 400 рублёў». Гаспадары супрацоўнічаюць са школай і далучаюць навучэнцаў да праекта. Андрэй яшчэ выкладае ў Ваўкавыскім каледжы маркетынг, менеджмент і эканоміку для студэнтаў. Там ён таксама прыгледжвае кадры. Студэнты будуць турагентамі, прадаўцамі, афіцыянтамі, бармэнамі. Пры тым Андрэй хоча іх зацікавіць, каб пасля адпрацоўкі яны не ўцяклі ў горад. Яму самаму падабаецца вясковае жыццё. — Я жыву тры гады ў Падароску і проста шчаслівы! Як мае сябры жывуць у Гродне, у Мінску: дом-праца. А ў мяне дом-праца-грыбы, дом-праца-рыбалка. Можна жыць і на хутары, абы быў добры інтэрнэт, — кажа Андрэй. Пры тым жыццё тут таннейшае. Калі прадаць кватэру ў Мінску ці Гродне, можна пад’езд сабе купіць у Падароску, жартуе Андрэй. Таму налятайце: шукаюць турагентаў, экскурсаводаў, прадаўцоў, повараў, персанал ад пакаёўкі да загадчыцы гасцініцы. — Гэта, канешне, будзе дадатковая кропка прыцягнення для людзей, гэта ажывіць сам Падароск і навакольныя нейкія месцы. Будуць прыязджаць турысты. Будуць зарабляць людзі, не толькі мы. Павысіцца актыўнасць мясцовых людзей і, можа быць, Падароск пазбегне такога лёсу, каб проста знікнуць, як знікае шмат мястэчак. Спадзяемся, што гэта будзе цікавае месца, — кажа Павел.
Геній месца
Павел Падкарытаў нарадзіўся на Урале у Екацерынбургу. Але бабуля яго з Віцебскай вобласці. Яна вышла замуж і пераехала на Урал. У Беларусь ён прыехаў толькі ў 2010 годзе. Вывучыў беларускую мову — кажа, нескладана. Фінансаваў культурніцкія і не толькі праекты. Сядзіба — адзін такі праект, яшчэ нейкую пацягнуць нерэальна. — Тут адчуваецца геній месца. Тут вельмі ўдала ўсё спалучылася. Шмат сядзібаў, якія ёсць у Беларусі, у горшым стане. Тут захаваўся і сам палац у тым выглядзе, у якім быў. Парк не знішчылі, агароджа засталася гістарычная. Тэрыторыя сядзібы захавалася такой, як была. Можна аўтэнтычна паказаць гэтае месца, — тлумачыць Павел, чаму выбраў менавіта Падароск.