Гродзенскія арыенціроўшчыкі падзяліліся. Частка з іх заклікае байкатаваць спаборніцтвы і трэніроўкі клуба “Кронан” і яго кіраўніка Эдварда Ародзя. Прычынай называюць скаргі на гарадскі цэнтр турызму і аднаго са спартсменам іншага клуба. У сакавіку 2022 года хтосьці адправіў іх у падатковую, следчы камітэт, КДБ і пракуратуру. Спартсмены вырашылі, што пішуць іх з “Кронана”. Там жа адпрэчваюць абвінавачванні і рыхтуюць пазоў у суд.

На сайце obelarus.net (“Арыентаванне ў Беларусі”) 26 сакавіка з’явіўся адкрыты зварот гродзенскіх арыентыроўшчыкаў. У ім яны заклікалі байкатаваць спаборніцтвы і трэніроўкі, якія праводзіць клуб «Кронан» і яго кіраўнік і старшыня Гродзенскай абласной федэрацыі арыентавання (ГрАФА) Эдвард Ародзь.

Абноўлена: пасля публікацыі гэтага тэксту публічны доступ да “Гасцёўні” сайта, дзе быў размешчаны зварот, закрылі.

Аўтары звароту прапанавалі не супрацоўнічаць з клубам “Кронан” і з Эдвардам Ародзем, падзякаваць трэнерам і арганізатарам, якія “працягваюць дзейнасць нягледзячы на ціск” і ініцыяваць “адкрытыя і сумленныя выбары старшыні ГрАФА на новы тэрмін”. На момант публікацыі гэтага матэрыялу зварот падпісаў 41 чалавек.

Што было ў ананімках і чаму прэтэнзіі менавіта да Ародя?

Скарга, якая стала прычынай канфлікту, была падпісаная выдуманым прозвішчам. Быццам бы гэта бацька аднаго з дзяцей, якія займаюцца арыентаваннем у клубе “Верас” пры Гродзенскім абласным цэнтры турызму і краязнаўства. У лісце было сказана, што дзяцей прымушаюць хадзіць на платныя трэніроўкі, якія праводзіць ІП Крапіўка, у кіраўніка гуртка няма педагагічнай адукацыі, у Крапіўкі «падпольная друкарня», яго жонка мае замежнае грамадзянства і «ўцякла» за мяжу, а ў самым цэнтры турызму «разброд і хістанне» [прыводзім змест паводле цытатаў са звароту – заўв. Hrodna.life]. Зыходзячы з тэксту ліста і наяўнасці ў ім пэўнай інфармацыі, аўтары звароту вырашылі, што ананімку напісаў Эвард Ародзь ці хто-небудзь з яго каманды.

“У лісце выкладзеныя недакладныя факты, таму ён не ўяўляе юрыдычнай небяспекі нашым калегам, але сам факт выклікаў у падатковую інспекцыю і пракуратуру Крапіўкі Дзмітрыя, кіраўнікоў і трэнераў Цэнтра турызму, бацькоў выхаванцаў гурткоў прымушаюць людзей адчуваць трывогу і прыніжэнне”, – пішуць аўтары.

Яны лічаць, што за два гады Ародзь “сваімі дзеяннямі і бяздзейнасцю нанёс шкоду гродзенскаму арыентаванню і яго актывістам”. Сярод іншага яго абвінавачваюць у скаргах на дзіцячых трэнераў і гарадскія трэніроўкі ад незалежных спартсменаў, пагрозах трэнерам і арганізатарам спаборніцтваў і абмежаванні доступу да спартыўных карт і да электроннай адзнакі, набытых за гарадскія або грамадскія сродкі. Адна са спартсменак-падпісантак звароту пацвердзіла Hrodna.life, што Эдвард Ародзь ёй пагражаў. Праўда, дзяўчына не ўдакладніла сутнасць пагрозаў.

Канфлікт не новы

Абодва гродзенскія клубы спартыўнага арыентавання – “Верас” і “Кронан” – уваходзяць у Беларускую федэрацыю арыентавання (БФА). БФА была створана ў 1991 годзе. З 1992 года з’яўляецца поўнапраўным сябрам Міжнароднай федэрацыі арыентавання (IOF). 

Канфлікт у гродзенскім арыентаванні цягнецца даўно, а з 2019 года стаў маштабным, распавёў Hrodna.life адзін з гродзенскіх спартсменаў-арыентыроўшчыкаў, якія падпісалі зварот на obelarus.net. Паводле яго слоў, у клуб “Верас” сышлі людзі, у якіх дзейнасць Эдварда Ародзя “выклікала пытанні”. Амаль адразу, як клуб быў створаны наноў у 2020 годзе, ён стаў досыць паспяховым на спаборніцтвах. Гэтыя поспехі выстаўляюць клуб “Кронан”, які шмат гадоў прадстаўляў арыентаванне ў вобласці, у не надта добрым святле, мяркуе спартовец. Акрамя таго, некаторыя сябры клуба спрабавалі шкодзіць: забаранялі карыстацца раней распрацаванымі картамі, не падтрымлівалі спаборніцтвы, арганізаваныя “Верасам”. Напрыклад, у 2021 годзе менш чым за тыдзень перад Чэмпіянатам Гродзенскай вобласці на доўгай дыстанцыі, які падрыхтаваў клуб “Верас”, арганізатарам сказалі, што дазволу на правядзенне няма. 

Зараз у складзе “Вераса” 51 чалавек. Гэта дарослыя спартсмены і навучэнцы Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства. Старшыня клуба, Ганна Баўшэвіч, адмовілася хоць неяк каментаваць Hrodna.life сітуацыю з даносамі.

Раней працавалі разам

Зміцер Крапіўка, пра які таксама ішла гаворка ў даносах – сябра мінскага клуба “Камволь”, займаецца спартыўным арыентаваннем 20 гадоў. Крапіўка – майстар спорту Беларусі, намеснік старшыні прэзідыума Беларускай федэрацыі арыентавання. Ён таксама трэніруе, сам займаецца распрацоўкай мапаў для спартыўнага арыентавання. Аўтар сацыяльнага праекта “Мая мапа”  – мапы лесапарку Пышкі з маршрутамі рознай складанасці, якія можна праходзіць самастойна.

Канфлікт у гродзенскім спорце: хтосьці піша ў КДБ і пракуратуру даносы пра "падпольную друкарню, разброд і хістанне"
Стэнд праекта “Мая Мапа” ў Пышках. Фота: Зміцер Крапіўка

Крапіўка – адзін з арганізатараў буйных спаборніцтваў па бегавым арыентаванні Grodno Forest Days, якія прайшлі ў Гродне 26-27 сакавіка 2022 года. Гэтыя спаборніцтвы павінны былі быць міжнароднымі і ўвайсці ў сусветны рэйтынг, але іх пазбавілі такога статусу праз санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Зміцер Крапіўка таксама адмовіўся ад каментароў Hrodna.life з нагоды лістоў, дзе ён згадваўся.

Раней Зміцер Крапіўка працаваў з Ародем, але перад Чэмпіянатам Еўропы па спартыўным арыентаванні ў Гродне ў 2019 годзе іх шляхі разышліся, распавяла Hrodna.life крыніца сярод спартсменаў. Канфлікт Крапіўкі і Ародзя быў звязаны з фінансаваннем і арганізацыяй чэмпіянату. 

“Ародь укладваў свае рэсурсы ў развіццё арыентавання, як ён разумеў. І Крапіўка свае рэсурсы ўкладвае ў арыентаванне, і іх інтарэсы перакрыжоўваюцца”, – патлумачыла крыніца.

Зараз Дзмітрый Крапіўка і Эдвард Ародзь арганізуюць спаборніцтвы незалежна адзін ад аднаго.

Ародзь: “Рыхтую пазовы ў суд”

“Кронан” існуе з 2000 года. На дадзены момант у ім 67 членаў. Старшыня клуба Эдвард Ародзь – адначасова і кіраўнік Гродзенскай абласной федэрацыі арыентавання (ГрАФА) і намеснік старшыні Беларускай федэрацыі спартыўнага арыентавання. Ародзь займаецца спартыўным арыентаваннем з 1981 года. Ён суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, кандыдат у майстры спорту СССР, трэнер, арганізатар спаборніцтваў, дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту ГрДУ ім. Янкі Купалы. Пляменнік Эдварда Ародзя – начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Ародзь.

Канфлікт у гродзенскім спорце: хтосьці піша ў КДБ і пракуратуру даносы пра "падпольную друкарню, разброд і хістанне"
Эдвард Ародзь. Фота: “Вячэрні Гродна”

“Канфлікт не сённяшняга дня, гаворка ідзе пра тое, каб забраць абсталяванне, мапы, якія былі створаны. Не было маёмасці, не было б канфлікту. Абсталяванне, якое было набыта па ініцыятыве ПРААН за кошт грошай клуба “Кронан””, – сказаў Эдвард Ародзь Hrodna.life.

Ён распавёў, што рыхтуе пазовы ў суд супраць аўтараў звароту. Ародзь сказаў, што не ведае, хто пісаў ананімныя лісты з абвінавачваннямі, але мае некалькі версій. Па яго словах, у ананімным лісце былі прэтэнзіі і да яго.

Чытайце таксама: