«Нёманская вясна» праводзіцца ў ваколіцах Аўгустоўскага канала ўжо 42 гады. Сёлета фестываль прайшоў 5−7 красавіка на рэчцы Асташанцы. Да беларускіх турыстаў-воднікаў далучыліся госці з Масквы і Калінінграда. Апроч спартыўных імпрэзаў гасцей фэсту чакалі аніматары ў стылі Шалёнага Макса, гульні і забавы. Навічкі ў водным спорце атрымалі майстар-клас па кіраванні байдаркай, а самыя галодныя турысты паўдзельнічалі ў конкурсе на хуткаснае паяданне тушонкі.
«Гэта не кубак і не чэмпіянат, тут не ўсталёўваюць рэкорды і не даюць разрады, — патлумачыў галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Ціхановіч. — Але гэта пачатак воднага турыстычнага сезону, калі воднікі „прачынаюцца ад спячкі“. Гэта магчымасць сустрэцца, павучыцца адзін у аднаго, запланаваць сумесныя паходы».
Сяргей Ціхановіч кажа, што судзіць на гэтым фэсце «усё свядомае жыццё» і памятае гісторыю фестываля ад самага пачатку. У першыя гады гэта быў «Матч гарадоў», у якім бралі ўдзел спартсмены з Гродна, Коўна, Вільні і Калінінграда. Пазней першыя вясновыя спаборніцтвы праходзілі ў фармаце чэмпіяната вобласці і рэспубліканскіх спаборніцтваў па тэхніцы воднага турызму. Апошнія гады Нёманская вясна стала фестывалем і атрымала міжнародны статус. У розныя гады ў фестывалі ўдзельнічалі польскія і літоўскія спартсмены. Сёлета на Асташанку прыехала некалькі каманд з Расіі.
Аляксандр Ярмалюк з Калінінграда прыехаў на спаборніцтвы ўпершыню і разам з сям’ёй. Кажа, што пабачылі аб’яву і вырашылі паехаць у падарожжа і паўдзельнічаць у фестывалі. «Чаму было б не паехаць? Не толькі ж на сваёй рэчцы сядзець! Хочацца і на другія мясціны паглядзець і з новымі людзьмі пазнаеміцца».
«Мы жывём у Гродне ўжо некалькі гадоў, пераехалі сюды з Данецка, — расказаў Грыгорый Краўчанка. — Хадзілі ў паходы ад 2004 года. Як прыехалі ў Гродна, сталі шукаць мясцовых воднікаў праз інтэрнэт. Яны адразу адклікнуліся — турысты заўжды дружныя людзі». Нагода прыехаць на «Нёманскую вясну» ў сям'і вельмі простая: гэта першы выхад на ваду, магчымасць сустрэцца з сябрамі. «У паходы ідуць групамі, кожны ў свой зручны час. А тут можна ўсім разам сабрацца».
Адна з адметнасцяў сёлетняга фестывалю — вялікая колькасць дзяцей і забаваў не толькі для спартсменаў. «Сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі, з дзецьмі і любімымі цёшчамі, са шваграмі і са свёкрамі, — кажа Сяргей Каляда з аргкамітэту фестывалю. — То зараз кожнаму ёсць чым заняцца. Тут і музыка, і анімацыя. Можна і каву набыць і нейкі бургер, а не толькі стаяць і пазіраць на ваду».
Нечаканы погляд на турыстаў прапанавала каманда аніматараў разам з самым «смачным» спонсарам фестывалю.
«Турысты, гэта такія людзі, каторыя набіраюць поўны заплечнік смакоткаў і сыходзяць як мага далей ад горада, каб самім усё з’есці», — раскрыў таямніцу «капітан» шалёных аніматараў Васіль Калач.
На фестывалі для ахвотных пад’есці праводзілі «Турнір абжор» на хуткаснае паяданне тушонкі. Самы лепшы вынік - 1 мінута і 20 секунд на банку. Асабліва ўразіла, што спаборніцтвы праходзілі ў тры заходы і пераможцы з’елі па тры банкі тушонкі. Прызамі для іх стала таксама тушонка. Цікава, ці будуць яе есці таксама хутка?
Праводзіць фестываль міністэрства спорту і турызму, але мае і некалькі сталых мецэнатаў з Гродна. Адзін з іх — былы горналыжнік, альпініст і марафонец Леанід Зальцман. Сёлета ён дапамог набыць прызы для дзіцячых спаборніцтваў фестывалю. «Я вельмі сталы турыст, больш за 60 гадоў са сваіх 82 займаўся спортам. Раней жыў ва Украіне, потым пераехаў у Беларусь. Знайшоў тут калегаў і мы сталі сябрамі. Фестываль падтрымліваю ўжо трэці год». Каштоўнасць «Нёманскай вясны», яго меркаваннем, у тым, каб ізноўку выйсці на ваду: «Галоўнае, пераадалець сябе. Перамога сама прыйдзе».
Для тых, хто ні разу не трымаў вясло ў руках, на фестывалі была магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці «матроса» ці «капітана» і прайсці першыя метры па рацэ. «Каб пачаць падарожжа на байдарцы ў яе трэба сесці», — жартуе з навічкамі інструктар Павел Сурмач.
Далей пару словаў пра тое, як табаніць і руліць і - наперад. Ахвотных знаходіцца нямала. Адным з удзельнікаў майстар-класса быў Міша Кіркіцкі. Праўда, ён быў практычна гуляючым трэнерам. У 13 гадоў хлопец мае ўжо 2-гі дарослы разрад. Сёлетні сезон для яго пачаўся ў канцы лютага. Ад таго часу — кожны дзень не менш за 20 кіламетраў праходзіць на трэніроўках. На фестываль Кіркіцкія прыехалі ўсёй сям’ёй.
Першым аматарам воднага турызму ў сям'і быў тата Яўген: «Цяга да вады ўсё жыццё была. Плаваннем займаўся, на байдарках хадзіў. Потым сын падрос і яго таксама браў на байдарку. Ходзім з сям’ёй па Нёмане, па Чорнай Ганьчы, па Юбілейным. Сёлета Міша ўжо прайшоў 350 кіламетраў на каноэ. Я — трохі менш. Яшчэ ж і на працу трэба хадзіць».
Многія з тых, што на фестывалі паспрабавалі прайсці на байдарцы ўпершыню, абавязкова да яе вернуцца, мяркуе Павал Сурмач:
«Нават калі ад пачатку падаецца што страшна, калі шок. Нехта праз месяц, нехта праз год успамінаў, як было крута і прыходзіў паўтарыць. Нехта пачынаў кожны тыдзень з намі хадзіць. Некаторых на наступны год ужо спрактыкаванымі турыстамі на фестывалі сустрэнем».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…