Беларусі сваё якаснае кіно пакуль не пагражае, а вось нашы суседзі рухаюцца наперад. Непрыкметна для нас краіны Балтыі, нашы былыя «брацкія рэспублікі» па СССР, здымаюць сваё кіно, возяць на міжнародныя фестывалі і знаёмяць еўрапейскага гледача з ім. Гродзенскі глядач можа ўбачыць суседскія фільмы на фестывалі «Паўночнае ззянне». Hrodna.life загадзя паглядзеў адну са стужак, якія ёсць у праграме — «Хронікі Мэлані» Віестурса Кайрыша.

Назва фільма адразу адносіць нас да творчага шляху таленавітага латышскага рэжысёра. Вядомы ў Еўропе як тэатральны пастаноўшчык, Віестурс Кайрыш паспяхова спрабаваў свае сілы і ў здымках неігравога кіно. Яго вопыт у дакументалістыцы шмат у чым стаў вызначальным пры вытворчасці гістарычнай драмы «Хронікі Мэлані», дзе сумны лёс галоўнай гераіні стаў адлюстраваннем трагедыі латышскага народа.

[irp posts="89 117″ name=" Паўночнае ззянне" хутка прыйдзе ў Гродна. Чаму варта наведаць гэты кінафестываль"]

Кіно бясколернае як жыццё

«Хронікі Мэлані» — чорна-белае кіно, але разумней яго назваць бледным, бясколерным, як жыццё ссыльнай Мэлані ў сібірскай тайзе, куды яе гвалтоўна адправілі ў 1941 годзе новыя гаспадары латвійскай зямлі. У пачатку фільма даецца гістарычная даведка: пасля далучэння Латвіі савецкая ўлада пазбавіла Радзімы 15 000 чалавек. У іх не адабралі жыцця, але кінулі ва ўмовы, якія дыктавалі гучнае пытанне: ці не лепшая смерць?

Нязломная. Пра што фільм «Хронікі Мэлані», які вы можаце паглядзець на «Паўночным ззянні»

Мэлані праз любоў спрабуе адказваць на ўсе дзесяцігоддзі душэўных і фізічных пакут адназначна: толькі жыццё, толькі імкненне ўбачыць каханых людзей і сваю Радзіму. Хоць вакол няма калючага дроту, ахоўнікаў і іншых атрыбутаў несвабоды. Куды ні глянь — суровая сібірская прырода, чыя дзіўная прыгажосць стала духоўным карцэрам для жыхаркі цывілізаванай Еўропы, а арктычные мароз — жорсткім наглядчыкам.

Усё хараство далёкага ляснога краю здзіўляе сваёй дзікасцю і першабытнасцю, там час застыў пару сотняў гадоў таму, а мясцовыя жыхары знешнім выглядам не адрозніваюцца ад сваіх продкаў з часоў Сярэднявечча. Адзіны прадстаўнік ХХ стагоддзя тут — мясцовы старшыня, які абвяшчае волю народа для «ворагаў народа» ў асобе ссыльных латышоў.

Занадта жорстка, каб даць адказ

Акрамя тых тысяч латышоў, якія сталі ахвярамі геапалітычнага падзелу свету, вязнямі ў вагонах для жывёлы былі прадстаўнікі і іншых нацый. Віестурс Кайрыш зняў фільм пра трагедыю свайго народа, не пабаяўшыся выкарыстоўваць слова «акупант», якое мае зараз выбуховую сілу.

Нязломная. Пра што фільм «Хронікі Мэлані», які вы можаце паглядзець на «Паўночным ззянні»

Але ўнутры велізарнай краіны былі і іншыя народы, якіх у 1940−50-я таксама абудзілі раніцай, прымусілі хутка збірацца і грузіцца ў вагоны. Іншыя народы, таксама як Мэлані, пакутавалі ад смагі тыднямі і спраўлялі патрэбу на месцы, у вагонах, што імчалі ў дзікую далечыню. Жорстка гучыць параўнальная характарыстыка аднаго з персанажаў, які разважае што горш: хуткая смерць у нямецкіх газавых камерах або жыццё ў рускіх лагерах. Занадта жорстка, каб даць прамы адказ.

Галоўная гераіня застанецца жывая і вернецца на радзіму. Як жывы сведка трагедыі ўласнай краіны, здольная данесці праўду будучым пакаленням. Пра тое, як пакутліва адказваць на відавочнае пытанне пра смерць.

P.S.

Са сваёй прадукцыяй Галівуд захапіў ўсе кінатэатры свету. З гэтым спрабуюць змагацца рознымі метадамі, але лепшы, здаецца, гэта вытворчасць уласнага якаснага кіно, здольнага хоць бы часам адцягваць мясцовага гледача ад заходняга засілля. «Паўночнае ззянне» паказвае, што ў Балтыі і Скандынавіі гэта зразумелі.


Фільм «Хронікі Мэлані» можна будзе ўбачыць 28 кастрычніка ў 19.00 у кінатэатры «Чырвоная зорка».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life