Людзі і справы

«Беларуская культура за межамі нікому не патрэбная». Уладальнік гродзенскай этнакрамы распавёў, чаму не з’язджае з Беларусі

Гродзенец Андрэй Несцяровіч заснаваў этнакраму «Цудоўня» ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года краме выпісвалі штрафы, а таксама пазбавілі памяшкання. Нягледзячы на гэта, пляцоўка працуе, а гаспадар застаецца ў Беларусі і не плануе з’язджаць. Рэдакцыя Hrodna.life працягвае цыкл публікацый пра людзей, якія свядома вырашылі жыць у Беларусі, маючы магчымасць з’ехаць.

Андрэй Несцяровіч. Крыніца: Instagram

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года малы бізнес патрапіў праверкі і штрафы. Многіх пачалі правяраць пасля 26 кастрычніка 2020 года, калі павінен быў адбыцца «агульнабеларускі страйк». Некаторыя ўстановы тады зачыніліся: сярод іх кнігарня «Бэбі-бук», бары «Корица» і «Нестерка». У снежні 2021 года праз суд ліквідавалі краму аўтазапчастак Віктара Рукшы.

«Палітыка прыйшла да мяне ў госці, пастукала ў дзверы з нагі»

У Андрэя няма ваганняў з’язджаць ці не з’язджаць. «У мяне ёсць справа, якую я рабіў да 2020 года, у 2020 годзе і раблю пасля 2020 года. Я культурнік і я займаюся культурай», — кажа Андрэй Несцяровіч.

«Палітыку, якая прыйшла ў маё жыццё, я не зваў. Я быў бы рады, каб яна далей пайшла сваёй дарогай. Але ў 2020 годзе культура з палітыкай змяшаліся. І тое, што мне не патрэбна, прышло да мяне ў госці, пастукала ў дзверы з нагі. Я сказаў: „Ты мне нахрэн не ўс*алася“, але як прыйшла, то захадзі». А я хачу далей займацца культурай".

Прычыну для ад’езду з Беларусі Андрэй называе толькі адну: прамую пагрозу жыццю і цэласнасці сям'і.

«Там я буду як сапля ў палёце»

«Я займаюся тым, чым займаўся і раней. Спрабую несці культуру ў людзі і не збіраюся нічога змяняць у гэтым накірунку, — кажа Андрэй. — Тут мой дом. Тут я адчуваю сабе патрэбным. Тут я рабіў культуру, раблю культуру. Калі я з’еду, хто будзе рабіць культуру? У мяне няма прычынаў, я там нікому не патрэбны. Ну можа, я б і знайшоў там сабе месца, але тут я ведаю для чаго я тут. А там я буду як сапля ў палёце».

Андрэй Несцяровіч. Крыніца: Instagram

Чытайце таксама: Апошні гарадзенскі хіпі, які адчыніў этнакраму, і яго правілы жыцця

Андрэй лічыць, што беларуская культура па-за межамі Беларусі нікому не патрэбна.

«Рабіць беларускае трэба тут. Бо тут карані, тут яно тутэйшае. За мяжой беларуская культура можа існаваць, але развівацца толькі ў Беларусі, бо тут яна нарадзілася, — лічыць Андрэй. — За мяжой беларуская культура будзе як экзатычная кветка, якую можна дэманстраваць. А калі ў палякаў ці ў немцаў ёсць свая культура, то навошта ім беларуская».

«Справа майго жыцця ў любым іншым месцы губляе сэнс»

На думку Андрэя, колькасць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, не ўтварае тую масу, якая можа развіваць культуру.

«Тыя, хто з’язджае, ім не да культуры. Яны будуць думаць, як зарабіць, знайсці жытло, набыць ежы».

«Мая задача — рабіць свет, у якім я жыву, больш культурным. А рабіць гэта на карысць любой іншай краіны я не бачу для сабе ніякага сэнсу. Гэта абнуляе мае намаганні», — лічыць Андрэй. Менавіта гэта яго трымае і не дазваляе з’ехаць з Беларусі. «Я тут раблю справу, якая прывязана да лакацыі. У нейкім сэнсе гэта з’яўляецца справай майго жыцця і ў любым іншым месцы яна губляе сэнс».

Чытайце таксама: Невядомыя сарвалі сцяг з крамы «Цудоўня» і спрабавалі збіць уладальніка, называючы яго"фашыстам"

«Ведаў бы дзе ўпадзеш — саломку падсцяліў бы»

Андрэй лічыць, што сёння людзям не трэба тлумачыць, якія рызыкі ёсць у культурніцкіх ініцыятыў у Беларусі. Маўляў, культуру пачалі ўспрымаць як «небяспечнае» для дзяржавы.

«Чыноўнікі зразумелі, што людзі з культуры могуць штосці сказаць і паўплываць. Я разумею рызыкі. Але ведаў бы дзе ўпадзеш — саломку падсцяліў бы».

У пэўны момант Андрэю проста надакучыла баяцца і ён перастаў думаць пра небяспеку. «Што такое бяспека ў гэтай краіне? Напэўна, гэта звязана ў першую чаргу з адчуваннем упэўненасці ў заўтрашнім дні. А яго ніколі не было. Я з першага дня самастойнага жыцця гэтай упэўненасці не меў. Радыкальна нічога не змянілася», — сказаў Андрэй.

Чытайце таксама: «Калі ўсе з’язжаюць, губляецца сэнс зробленага ў 2020-м». Жонка асуджанага пратэстоўца расказала, чаму застаецца ў Беларусі

Андрэй Несцяровіч. Крыніца: Instagram

Сям’я Андрэя застаецца разам з ім і падтрымлівае яго. Але ў наваколлі прадпрымальніка з’ехала «дахалеры» знаёмых. У дыскусіі на тэму эміграцыі яму не прыходзілася ўступаць. Ён лічыць, што гэта справа кожнага і нікога не хоча асуджаць.

«Я нікога не асуджаю за яго рашэнне і сам прымаю сваё рашэнне. І чыёсці меркаванне на гэтую тэму мяне не цікавіць. Адпаведна і дыскуссіі са мной весці не цікава».

Чытайце таксама: «Возможно, это эгоистично в отношении моих близких». Айтишник из Гродно остался в Беларуси, чтобы поехать на «химию»

У людзей павялічыўся попыт на беларускую культуру

Попыт на беларускую культуру і лаяльнасць да беларускай мовы ў людзей павялічыліся, заўважае Андрэй. Таму ў яго з’явілася дадатковая матывацыя і дадатковая нагода працягваць сваю справу.

«Іншая справа, што грошай у культуры як не было, так і няма. З 2020 года гэтых грошай стала менш. Таму ў плане фінансаў мы адчуваем сябе мярзотна. Але ў плане таго, што з’явіўся грамадскі запыт на беларускую культуру — гэта вельмі добра. Я магу прасачыць тэндэнцыю з 2015 года. Гэты запыт паступова павялічваецца штогод. Прычым з 2020 года гэты працэс працягваецца і пайшоў больш фарсавана», — сказаў Андрэй.

«Людзі пачалі разумець, што быць беларусам — не абавязкова ў лапцях і аграрыях. Але грошай ад гэтага ў людзей больш не стала. Хто быў гатовы выдаткоўваць грошы — з’ехалі. Хтосьці зараз укладаецца ў іншыя патрэбы. Каб развіваць сваё і каб яно станавілася лепш, патрэбны грошы».

Андрэй Несцяровіч. Крыніца: Instagram

Зараз прадпрымальнік трымаецца на энтузіязме і жаданні рабіць тое, што ён лічыць патрэбным. Таксама ўзмацнілася падтрымка людзей, нягледзячы на тое, што шмат з іх з’ехала.

«Заўсёды вельмі прыемна атрымаць паштоўку ад чалавека, які з’ехаў. Я адчуваю, што гэта падтрымка ёсць, а прыходзіць яна зусім рознымі спосабамі. Ад выразу „Як добра, што вы размаўляеце па-беларуску“, сканчаючы запытам „Ці магу я вам чым небудзь дапамагчы“», — распавёў Андрэй.

«Унутранае адчуванне падказвае, што рухаюся ў правільным накірунку»

«Я бачу будучыню. У мяне ёсць накірунак. І я ў гэтым накірунку рухаюся. І ўнутранае адчуванне мне падказвае, што рухаюся я ў правільным і слушным накірунку. Але якая будзе будучыня… Будучыня заўжды туманная. І загадваць на заўтра я не буду. Адзінае, у чым я перакананы — у беларускай Беларусі будучыня ёсць. А вось якая яна, тут пытанне не да мяне».

Этнакрама «Цудоўня» працуе ў Гродне з 2015 года. Яна займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. У краме можна набыць рэчы ручной працы ад майстроў з розных гарадоў Беларусі і літаратуру на беларускай мове. Раней «Цудоўня» арганізоўвала гістарычныя і культуралагічныя лекцыі, прэзентацыі кніг, музычныя выступы, а таксама майстар-класы. За час свайго існавання пляцоўка змяніла чатыры адрасы.

Восенню 2020 года «Цудоўня» разам з іншымі прыватнымі бізнесамі патрапіла пад рэпрэсіі і праверкі. З праверкай у краму прыходзілі супрацоўнікі аддзела гандлю і Міністэрства надзвычайных спраў. У снежні 2020 года «Цудоўню» пазбавілі памяшкання на Кірава, 3 разарваўшы дамову арэнды.

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024