Спадчына

Хочаш, каб нешта было — ствары. Пад Гродна зладзілі міжнародную «Ноч танцаў»

Для кагосьці кастрычнік — гэта пах палай лістоты і традыцыйныя фотасесіі ў Каложскім парку. Для аматараў народнай культуры і побытавых танцаў з Гродна, Мінска, Барысава, Рыгі, Варшавы ды многіх іншых месцаў - гэта падрыхтоўка да «Ночы танцаў» у Гродне і сама ноч. Ужо трэці год музыкі з капэлы «Танцы гарадзенскіх дворыкаў», вядомыя гараджанам па танцавальных вечарынах у дворыку на Савецкай, самі, з дапамогай валанцёраў і без падтрымкі гарадскіх уладаў ці дзяржаўных устаноў ладзяць свята сабе і шматлікім гасцям.

Сёлета на «Дзень і Ноч танцаў у гарадзенскіх дворыках» прыехалі граць музыкі з Беларусі, Польшчы, Латвіі, Расіі, а геаграфія танцораў была яшчэ шырэйшая, дзякуй гродзенскаму «бязвізу». Танцы — народныя, або сацыяльныя, але нашага рэгіёну.

«Дзень танцаў» пачаўся ранкам 19 кастрычніка тэматычнай экскурсіяй па гродзенскіх званіцах, якая асабліва ўразіла іншагародніх удзельнікаў. Працягнуўся ўжо на сядзібе ў Казіміроўцы, пад Гродна, — кірмашом музычных інструментаў. Майстры-стваральнікі, калекцыянеры і музыкі сустрэліся, каб паказаць свае вырабы, калекцыі, абмеркаваць захапленні і паспрабаваць гук новых інструментаў, досыць ахвотна дзяліліся ведамі нават з неспецыялістамі. Наведвальнікі прыязджалі сем’ямі, для дзяцей былі наладжаны гульні.

А 19 гадзіне пачаліся ўласна танцы. Заяўленыя капэлы змянялі адна адну на сцэне, кожная прыўносіла свой настрой у залу, а пасля завяршэння праграмы музыкі працягнулі граць у вольным рэжыме. Музыкі насалоджваліся працэсам не менш за танцораў, а музыка і танцы былі не толькі ў асноўнай залі, а і ў кожным кутку сядзібы.

«Быў бы разумны — то не рабіў бы»

«Быў бы разумны — то не рабіў бы», — кажа адзін з галоўных арганізатараў, музыка Андрэй Бароўскі. Падрыхтоўка імпрэзы такога маштабу патрабуе шмат высілкаў і цягне фінансавыя рызыкі. Арганізатары — звычайныя людзі, не звязаныя з шоў-бізнесам. За мяжой падобныя імпрэзы не масавай культуры, звязаныя з папулярызацыяй нацыянальнай спадчыны, маюць спансаванне і падтрымку дзяржавы. «У Францыі, напрыклад, на такія сацыяльныя праекты ідуць сродкі з латарэяў. Дзяржава не займаецца арганізацыяй, і не робіць абы што, а стваральнікі сапраўды вартых праектаў маюць грашовую падтрымку — у выніку ўсе ў плюсе».

Андрэй Бароўскі, гродзенскі музыка
«Але месца, дзе ты жывеш, аніяк не адрозніваецца ад Парыжа ці Рыма. Там жывуць такія ж людзі, дык чаму ў палякаў можа быць такая імпрэза, а ў нас — не? Раблю, не каб было не горш, а каб было лепш. Навошта ехаць на імпрэзу ў Варшаву ці Маскву, цягацца з рэчамі, калі можна зрабіць годна ў сябе?» — тлумачыць Андрэй сваю матывацыю. Сёлета мерапрыемства наведала блізу 180 чалавек.

«Дынаміка для трэцяй „Ночы танцаў“, у параўнанні з папярэднімі, відавочная: і ў розгаласе, і ў якасці выніку. Мы працавалі над гэтым паўгода. Вядома ж, гэта не „Лідбір“, мэты не камерцыйныя».

«Кайф, як ад бязважкасці»

Танцорка Кацярына Янкевіч прыехала сустрэцца са знаёмымі, паслухаць музыку: «Тут адзін з найкруцейшых фэстаў у Беларусі за апошнія тры гады». Яна захапляецца народнымі танцамі з 2015 года, часта наведвае замежныя танцавальныя фэсты, але больш ёй падабаюцца беларуская музыка і музыкі. У дзяцінстве ёй падабалася назіраць, як танцуюць дарослыя на вяселлях, хоць і памятае, як смяяліся са старэйшых людзей, што танцавалі ў народнай манеры, дробнымі крокамі.

«Цяпер танцы — гэта неад’емная частка майго жыцця. Танцаваць заўсёды хацелася. Ужо „натанцаваны“ пэўны досвед, ёсць партнёры, танцаваць з якімі - гэта пэўная форма свабоды, калі можна імправізаваць». З рознымі людзьмі, па яе словах, танцуецца па-рознаму.

«Ты прыходзіш, танцуеш, і не думаеш ні пра што. Слухаеш, адчуваеш партнёра, бо проста так стаць і танцаваць ты не можаш, гэта ўзаемадзеянне, ты спасцігаеш нешта. Гэта не кожнаму дадзена, трэба быць гатовым маральна і фізічна, каб даверыцца партнёру. Атрымліваеш кайф, як ад бязважкасці».

Генетычны падмурак для шчаслівых вачэй

Не ўсе на вечарыне — дасведчаныя танцоры. Гродзенец Яўген Дудкін патрапіў на такую імпрэзу ўпершыню, раней ён танцамі не займаўся. Для яго «Ноч танцаў» стала нечаканым месцам сустрэчы са знаёмымі. «Вельмі ўсцешаны. Спадабалася, што падчас танцу, калі выконваеш нейкі элемент, быццам на нейкім генетычным падмурку, узгадваюцца і іншыя, якія, можа, бачыў у дзяцінстве, у вёсцы».

«Мы ўсе тут, бо нам добра ў гэтай атмасферы, нам бы хацелася, каб гэта было шмат і часта. І калі ёсць магчымасць бескарысна дапамагчы, то чаму не», — кажа Святлана, адна з валанцёраў, што рыхтавалі прастору і клапаціліся пра камфорт наведвальнікаў.

«Тут людзі робяцца нейкімі жывымі. Гэтую энергетыку, кантакты, шчаслівыя вочы нідзе не купіш», — кажа яна.

Менавіта Святлана правяла для гасцей тэматычны шпацыр «Гродзенскія званы» ўдзень напярэдадні «Ночы танцаў». Яна не гісторык, але захапілася ідэяй распавесці пра званіцы Гродна і месяц працавала з рознымі крыніцамі і даследчыкамі, каб распрацаваць нетыповы маршрут.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025