Каляды – асноўнае сямейнае свята, але бацькам у Беларусь трэба патэлефанаваць менавіта на Новы год. Сустракаць апоўначы можна пачаць разам з Тихановской – і далей выпіваць кожны гадзіну аж да Новага года ў Нью-Ёрку. Аліўе павінен быць на стале нават на беразе Атлантычнага акіяна. Hrodna.life спытаў у гродзенцаў, якія жывуць за мяжой, як яны святкуюць Новы год і як гэтае свята адрозніваецца ў іх краінах ад таго, да якога мы звыклі ў Беларусі.
Імёны некаторых герояў зменены на іх просьбу.
Францыя: фуагра і вустрыцы замест аліўе
Марыя пераехала ў Францыю два гады таму. Гэты Новы год яна плануе адзначыць са сваім маладым чалавекам у Амстэрдаме. “Неабходна маральная разрадка пасля цяжкага года”, – патлумачыла дзяўчына.
“У Францыі ўсе адзначаюць Каляды з сем’ямі, гэта галоўная падзея. А Новы год звычайна праходзіць з сябрамі альбо ў вузкім коле, – кажа Маша. – Асноўная рэлігія ў краіне – каталіцызм. Я праваслаўная, але Раство адзначаю з сям’ёй хлопца 25 снежня ўжо другі год”.

Асаблівых адрозненняў у святкаванні Калядаў у Беларусі і Францыі яна не бачыць. «Усё як звычайна: перадкалядная мітусня, купля падарункаў для блізкіх, сямейная калядная вячэра і сустрэча самога Новага года».
А вось меню адрозніваецца значна. «У Беларусі сталы б’юцца ад разнастайнасці страў. У Францыі ж меню складаецца з аперытыва (l’apéro), то бок лёгкіх закусак; першай стравы (l’entrée) — звычайна гэта фуагра або вустрыцы; асноўнай стравы (le plat) — гэта можа быць што заўгодна, звычайна мясная страва і гарнір. Далей сырная талерка (une assiette de fromage) і дэсерт (le dessert) — традыцыйны торт у выглядзе каляднага палена (la bûche)».
Розніца ў часе зімой у Парыжы ў параўнанні з Мінскам – дзве гадзіны, так што звычайна Марыя сустракае спачатку Новы год са Святланай Ціханоўскай, а затым паводле французскага часу.
У Францыі Новы год адзначаюць больш сціпла і сумна, чым у Беларусі, лічыць Маша.
“Звычайна мы [у Беларусі] сустракаем з бацькамі, а затым сустракаемся з сябрамі або ладзім грандыёзныя вечарынкі, якія могуць зацягнуцца на пару дзён. У Францыі не так, тут выдаткоўваюць усю энергію на Каляды”.

Дзяўчына лічыць, што ў Францыі няма такой святочнай і зладжанай атмасферы, як у Беларусі. “Свята [у Беларусі] адчуваецца больш – шмат салютаў, крыкаў “З Новым годам” кожнаму сустрэчнаму”, – патлумачыла Маша.
Дзяўчына ўдакладніла, што гэта толькі яе асабісты досвед з аднаго рэгіёну – поўдня Францыі. “Магчыма, у Парыжы зусім іншая атмасфера. Але ўсё роўна, я аддаю перавагу праводзіць навагоднія святы на радзіме”, – кажа Марыя.
Партугалія: замест ікры – селядзец пад футрам
“Першы раз тут буду святкаваць. Дакладна не ведаю як, але салюту не чакаю”, – кажа Кацярына, якая два месяцы таму пераехала ў Партугалію. Дзяўчына пакуль што “разабралася” з Калядамі. Ёй здаецца, што ў гэтай краіне яны важней, і наўрад ці партугальцы моцна святкуюць Новы год.
У яе звычайна два варыянты на Каляды. Першы – з бацькамі. “Мы з матуляй тыдзень прыдумляем меню, потым глядзім “Прастаквашына” ці “Гары Потэра”, гатуем, упрыгожваем ўсё і сервіруем стол”.
Другі варыянт – з сябрамі. Кацярына кажа, што ў яе асяроддзі каталіцкія Каляды звычайна ігнаруюць, бо многія праваслаўныя. “Напрыклад, калі я жыла ва Украіне, было так. Таму я збірала ўсіх і прымушала. Я не накрывала такую паляну, як з маці, але ўсё адно”.

Сёлета гродзенка накрывае “вялікую паляну”. “У мяне тут ужо ёсць новыя сябры – і мы проста разыдземся па поўнай”, – распавяла Кацярына.
Са страў дзяўчына плануе прыгатаваць селядзец пад футрам. У асноўным меню будзе адрознівацца з-за адсутнасці “нашых” прадуктаў ці складанасці іх знайсці. “Тут шмат новага і смачнага. І на ікру грошай няма”, – кажа Каця.
Святкаваць Новы год плануе па мясцовым часе, а па беларускім “чыста сімвалічна”: трэба будзе тэлефанаваць бацькам і віншаваць.
Фларыда: аліўе на беразе акіяна
Па словах Ганны, у Філадэльфіі практычна ніхто не адзначае Новы год. “Адразу пасля Каляд ужо выкідаюць елкі, затое ставяць іх у лістападзе пасля Дня Падзякі”. Па словах дзяўчыны, елкі прадаюць на кожным рагу ад $25 да $150, яны ўсё пышныя, як з малюнка. “Ёсць фермы, дзе ты можаш сам выбраць і высечы за капейкі”, – кажа дзяўчына.
Ганна жыве ў Амерыцы ўжо сем гадоў. Сёлета яна з сям’ёй едзе адзначаць Новы год на бераг акіяна ў Фларыду.
“Святкуем спачатку паводле беларускага часу: адкрываем шампанскае, загадваем жаданне на сурвэтцы, спальваем яе і п’ем”. Розніца ў часе паміж краінамі зімой – 8 гадзін.
Гродзенцы распавядаюць дзецям, што ў Амерыцы ёсць Санта Клаўс, а ў Беларусі – Дзед Мароз і Снягурка. Заўсёды імкнуцца прыходзіць на навагоднія елкі паводле беларускіх традыцый: “Аліўе заўсёды на стале”. І наогул, Новы год – хутчэй свята рускай ці беларускай дыяспар. Амерыканцы больш шануюць Каляды.

“Тут абавязковая традыцыя збірацца за вялікім сталом і абменьвацца падарункамі, якія адразу ўсе адкрываюць. Тут дагэтуль прынята пісаць паштоўкі. На гэта сыходзіць шмат грошай і часу, – кажа Аня. – Кожная кампанія пасылае імянныя паштоўкі з віншаваннем “Merry Christmas and Happy New Year”. Важна, каб яны былі падпісаныя рукой!”
Чытайце таксама: Ялінка ў доме і святочны манікюр. Як гродзенцы рыхтуюцца да Новага года
Па словах Ганны, Амерыка – краіна, дзе ўсе людзі ўсмешлівыя, і гэта не стэрэатып. “Тут паліцыя вельмі крутая – яны могуць апрануцца ў касцюмы Санты і Грынча і хадзіць па школах і садках бясплатна, проста павіншаваць і павесяліць дзяцей”, – кажа Ганна. На мерапрыемствах, дзе запускаюць салют, бясплатна раздаюць гарачы шакалад або сідр, каб людзі маглі сагрэцца.

“Уся Амерыка ўпрыгожаная так, што і ліхтары не патрэбныя. Кожны дом амерыканца – як музей. Шмат грошай траціцца на ўсе гэтыя рэчы”, – распавяла Ганна.
Нью-Ёрк: самы цікавы Новы год – у лацінаамерыканскім гей-бары
Таццяна пераехала ў Нью-Ёрк летам 2018 года і гэта будзе ўжо пяты Новы год, які яна сустрэне тут. Кожны раз атрымліваецца па-рознаму.
“Селета мой бойфрэнд і я плануем ісці святкаваць Новы год у нямецкі піўны бар, будзе багата сяброў. А самы першы я сустрэла ў натаўпе на Манхэтане, гледзячы на салют. Шчыра кажучы, было нічога не бачна, нідзе толкам не прайсці, тысячы людзей, але думаю, я простая кепска падыхтавалася. Дасьведчаныя людзі могуць падказаць добрыя мясціны, адкуль выдатна ўсё бачна, ды яшче і шампанскага можна выпіць. Цікавей за ўсё пакуль атрымалася адсвяткаваць Новы год, калі я працавала, а пасля працы выпадкова з калегамі зайшлі ў лацінаамерыканскі гей-бар. Таксама крута было святкаваць у Маямі, у цеплыні, цалкам нешта іншае. Уявіце ўпрыгожаную ялінку сярод пальмаў”.

Па словах Таццяны, Новы год тут святкуюць па-рознаму: адзначаюць у барах, у гасцях, здымаюць дамы недзе за межамі мегаполісаў, ладзяць вечарынкі з сябрамі. З сям’ёй тут сустракаюць Каляды, а месяцам раней – Дзень Падзякі. Таццяна заўважыла: як толькі Каляды праходзяць, на наступную раніцу елкі ўжо ляжаць на сметніках.
“На Беларусі Новы год – больш сямейнае свята. Прынамсі ў маёй не надта рэлігійнай сям’і так было. Таму мне заўсёды здавалася, што бацькі крыўдзяцца, калі я не з імі ўвечары 31 снежня. Цяпер стараюся быць на сувязі з бацькамі ў 00.00 па беларускім часе”.

Каляды Таццяна праводзіць з сябрамі. Звычайна гэта вячэра ў кагосьці дома, кожны прыносіць нейкую страву з сабой. Традыцыйна ёсць аліўе, дранікі, блінцы з ікрой, вушкі з макам або грыбамі і іншыя знаёмыя стравы.
«Забаўны момант: шмат нашых людзей працягваюць глядзець выступы прэзідэнтаў у навагоднюю ноч. Летась быў папулярны Зяленскі. Ужо каторы год назіраю ў сацсетках, як мае сябры пачынаюць святкаваць ад беларускага Новага году да мясцовага. Карацей, наліваюць цэлы дзень».
Цяпер Таня купляе апошнія падарункі, нядаўна адправіла пасылку сястры ў Еўропу.“На Раство планую са сваім хлопцам christmas date: кірмаш, ліхтарыкі, коўзанку, хатсайдэр – гэта як глінтвейн, але з яблыкавага соку. Вельмі смачна”.
Літва: толькі па беларускім часе і са зваротам Ціханоўскай
Карына жыве ў Вільні з лістапада 2020 года. Гэта будзе трэці Новы год не дома. Увесь гэты час яна адчувае сябе нібы ў гасцях і святкаваць так, як дома, псіхалагічна цяжка. “Для мяне навагоднія святыя – сямейныя, а сям’я засталася ў Беларусі”, – кажа яна.
Новы год Карына святкуе толькі паводле беларускага часу. “Са зваротам маёй Прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай”, – дадае яна.

Ёлку яна не ставіла нават у Беларусі ўжо шмат гадоў. Але ў гэтым годзе захацелася – жывую і пахкую. “Быццам вярнуць сабе трошкі жыццёвай нармальнасці, дазволіць самой сабе адчуванне свята. Таму ў мяне ўжо стаіць упрыгожаная жывая ялінка. Шчыра кажучы, я не моцна заганяюся па стравах: звычайныя легкія закускі, салаты, бульбачка, куды ж без яе!”
Чытайце таксама: Телефонная будка в Triniti, кофейня в стиле Гарри Поттера и бокалы на Советской. Как Гродно приготовился к Новому году
У гэтым годзе адсвяткаваць з блізкімі Карыне ў нейкай ступені атрымаецца.
“На гэты Новы год да мяне прыедзе матуля, што вельмі мяне радуе. Зычу беларусам па ўсім свеце захаваць сваё ментальнае і фізічнае здароўе ў новым годзе, надаваць гэтаму больш увагі. Гэта вельмі важна, каб працягваць падтрымліваць тых, хто зараз у бядзе, каб не здавацца і рабіць усё магчымае дзеля станоўчых зменаў у роднай краіне. Мару аб тым, што наступны год сустрэну ў Беларусі і планую працягваць рабіць ўсё, што ў маіх сілах, каб гэта ажыццявілася”.
Італія: беларускія святочныя стравы тут не ўпісваюцца
Ганна пераехала ў Італію сем гадоў таму. Цяпер жыве ў невялікім горадзе на беразе мора на поўдні краіны. Новы год тут амаль не святкуюць, больш увагі надаюць Калядам. Святы Аня праводзіць з сям’ёй мужа.
“Звычайна вечарам 24 снежня ўся сям’я збіраецца за сталом. Вельмі шмат гатуюць – на вячэру перад Калядамі падаюць рыбныя стравы. На першае, напрыклад, пасту з рыбай і морапрадуктамі, на другое можа быць запечаная рыба дарада ці іншая і розныя закускі на аснове рыбы ці гародніны. Абявязкова пякуць панетоне – такі адмысловы італьянскі пірог. На наступны дзень, 25 снежня, зноў ладзяць агульны святочны абед. У гэты дзень ужо гатуюць мясныя стравы”.

З калядных традыцый італьянцаў Ганна адзначае гульню “Тамбала”: “Гэта як бінго ці наша лато. Трэба цягнуць з мяшэчка нумары і закрываць такія ж лічбы на ўласных картках. Звычайна, нават у сям’і, гуляюць на грошы – кожны кладзе па адным еўра, ці на невялікія падарункі”.
На Новы год проста збіраюцца на агульны вячэру дома або ў рэстаране. Лічыцца, што на стале абавязкова павінна быць сачавіца – яе трэба пакаштаваць, каб год быў паспяховым. Свякроў Ганны распавядала, што раней было прынята на Новы год выкідваць з вокнаў старыя рэчы. Яе брат любіў выкідаць з акна талеркі. Але Ганна такога ўжо не заспела.
“Новы год мы таксама адзначаем у сям’і. Традыцыі на гэты час уключаць тэлевізар ці чакаць прамовы прэзідэнта тут няма. Проста самі сочым па гадзінніку і ўсё. Спачатку чакаем беларускі Новы год і тэлефануем маім бацькам у Беларусь. Потым я званю павіншаваць сябровак. А калі надыходзіць Новы год па-італьянску, то ўжо блізкія і сябры з Беларусі тэлефануюць з віншаваннямі нам”.
Традыцыйныя беларускія святочныя стравы ў канцэпцыю італьянскай кухні ніяк не ўпісваюцца. “Тут заўжды, і на святы таксама, гатуюць па вельмі канкрэтнай схеме. Ёсць першае і другое. Першае – гэта паста ці рызота. На другое – мяса альбо рыба і закускі. Для італьянцаў было б вельмі дзіўна змяшаць разам столькі прадуктаў, колькі ўтрымлівае, напрыклад, аліўе ці селядзец пад футрам”.
Зімовыя святы ў Італіі заканчваюцца 6 студзеня – святам Бефаны. Гэта своеасаблівы аналаг Санта-Клаўса, вядзьмарачка, якая прабіраецца ў хату праз трубу і прыносіць дзецям падарункі. Непаслухмяныя дзеці атрымліваюць ад Бефаны вугольчыкі замест падарункаў.
Ганна святкуе Раство разам з праваслаўнымі – гэтую традыцыю яна прывезла і ў Італію. “Мая бабуля гатавала напярэдадні Раства 12 посных страваў. Я тут таксама стараюся рабіць, хаця стравы ўжо больш мясцовыя, а не толькі традыцыйна беларускія. Яшчэ я расказала сваім італьянскім сваякам, што пад абрус трэба класці сена. Але тут сена няма – амаль круглы год наўкола ўсё зялёнае”.


