Каб зрабіць гістарычную літаратуру даступнай невідушчым людзям, гродзенскія бібліятэкары ініцыявалі праект «Гродна: пачуць нябачнае». Зараз ідзе праца над агучкай двух кніг Віктара Саяпіна, летась былі агучаны яшчэ чатыры кнігі гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. Па завяршэнню праекта кнігі паступяць у спецыялізаваную бібліятэку для інвалідаў па зроку. Пра тое, наколькі гэта важна для невідушчых людзей, і пра ролю кнігі ў іх жыцці ўвогуле Hrodna.life пагаварыў з яе чытачамі - Ірынай Новікавай і Валерыем Буднікам.

Ірына Новікава: «Людзі, у якіх дрэнны зрок, інфармацыйна галодныя»

Ірына Новікава, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку, штодзённа кантактуе з людзьмі, якія не бачаць ці маюць слабы зрок. Таму пра іх праблемы ведае не толькі на ўласным досведзе.

«Людзі, якія дрэнна бачаць, інфармацыйна галодныя. Многія з іх, асабліва людзі старэйшага пакалення, ужо даўно перачыталі ўсё, што ёсць у спецыялізаванай бібліятэцы. Новыя ж кнігі па Брайлю цяпер амаль не выдаюцца. Аўдыякнігі таксама з’яўляюцца не так часта, як хацелася б.

Добра яшчэ, калі ў чалавека больш-менш актыўнае жыццё, калі ён можа з сябрамі кудысьці выйсці ці выехаць. Але для многіх, асабліва для людзей старэйшага ўзросту, гэта праблема. Патрэба ж у інфармацыі ў чалавека ёсць заўсёды".

Невідушчыя людзі таксама чытаюць: у Гродне робяць гістарычныя кнігі даступнымі інвалідам па зроку

Яна звяртае ўвага, што больш за 75% інфармацыі людзі, якія добра бачаць, атрымліваюць візуальна. А інваліды па зроку і тыя, хто мае слабы зрок, вымушаны выкарыстоўваць іншыя каналы атрымання інфармацыі.

«Таму цяжка нават пераацаніць значэнне праекту «Гродна: пачуць нябачнае. Чатыры кнігі, агучаныя падчас першага этапу, чытачы спецыялізаванай бібліятэкі адразу ж расхапалі і перачыталі. Для чалавека са слабым зрокам аўдыакніга — гэта ўсё».

[irp posts="13 470″ name=""Справа гонару". Гродзенцаў просяць падтрымаць праект агучвання кніг па гісторыі горада"]

Валерый Буднік: «Хачу чытаць тыя ж кнігі, што і іншыя жыхары горада»

Каля дзесяці гадоў таму Валерый Буднік канчаткова страціў зрок. Не маючы магчымасці чытаць друкаваныя выданні, ён штодзень слухае аўдыякнігі. Аднак, калі ў агучанай мастацкай літаратуры недахопу няма, то кніг па гісторыі катастрафічна не хапае. Таму Валерый Іванавіч, гісторык па адукацыі, з нецярпеннем чакае працягу праекта «Гродна: пачуць нябачнае».

Невідушчыя людзі таксама чытаюць: у Гродне робяць гістарычныя кнігі даступнымі інвалідам па зроку

Уяўленні пра Гродна, пэўныя зрокавыя карцінкі ў Валерыя захаваліся з 70−80-х гадоў, з перыяду, калі ён бачыў найлепш. Кнігі па гісторыі горада дапамагаюць яму атрымаць уяўленне пра родны горад і часткова кампенсуюць тое, што немагчыма пабачыць.

— Мяне ўсё цікавіць, — кажа Валерый. — І старажытная гісторыя Гродна, асабліва перыяд Сярэднявечча, і сучаснае развіццё горада. Адна справа, калі ідзеш па горадзе і нічога пра яго не ведаеш, і зусім іншая — калі ўжо трохі ўяўляеш, што тут было і што цяпер адбываецца вакол цябе.

Навіну пра тое, што ў бібліятэцы плануюць працягнуць праект «Гродна: пачуць нябачнае», ён успрыняў з вялікай радасцю:

— Гісторыя нашага горада мае для мяне важнае значэнне. Бо я тут жыву, хаджу па гэтых вуліцах. Мне цікава ведаць, што робіцца вакол.

Усяго чатыры агучаных кнігі па гісторыі Гродна — гэта вельмі мала, мяркуе Валерый Буднік: «Хочацца ведаць новае. Хочацца быць у курсе таго, што робіцца, што чытаюць іншыя жыхары нашага горада».

Невідушчыя людзі таксама чытаюць: у Гродне робяць гістарычныя кнігі даступнымі інвалідам па зроку

Ірына Новікава: «Кніга, агучаная акцёрам, дазваляе глыбей зразумець сэнс тэксту»

Ірына не ўяўляе сваё жыццё без кніг. Аднак друкаваныя выданні чытае рэдка з-за вялікай нагрузкі на зрок. А вось для праслухоўвання аўдыякніг выкарыстоўвае любую магчымасць. Найчасцей слухае іх перад сном і падчас дарогі, напрыклад, едучы ў камандзіроўку.

«Калісьці я чытала ўсё без разбору, — расказвае Ірына. - Аднак у студэнцкія гады ў мяне „сапсаваўся“ густ, мне стала шкада часу на лёгкія кнігі. Я люблю пазнавальную, навукова-папулярную і духоўную літаратуру. Лічу, што кніга павінна быць ежай для духа, для душы».

Кнігі па гісторыі роднага горада займаюць сярод яе чытанак асобае месца: «Мне цікавая кожная гістарычная кніга, прысвечаная Гродна. Я гатова слухаць такія кнігі нават па некалькі разоў».

Дзякуючы кнігам, што былі агучаны летась, яна даведалася пра многія факты з гісторыі роднага горада. Асабліва зацікавіла яе інфармацыя пра Яна Каханоўскага, стваральніка гродзенскага заапарка, у гонар якога названа адна з вуліц горада. Жанчына кажа, што ёй хацелася б мець магчымасць даведацца і пра іншых славутых гродзенцаў, а таксама пра знакамітых людзей з усяго свету, якія пабывалі ў Гродне.

Кожны дзень яна чытае Біблію. Гэтая кнігу мае ў двух варыянтах: у друкаваным выглядзе і ў аўдыафармаце. Прачытаўшы кавалачак тэксту з дапамогай лупы, пазней жанчына яшчэ і праслухоўвае яго.

«Адкрыла для сябе, што вельмі часта інтанацыі акцёра дапамагаюць зразумець штосьці новае. Калі ты чытаеш сам, можаш не звярнуць увагу на нешта важнае. А ў прачытанні дыктара ўжо расстаўлены пэўныя акцэнты, таму тэкст паўстае для цябе з іншага боку. Прычым у розных акцёраў націск можа быць зроблены на розных словах. Таму цудоўна, што ёсць магчымасць выбраць дыктара, які начытваў тэкст».

Валерый Буднік: «Камп'ютарныя праграмы не могуць замяніць кнігі, агучаныя чалавекам»

Валерый Буднік свабодна карыстаецца камп’ютарам і як многія, чытае навіны ў інтэрнэце. Для гэтага ён выкрыстоўвае адмысловую праграму — скрынрыдар, што агучвае тэкст, на які націскаеш мышкай. Але, такія праграмы, хоць і палягчаюць доступ да пэўнай інфармацыі, не могуць цалкам замяніць сабой кнігі. Хаця б таму, што многіх кніг, у прыватнасці кніг па гісторыі Гродна, у інтэрнэце няма.

«Асабіста я магу адсканаваць звычайную кніжку і папрасіць якога чалавека, каб ён мне яе адрэдагаваў. Пасля слухаю з дапамогай таго ж скрынрыдара. Але гэта вельмі марудна. Яшчэ і чалавека трэба знайсці, які згодзіцца дапамагчы».

Асабліва складана ў такім выпадку з кнігамі, напісанымі па-беларуску. Сінтэзатары мовы, якія агучваюць тэкст на камп’ютары, вельмі няякасна перадаюць беларускую мову. Але і ў выпадку з рускамоўнымі тэкстамі значна прыемней слухаць тое, што агучана чалавекам, а не сінтэзатарам.

Аднак нават такія марудныя і не асаблівыя зручныя спосабы даступныя далёка не ўсім, бо многія невідушчыя людзі не валодаюць камп’ютарам.


Леташняя частка праекта была зроблена дзякуючы спонсарскай дапамозе. Сёлета грошы на агучку двух кнін збіраюць праз краўдфандынгавую платформу maesens.by. Арганізатары звяртаюцца да ўсіх неабыякавых гродзенцаў з просьбай падтрымаць праект, ахвяраваўшы хаця б невялікую суму. Збр сродкаў ідзе да 13 мая.

Праект перайменавалі, бо ён апынуўся шырэйшым

Як паведамілі арганізатары, у працэсе рэалізацыі другога этапа праект быў перайменаваны. Стала зразумела, што аўдыякнігі пра Гродна могуць быць цікавым і карысным не толькі для невідушчых людзей. Зараз праект мае назву «Гродна: гісторыя ў гуку». Аднак гэта ніколькі не супярэчыць мэтам, заяўленым ад пачатку.