Андрэй Несцяровіч, уладальнік крамы «Цудоўня» паразважаў пра кошты ў «Капеечцы» і «ідэйна-беларускіх» крамах. Ён лічыць, што ў такіх крамах да наведвальнікаў ставяцца як да гасцей — і ў тым ліку таму ў бізнэсоўцаў справы ідуць не вельмі. Нагодай для разважання стаў «хэйтавы каментар». Рэдакцыя Hrodna.life публікуе яго меркаванне. Паўдзельнічаць у дыскусіі - тут!
«Хвілінка разважанняў і сумнаватай іроніі.
Натыркнуўся на хэйтавы каментар пад пастом аднога чалавека пра беларускія крамы. Аўтар камента выказваўся на тэму таго, што шалёныя кошты, што купляюць у вырабніка тавар і (о, божухна!), прадаюць яго даражэй чым набылі на цэлых некалькі рублёў (!) і што трэба больш арыентавацца на спажыўцоў.
Гродзенец Андрэй Несцяровіч заснаваў этнакраму «Цудоўня» ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года краме выпісвалі штрафы, а таксама пазбавілі памяшкання. Нягледзячы на гэта, пляцоўка працуе, а гаспадар застаецца ў Беларусі і не плануе з’язджаць.
Чытайце таксама: «Беларуская культура за межамі нікому не патрэбная». Уладальнік гродзенскай этнакрамы распавёў, чаму не з’язджае з Беларусі
І вось не утрымаўся ад іроніі на тэму спажывецкага стаўлення спажыўцоў. Ну і нават пэўнага зварота да ўсіх, хто падобнага аўтару камента меркавання прытрымліваецца.
Спажыўцы вы мае даражэнькія. Многія беларускія (ідэйна-беларускія, у якія іх заснавальнікі душу укладалі і часта каб іх праэкт не загнуўся ў гэтай краіне, тую душу каму толькі не закладалі) крамы вас нават за пакупнікоў не лічаць, кліентамі не лічаць, за рэсурсную базу не ўспрымаюць, а ставяцца да вас як да гасцей, наведнікаў, аднадумцаў, амаль сяброў. Па-чалавецку ставяцца. І магчыма, таму часта ў гэтых месцах справы ідуць так сабе. Бо іх заснавальнікі не «бізнес дзелают» а справу робяць, спрабуюць свет вакол змяніць да лепшага і пры тым самім да Абрама на піва не напрасіцца. І ніхто з вас, даражэнькія спажыўцы, не ўяўляе (як падымаецца рука пісаць такія каменты), за што у такіх крамах вы плоціце. І наўрад ці нехта задаецца пытаннем, навошта вы плоціце.
Грошы — гэта сродак абмена. І калі адзін бок прапануе толькі тавар — плата, натуральна ідзе за тавар. Калі той жа бок прапануе нешта большае за тавар — справядлівы разлік за такую прапанову мусіць быць адпаведным.
І калі б дарагія спажыўцы сталі меньш спажываць, а звярнулі ўвагу на адрозненне ў стаўленні да вас у касірцы «1 капеечкі» і кнігара з прыватнай кнігарні ці чалавека, які сустракае вас у беларускаарыентаванай краме ці кавярні, то, магчыма, у вас бы з’явілася нават жаданне дадаткова аддзячыць за тое, што вы атрымліваяце ў такіх месцах у дадатак да тавара ці паслугі. І вось чарговым разам узнікае пытанне, які ж ён насамрэч, беларус, які ў Беларусі беларусу беларус.