Прадпрымальнікі, якія раней маглі не плаціць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), буду гэта рабіць з 2023 года. Закон аб адпаведных зменах падпісаў 18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. Раней іпэшнікі, якія адначасова працавалі недзе па працоўнай дамове або кантракце, маглі не плаціць за сябе ўнёскі.

З 2023 года прадпрымальнікаў пазбаўляюць ільгот на аплату ФСАН. Але ёсць выключэнні
Беларускія грошы. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: depositphotos.com

Што зменіцца для індывідуальных прадпрымальнікаў: каго прымусяць плаціць, а каго не

Да зменаў індывідуальны прадпрымальнік плаціў за сябе ўнёскі ў ФСАН толькі тады, калі гэта была яго адзіная праца. Калі адначасова ён быў наёмным супрацоўнікам па кантракце ці дамове і за яго плаціў унёскі працадаўца, то прадпрымальнік плаціў іх па жаданні. Пры гэтым ён самастойна вызначаў суму, ад якой сплачваў унёсак. У практыцы большасць ІП пры магчымасці не плаціць не плаціла нічога.

З 2023 года індывідуальныя прадпрымальнікі, як і ўсе астатнія фізічныя асобы, будуць абавязаны плаціць ФСАН, нават калі будуць мець асноўнае працоўнае месца па працоўнай дамове.

Не плаціць унёскі ў ФСАН змогуць толькі ІП, якія атрымоўваюць пенсіі, маюць права на дапамогу па даглядзе за дзіцём да трох гадоў, атрымоўваюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю ў дзённай форме навучання.

Афіцыйна ўсе гэтыя змены ўводзяцца, каб «павысіць узровень сацыяльнай абароненасці фізічных асоб, якія самастойна аплачваюць страхавыя ўнёскі».

Што зменіцца для фізічных асоб, якія не адкрылі ІП

З пачатку 2023 года для фізічных асоб, дзейнасць якіх не адносіцца да прадпрымальніцкай, увядуць новы прынцып падаткаабкладання. Для іх увядуць падатак на прафесійны прыбытак. Ён будзе ўключаць унёсак у ФСАН.

Новы закон уключае нормы, якія рэгулююць улік унёскаў і іх размеркаванне, а таксама прадастаўленне льготаў, якія вызваляюць ад падатка пенсіянераў.

Што яшчэ змянілася

З 1 кастрычніка 2022 года ўвядуць новы для Беларусі від пенсійнага страхавання. Гэта будзе добраахвотная дапаўняючая накапіцельная пенсія. Гэты від пенсійнага страхавання прадугледжвае ўдзел дзяржавы ў накапленні будучай дадатковай пенсіі для грамадзян.

Чытайце таксама: «Пакуль ішоў да банка — курс вырас, і грошай не хапіла». Як гродзенскі бізнес выжывае ў час вайны і санкцый