93 беларускія футбалісты з розных каманд, у тым ліку і гродзенскага «Нёмана», запісалі зварот, у якім выступілі з асуджэннем гвалту ў краіне і нагадалі, што ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню.
Відэа з’явілася на Youtube-канале «Нежно о футболе» 12 верасня.
«Мы запісалі гэта відэа, таму што не можам маўчаць. Маўчаць, калі б’юць нашых людзей, сяброў, калегаў. Мы — футбалісты розных каманд, але адной краіны. Мы кіруемся толькі сумленнем і нецярпімасцю да ўсяго, што адбываецца ў нашай краіне. Выказваем спачуванні родным тых, хто быў забіты. Хочам выказаць словы падтрымкі ўсім тым, хто пацярпеў, быў паніжаны, жорстка збіты і пакалечаны. І заклікаем — спыніце гвалт!» — сказалі спартсмены ў відэа.
Ад гродзенскага «Нёмана» ў звароце выступілі Сяргей Курганскі, Уладзіслаў Яцкевіч, Артур Слабашэвіч, Павел Забелін, Дзмітрый Іваноў, Яўген Ляшко, Раман Пасевіч, Дзмітрый Дудар і Валерый Жукоўскі.
Пратэсты ў Беларусі працягваюцца больш за месяц. За гэты час былі затрыманыя і асуджаныя тысячы чалавек, пацярпелі некалькі сотняў, ёсць загінулыя.
12 верасня футбалісты «Нёмана» ў Брэсце абыгралі мясцовы «Рух» — 3:2. Гродзенцы працягваюць трымацца на трэцім радку ў турнірнай табліцы і маюць у сваім актыве 41 ачко.