Чытач Hrodna.life Уладзь даслаў у рэдакцыю фатаграфіі з відамі Гродна 1970−80-х гадоў. Негатывы ён знайшоў 7 лютага каля смеццевых бакаў на праспекце Касманаўтаў. Карэспандэнт Hrodna.life паспрабаваў даведацца, каму маглі належаць гэтыя здымкі.
Знаходка ў смецці
Фатаграфіі Уладзь даслаў у рэдакцыю. Іх ён знайшоў у двары на рагу Пралетарскай і праспекта Касманаўтаў. Каля смеццевых кантэйнераў ляжала трохі старой савецкай мэблі і адкрыты чамадан. Там амаль нічога не было, акрамя фатаграфіі ўсмешлівага дзіцяці ў ажурнай рамцы. Пад ёй ляжалі іншыя здымкі, плёнкі і слайды-дыяпазітывы.
«Іх маглі проста вывезці на звалку. Першае, што кінулася ў вочы: фатаграфія на Старым мосце Гродна. Па выглядзе 1970−80-х гадоў. На фотаздымках таксама былі кадры з святкавання 35-годдзя дня Перамогі - шмат гараджан. Быў здымак на Карла Маркса з Фарным касцёлам удалечыні, на вуліцы Савецкай. Былі і яшчэ вельмі новыя дамы каля кінатэатра „Усход“, кадры з нейкага прадзільнага прадпрыемства, работнікі і станкі», — распавядае Hrodna.life Уладзь.
«На здымках жывыя і праўдападобныя людзі»
Разам з фотаздымкамі былі раскіданыя брашуры па фотаздымцы, лісты з калькуляцыяй фотаматэрыялаў. Побач быў канверт, а на ім імя — Лысенка Іван Рамановіч. Уладзь выказаў здагадку, што здымкі і рэчы належалі калісьці гэтаму чалавеку.
Уладзь пашукаў у інтэрнэце і знайшоў, што з 1994 або 1997 года чалавек з такім імем быў у Гродна індывідуальным прадпрымальнікам. У 2009 годзе ён памёр.
«Кім дакладна быў гэты чалавек, я не ведаю. Ці ведаюць яго дзеці і ўнукі, што стала з фотаздымкамі - таксама. Але на каляровых фотаздымках вельмі жывыя і праўдападобныя людзі. Магчыма, хтосьці пазнае сябе ці сваіх родных».
Уладзь спадзяецца, што калі-небудзь у Гродне з’явіцца музей жыхароў горада, дзе будуць, акрамя ўсяго, і такія фатаграфіі.
Улад распавёў нам пра здымкі 7 лютага. На наступны дзень у рэдакцыю напісаў яшчэ адзін чытач і распавёў, што таксама знайшоў цікавую фатаграфію каля смеццевага кантэйнера на праспекце Касманаўтаў. Здымак быў каляровы, 1980-х гадоў. Магчыма, і ён належаў Івану Лысенку.
Ці быў фатографам Іван Лысенка?
Паводле інфармацыі Hrodna.life Іван Лысенка — былы вайсковец. Ён жыў недалёка ад кінатэатра «Усход» — у доме 10Б на праспекце Касманаўтаў, дзе давалі кватэры афіцэрам.
У фотаклуба «Гродна» распавялі Hrodna.life, што Лысенка быў актыўным членам клуба ў канцы 1980−1990-х гадоў. Ён удзельнічаў у выставах, у архіве клуба ёсць яго фатаграфіі. На пенсіі ён працаваў фатографам на прадзільна-нітачным заводзе. Чаму яго здымкі апынуліся на сметніку, у фотаклубе не ведаюць.
На наступны дзень пасля публікацыі гэтага матэрыялу ў рэдакцыю Hrodna.life напісаў унук Івана Лысенкі Уладзімір. Ён працуе фатографам у Гродне. Уладзімір распавёў, як фатаграфіі апынуліся на сметніку.
«Разграбалі кватэру. Дзед і бацька былі фатографамі, яны займаліся здымкай у 1980−90-х гг. Што мог, я адабраў сабе, астатняе прыйшлося выкінуць. У архівах захавалася шмат плёнкі, яе трэба праяўляць. У будучыні планую перабраць ўсе, што адклаў. Магчыма, калі-небудзь зраблю выставу».
Дзе яшчэ можна ўбачыць стары Гродна?
У пачатку лютага беларускі журналіст Уладзімір Садоўскі падзяліўся на сваёй старонцы ў Facebook каляровымі фатаграфіямі Гродна 1980-х гадоў. Здымкі Гродна ён знайшоў у архіве сям'і Сакірка.
Глядзіце таксама нашы папярэднія падборкі старых фотаздымкаў Гродна:
- Спустя 100 лет: потомки гродненских евреев привезли из Швейцарии снимки Гродно после Первой мировой
- Гродно и гродненцы: публикуем очередной фотоархив горожан 1930−40-х годов
- Погиб в 1939 году, но оставил большой фотоархив. История одного офицера из Гродно
- Смотрите, как выглядел центр Гродно во время Второй мировой (редкие фото)
- Экскурсия в прошлое: смотрите фото Гродно конца 1950-х
- Гродненец собрал уникальный архив городской жизни (1980−2018)