«Неба трэба паважаць». Як гродзенскі дыджэй стаў парапланерыстам выхаднога дня

Аляксандр Цывінскі, вядомы ў Гродне як Dj Botanik, лётае на параплане ён каля двух гадоў. Палётамі пачаў займацца пасля скачкоў з парашутам: хацеў паспрабаваць нешта новае, а цяпер ужо не можа ўявіць сабе жыццё без параплана. Пасля неба да Александра прыходзіць унутраная гармонія і іншыя “пост-эфекты”, якiя спрыяюць стварэнню новых трэкаў.

Першы раз у небе гродзенец апынуўся каля чатырох гадоў таму – скакаў з парашутам. Новыя эмоцыі яму спадабаліся, але на камерцыйнай аснове скакаць было накладна і нязручна. Але жаданне зноў і зноў вяртацца ў неба не пакідала Аляксандра ў спакоі.

«Часта бачыў над дачай парапланерыстаў, ціха зайздросціў і ўяўляў, як ім крута лётаць над аблокамі побач з птушкамі. Тады я нават не ведаў, што гэта параплан. Думаў проста парашут з маторам.

Пазней выпадкова наткнуўся на тэму парапланерызму на Гродзенскім форуме. Пачытаў, паглядзеў, звязаўся з хлопцамі. Прыехаў на палёты, мне далі паспрабаваць падняць крыло. Праз месяц купіў сваё крыло і падвеску, займаўся наземнай падрыхтоўкай і праз чатыры месяцы набыў матор і першы раз паляцеў.

Адчуванні ад першага палёту былі змазаныя і незразумелыя. Сядзець нязручна, усё шуміць, вібруе. Але праз 2-3 палёты, калі ўдалося сесці зручна ў падвеску, агледзецца і расслабіцца – адчуванні ўжо былі зусім іншыя»

Перад небам – наземная падрыхтоўка

Каб асвоіць палёты на параплане, перадусім трэба стаць самодысцыплінаваным, навучыцца чакаць і ўмець адмовіцца ад палётаў, кажа Аляксандр. Трэба ўмець прымаць правільныя рашэнні, слухаць і ўмець чуць старэйшых таварышаў, больш вопытных пілотаў.

«Перад тым як падняцца ў неба, неабходна асвоіць базавую тэарэтычную частку і прайсці наземную падрыхтоўку. Звычайна навучанне тэорыі адбываецца падчас трэніровак на зямлі. Для пачатку трэба навучыцца падымаць крыло, умець трымаць яго над сабой, прабегчыся з ім па полі, часам абыходзячы перашкоды. Наступны этап гэта невялікія падлёты з горак, часам зацяжкі на невялікую вышыню метадам буксіроўкі – па прынцыпе паветранага змея. Падчас гэтага этапу адпрацоўваецца кіраванне парапланам і прызямленне.

Паколькі ў нас няма гор і пагоркаў, прыдатных для свабодных палётаў, а зацяжкі на лябёдцы не вельмі развітыя, то ўсе лётаюць з маторам. Палёт з маторам – завяршальны этап навучання. Пасля таго як першы раз падняўся ў паветра з маторам – адбываецца цырымонія пасвячэння ў мотапарапланерысты. Палёты з маторам маюць шмат пераваг перад свабоднымі палётамі: можна выбіраць месца ўзлёту-прызямлення, маршруты, вышыню з меншай прывязкай да ўмоў надвор’я».

У Гродне няма школы парапланерызму, але гродзенскія пілоты заўсёды дапамогуць пачаткоўцам. Так было і з Аляксандрам, які вельмі ўдзячны старэйшым таварышам за тое, што вучылі, “цягалі на вяроўцы”, лаялі, раілі. Ён кажа, што навучыцца парапланерызму самастойна, па роліках на ютубе, будзе не проста вельмі складана і практычна немагчыма, а нават небяспечна.

Пачаткоўцам можна лётаць і на ўжываным

Сёння з фінансавага пункту гледжання парапланерызм больш даступны, чым 3-5 гадоў таму. Камплект абсталявання, які ўключае сам параплан (крыло), устаноўку з маторам, запасны парашут, шлем і рацыю можна купіць за 2000-2500 долараў.

«Неба трэба паважаць». Як гродзенскі дыджэй стаў парапланерыстам выхаднога дня
Матор з падвескай важыць 25 кілаграм

«Такі цэннік ва ўжыванага абсталявання, а вось новае ў тры разы даражэй. Расходныя матэрыялы – бензін і масла, але гэта нязначная частка выдаткаў. Больш важкія выдаткі – шрубы, якія перыядычна ламаюцца, асабліва на этапе першых палётаў і навучання. Кожны ад 50 да 100 долараў. У сезон можна ламаць 3-4 штукі. Але можна і проста лепш лётаць і нічога не ламаць”.

Атрымаць дазвол на палёты стала лягчэй

Парашутыстам і парапланерыстам патрэбныя прыдатныя ўмовы надвор’я: вецер да 4 м/с, адсутнасць ці нязначная тэрмічная актыўнасць, адсутнасць ападкаў. Звычайна, добры час для палётаў гэта раніца і вечар. Аляксандр стараецца выкарыстоўваць любую магчымасць палётаць, калі ёсць надвор’е, але не на шкоду сям’і і працы. У лётны сезон хлопец у сярэднім падымаецца ў неба раз у тыдзень.

«Каб лётаць трэба абавязкова атрымаць дазвол. Цяпер з гэтым стала прасцей. Кіраўнік палётаў павінен за дзень да палётаў падаць заяўку з указаннем месца, часу, радыусу, вышыні, частаты радыёсувязі, пілотаў, якія прымаюць удзел. Калі правільна выбраць месца, якое не замінае авіяцыі і ў аддаленасці ад дзяржаўнай мяжы, як правіла, не адмаўляюць».

Неба трэба паважаць

Усяго ў Гродзенскай вобласці займаецца парапланерызмам каля 30 пілотаў. У Гродне – чалавек 15. У гэтым годзе да аматараў пабываць у небе ўжо далучыліся некалькі хлопцаў, якія нават паспелі палётаць.

«Лётаць не страшна, а прыемна. Бывае страх перад няштатнымі сітуацыямі, якія ў пілотаў з невялікім вопытам, накшталт мяне, адбываюцца пры ўзлёце або пасадцы. Але баяцца не трэба, а варта быць асцярожным, усведамляючы ступень адказнасці за сваё здароўе і жыццё. Неба трэба паважаць. Памятаць, што твая бясстрашнасць і неслушныя неабдуманыя дзеянні могуць каштаваць вельмі дорага. Адным словам, рукі трэсціся не павінны, але і казаць што я нічога не баюся – таксама не варта”.

«Неба трэба паважаць». Як гродзенскі дыджэй стаў парапланерыстам выхаднога дня
Аляксандр перад палётам

На парапланы распаўсюджваюцца правілы для звышлёгкай авіяцыі

Тэхнічна парапланерыст можа падняцца да чатырох кіламетраў – гэта вельмі высока. У гісторыі бывалі выпадкі, калі пілоты, праўда, не па сваёй волі, падымаліся на 11 тысяч метраў, а гэта ўжо стратасфера. Аляксандр распавядае, што так высока лётаць не цікава, бо там холадна і нічога не відаць.

«Калі аблокі не высока, добра палётаць вакол іх і над імі. Калі казаць пра ніжнюю планку, то ў добрае надвор’е вопытныя пілоты могуць лётаць, пальцамі ног дакранаючыся зямлі.

Безумоўна, ёсць правілы якіх трэба прытрымлівацца. На нас распаўсюджваюцца правілы для звышлёгкай авіяцыі. А там, як на дарозе, ёсць прыярытэт і іншае. Калі казаць пра параплан, то ёсць і свае правілы, напрыклад, паводзін у няштатных сітуацыях».

Трэба ісці да сваёй мары

Свае палёты гродзенскі дыджэй не лічыў. Спрабаваў спачатку, калі вёў лётную кніжку, але потым закінуў гэтую справу.

«У нас прынята лічыць не разы, а гадзіны, як у пілотаў. Але мне тут пахваліцца пакуль няма чым, бо у мяне гэта другі сезон, і я пілот выхаднога дня, ды яшчэ і з перыядычнай працай па выхадных. Думаю, мой налёт не больш за 15 гадзін.

Я пачатковец, але магу даць параду пачаткоўцам – ісці да сваёй мары, не палохацца і атрымліваць задавальненне не толькі ад мэты, але і ад самога шляху. Астатнія парады дадуць на полі старэйшыя таварышы».

«Неба трэба паважаць». Як гродзенскі дыджэй стаў парапланерыстам выхаднога дня
Аляксандр лётае каля Гродна ў вячэрні час

Параплан не варта разглядаць як бізнес. Гэта не самалёт і нават не дэльтаплан. У Гродне можна палётаць у тандэме, але для пілотаў, якія могуць пракаціць у тандэме – гэта не спосаб заробку, а хутчэй жаданне падарыць людзям задавальненне ад адчування палёту.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: