«У нас усюды рамкі, а з іх трэба ўвесь час выходзіць». Як творчы праект «АнТрисоль» развівае дзяцей і іх бацькоў

Здзівіць і зацікавіць сучаснае дзіця, якое ўжо ў пачатковых класах атрымала ад бацькоў айфон або планшэт і з малога ўзросту ўмее карыстацца камп’ютарам, у якога столькі цацак, што палова з іх забываецца на наступны дзень пасля пакупкі - задача з зорачкай. Большасць бацькоў ідзе двума шляхамі: адны імкнуцца адшукаць штосьці яшчэ больш незвычайнае і дарагое, іншыя — звяртаюцца да альтэрнатыўных спосабаў, якія сёння здаюцца больш выйгрышнымі і натуральнымі.

Пра тое, чаму могуць навучыць дзеці, пра вобраз сучаснага дзіцяці і ўласнае бачанне забавы і выхавання дзяцей распавядаюць заснавальніцы і ўдзельніцы праекта творчага дасугу дзяцей і бацькоў «АнТрисоль» — Вольга Хробак і Таццяна Валошчык.

Чаму ваш праект называецца «АнТрисоль»? Як з’явілася назва?

Вольга: Антрэсоль — гэта такая палічка, дзе ёсць усё. Нешта дарагое і цёплае, на час адкладзенае, якое чакае свайго часу. Мы ведаем, што ў любы момант можам да яго звярнуцца. Наш праект — гэта тры чалавекі, якія сябруюць, разам складаюць будучыя сцэнары. Гэта я, Таццяна і яе муж Васіль.

Таццяна: У мяне антрэсоль асацыюецца з паддашшам, дзе мноства старых цацак, кніжак, нейкіх дзённікавых запісаў. Там ёсць тое, што мы можам разам з дзецьмі раскрыць, адкрыць, пачытаць і выкарыстоўваць для гульні.

Вольга: Таксама мы выбралі гэту назву таму, што ў ёй ёсць соль — музычны складнік. Мы ўсе музыкі і хочам, каб у жыцці дзяцей было больш музыкі. Таму на нашых святах часта граем: Вася — на флейце, гітары, губным гармоніку. Мы з Таняй падпяваем. Часам складаем музыку. Праўда, яшчэ не выкарыстоўвалі яе ў сцэнарах.

Чаму вы называеце «АнТрисоль» менавіта праектам, а не кружком ці студыяй?

Таццяна: Нам было складана падабраць нейкае слова, каб вызначыць наш занятак. Нам не падабаецца слова «аніматар» — мы не аніматары, хоць і праводзім мерапрыемствы да Дня нараджэння ці Новага года. Мы не купляем гатовае, а робім усё сваімі рукамі. Выкарыстоўваем ўсякія кардонкі і драўляныя штукі.

Калі да нас прыходзяць бацькі ў першы раз, многія з іх упэўненыя, што калі пакупное і вельмі прыгожае — значыць, якаснае. Мы ж мэтанакіравана карыстаемся дзіцячымі малюнкамі, дзеравяшкамі і іншымі, створанымі намі і нашымі дзецьмі матэрыяламі. Тыя, хто прыходзіць паўторна, адзначаюць гэта. Ім падабаецца такая самабытнасць.

Мне падабаецца слова праект. Яно такое вольнае, не прывязанае ні да чаго.

Вольга: Увогуле, слова «праект» для нас — гэта сімвал свабоды

Чым вы займаліся да праекта?

Вольга: Раней я працавала ў школе настаўнікам музыкі ў 1−8 класах, канцэртмайстрам, падыгрывала на ўроках балета. Потым пайшла ў цэнтр ранняга развіцця «Мэры Попінс» на пасаду педагога па раннім развіцці і тэатралізацыі. Зараз працую ў дзіцячай кнігарні і часам радую дзетак у складзе праекта і на дзіцячым арт-пікніку.

Таццяна: Я скончыла ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці юрыдычная псіхалогія і зразумела, што, вядома ж, юрыдычным псіхолагам не буду. Пайшла працаваць у садок дзіцячым псіхолагам. Потым узяла дэкрэтны адпачынак. Цяпер вось ужо ў трэці раз. Будучы ў дэкрэце, шмат займаюся рукадзеллем. Тры асноўных стрыжні - гэта «АнТрисоль», дзіцячая экостудия і Арніка. Арніка — гэта розныя вырабы з экалагічных матэрыялаў: слінгабусы, экаторбы, брошкі.

У чым асаблівасць вашага праекта?

Вольга: Па водгуках бацькоў, якія прыходзяць да нас зноў, наш праект — гэта цёплая, душэўная атмасфера. Вельмі важна, што мы не выкарыстоўваем спампаваныя з інтэрнэту гатовыя матэрыялы, якія падаюцца без душы.

Таццяна: А я адзначу экалагічную накіраванасць, выкарыстанне якасных натуральных матэрыялаў. Нашы сцэнары ідуць ад душы, яны не арыентаваныя толькі на забаву. Мы стараемся прыўносіць у пастаноўкі нешта развіваючае і пазнавальнае. Як кажа кіраўніца пакою адпачынку «Лета», ёй падабаецца, што на нашых святах дзеці не ўзбударажваюцца, а супакойваюцца.

Вольга: Я педагог, Таня — псіхолаг, а Вася — музыка. Гэта вось такое трыадзінства, якое, у выніку, і вылілася ў дзівосны вынік.

Хто піша сцэнары?

Вольга: Мы разам. З’яўляецца нейкая ідэя, і мы пачынаем яе раскручваць. Гэта амаль заўсёды і тое, што цікава нам самім і, вядома ж, дзецям. Былі цікавыя рыцары — мы зрабілі сцэнар пра рыцараў. Стараемся рабіць тое, чаго самі не ведаем, развіваемся.

Якія сцэнары ў вас ужо ёсць?

Таццяна: Ёсць рыцары, індзейцы, космас, сярэднявечча, піраты, Афрыка. Пра непадабенства да іншых ёсць, пра тое, што трэба быць сабой. Для малых шмат ёсць сцэнарыяў. Зімовая праграма, да Дня нараджэння. У будучыні плануем зрабіць больш казак і тэатралізацыі. Думаем пра тое, каб стварыць нешта на аснове беларускага фальклору.

Вольга: Мы наогул касмапаліты. І гэта пэўным чынам уплывае і на тое, чым мы займаемся. Я хачу яшчэ дадаць, што маё дзяцінства прайшло ў асяроддзі беларускіх песень, якія слухала і спявала мама. Пакуль мы яшчэ шукаем гэтую беларускую песню, казку, якая стане асновай для нашага свята.

Як вы можаце ахарактарызаваць працу з дзецьмі?

Таццяна: Калі мы праводзім мерапрыемствы, я цалкам раствараюся. Проста не бачу нічога навокал. Для мяне тое, што адбываецца — гэта рэальна. Увесь час, пакуль доўжыцца сцэнар, я знаходжуся ў іншым свеце, як у дзяцінстве.

Вольга: У школьныя гады мы былі вельмі сур’ёзнымі дзяўчынкамі. Я часта сядзела на лавачцы ў асяроддзі бабуль і слухала іх размовы, а Тані заўсёды складана было выходзіць на кантакт. Мы зараз разумеем, што такім чынам мы прайграем сваё дзяцінства. Такі стан ацаляе, а дзеці акрыляюць. Яны — крыніца прыгажосці і чысціні.

Чаму нас вучаць дзеці?

Вольга: Непасрэднасці. Яны заўсёды кажуць тое, што думаюць і робяць тое, што хочуць. Іхныя думкі чыстыя.

Таццяна: Дзеці вельмі часта па-за рамкамі. А гэта вельмі важна, асабліва, у сучасным свеце.

А бацькі ўдзельнічаюць у вашых падарожжах?

Таццяна: Большасць бацькоў, якія прыводзяць да нас на святы дзяцей, зацікаўленыя. Яны хочуць удзельнічаць. Рэдка, але бываюць бацькі, якія баяцца ці не хочуць.

Вольга: Мне здаецца, сёння не ўсе прапануюць бацькам удзел. Я ўспамінаю адно з нашых святаў на тэму сярэднявечча. Вы не ўяўляеце, як бацькі танцавалі разам з дзецьмі, колькі радасці было ў іх вачах! Выдатны стан і адчуванне. Мы адчулі, што рухаемся ў правільным кірунку.

Ці бярэце вы нейкія ідэі ад дзяцей?

Таццяна: Аднойчы мы не ведалі, як намаляваць прынца і прынцэсу, караля і каралеву. І тады мае дзеці - Вара і Ваня — вырашылі праблему: героі атрымаліся не пафасныя, не напышлівыя, а сціплыя, у звычайнай вопратцы. Прынцэсы былі з рознымі рукамі: адна больш, адна менш. Толькі па кароне можна было зразумець, што яны належаць да вышэйшага грамадства. Мне спадабалася, што выйшла такая праекцыя нас, людзей. Мы ёсць тыя, як мы сябе бачым. Хтосьці носіць карону і робіць на ёй акцэнт, а для кагосьці яна толькі адзін з элементаў выявы. Дзеці адчуваюць, што ім блізка і разумеюць, што мы хочам паказаць і сказаць.

Вольга: У кожным з удзельнікаў «АнТрисоль» унутранае дзіця — жывое і непасрэднае. Напэўна, менавіта гэта збліжае нас з дзецьмі. Гэта выдатна — не баяцца адкрываць у сабе дзяцей. У нас жа цяпер усюды рамкі. З самага дзяцінства. А з іх трэба ўвесь час імкнуцца выходзіць. Не заціскаць дзіця ў рамках — гэта самае важнае.

Сучаснае дзіця — яно якое?

Вольга: Сучаснае дзіця — самотнае. Я сустракаюся з рознымі дзецьмі і магу зрабіць такую выснову. Бацькі занепакоеныя зарабляннем грошай і не маюць зносін з дзіцем глыбока і паўнавартасна. Я лічу, нават мінімальныя пятнаццаць хвілін у дзень цёплай размовы — гэта тая неабходнасць, каб дзіця адчула сябе важным і патрэбным.

Таццяна: Я лічу, што сучаснае дзіця фармуецца тым, якім яму дазваляюць бацькі. Трэба ўсё рабіць з дзецьмі: на працы, дома і ў любым іншым месцы. Важна такім чынам спланаваць сваё жыццё, каб дзіця максімальна часта было побач. Зразумела, што гэта складана. Але не спрабаваць — яшчэ больш складана. Асабіста я ні аднаго дзіцяці не аддавала ў дзіцячы сад. Яны ўвесь час былі побач са мной, мы з імі рабілі ўсё разам.

Я даўно вырашыла для сябе, што не хачу марнаваць сваё жыццё на тое, што мне не падабаецца. Мне ўдалося быць разам з дзецьмі і сумяшчаць гэта з працай. Калі сямейныя адносіны наладжаны, калі бацькі і дзеці ходзяць у паходы, прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, гэта выхоўвае ў дзецях павагу да бацькоў, людзей і свету.

Вольга: Вельмі важна развіваць у дзяцей фантазію, эмацыйную базу. У нашым свеце занадта шмат спажывецтва. Трэба старацца адыходзіць ад пастаяннага забеспячэння дзіцяці цацкамі, гаджэтамі. І дзеці ж адчуваюць, што гэта не важна: яны хочуць любові і ўвагі.

Са з’яўленнем другога дзіцяці я перастала купляць цацкі. Па-першае, засталіся яшчэ ад старэйшага. Па-другое — я зразумела, што навакольны свет нашмат багацейшы і цікавейшы. Індзейцы лічылі, што прыгожае можна знайсці ва ўсім, нават у простай драўлянай палачцы.

А якія сучасныя бацькі?

Вольга: Мне здаецца, сучасныя бацькі ў выхаванні дзяцей мала ўвагі надаюць творчасці - музыцы, маляванню, танцам. Бо ўсе мы надзелены талентамі. Дастаткова толькі паслухаць разам з дзіцём музыку на ноч ці пачытаць кніжку. Гэта так проста і зразумела.

Мала думаюць бацькі і пра экалогію, дазваляючы сваім дзецям расці ў забруджаным асяроддзі. А потым яшчэ і дзівяцца, адкуль з’явілася алергія.

Таццяна: Я знаёма толькі з добрымі сем’ямі, і мне складана апісаць вобраз сучасных бацькоў. Магчыма, шмат каму з нас пара супакоіцца і перастаць думаць пра кучу рэчаў, якія на самай справе нікому не патрэбныя.

У дзіцяці павінен быць аўтарытэт. У першую чаргу, сярод бацькоў: той хто любіць, але адначасова строгі. Поўная свабода — не ёсць добра. Дзеці павінны быць падрыхтаваныя да гэтай свабоды. Мы павінны ўкласці ў дзіцяці трывалую базу, не баючыся потым яго адпусціць.

Што ў вас у планах на будущее?

Вольга: Мы хочам, каб у Гродне з’явіўся невялікі стары домік з гарышчам, з прасторай для дзяцей, дзе яны змогуць пагуляць у старыя гульні і са старымі цацкамі. Сучасным дзецям не хапае цёплых рэчаў, цеплыні.

Таццяна: У Васі ёсць мара — зрабіць буду і ездзіць з ёй па розных месцах. Абсталяваць такі невялікі перасоўны тэатр, накшталт батлейкі, каб паказваць дзецям розныя прадстаўленні. Але дом з гарышчам — першачарговая мэта.

Шэсць парадаў бацькам ад праекта «АнТрисоль»

1. Любіце вашых дзяцей: ім не патрэбныя цэнтры развіцця, разумныя цацкі і новыя модныя адзенні. Усё, што ім неабходна, ужо ёсць у вас — шчырая любоў. Не бойцеся паказваць і гадаваць гэта глыбокае пачуццё.

2. Дзеці - нашы настаўнікі, дзякуючы якім мы становімся цярплівымі, абачлівымі, вучымся любіць бескарысліва. Зрабіце ўсё магчымае, каб дзіця ў вашай сям'і адчувала сябе добра. Памятаеце: на вас глядзяць, за вамі назіраюць, гэтыя маленькія вочы ўсё прыкмячаюць і ўсё, што адбудзецца, застанецца, адціснецца на ўсё жыццё, несучы за сабой велізарныя наступствы.

3. Ніколі не рэалізоўваць свае амбіцыі праз дзіцяці: у дзяцей свой шлях. Ніколі не прымушайце вучыцца на выдатна, старайцеся чуць патрэбы, а не сваю волю.

4. Не сварыцеся на сваіх дзяцей: вучыцеся тлумачыць і аналізаваць.

5. Рабіце ўсё, каб дзіця адчувала і ведала, што сям’я — гэта спакойнае, добрае, утульнае, абароненае месца, дзе яно можа заўсёды папрасіць дапамогі, спытаць парады, падзяліцца чымсьці важным.

6. Давярайце адзін аднаму.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024