«Не самы горшы спосаб забіць час». 10 анімэ, якія варта паглядзець не толькі аматарам жанру

Анімэ — японская анімацыя — аб’ядноўвае мноства жанраў: фантастыку, драму, містыку, жахі, камедыю, рамантыку. Ёсць і такія стужкі, што будуць цікавыя не толькі аматарам анімацыі, але і агулам якасных захапляльных серыялаў. Кірыл, бармэн з кінатэатра «Космас» і глядач анімэ з 10-гадовым стажам, параіў чытачам Hrodna.life сваю дзясятку цікавых японскіх маляваных стужак.


Таксама паглядзіце спіс 7 гульняў на зімовы вечар і 5 незвычайных коміксаў.


— Ёсць кінематограф, а ў ім мноства жанраў і фільмаў. Ёсць добрыя фільмы, а ёсць дрэнныя. Тое ж і ў анімэ. Часам глядач натрапіць на нешта не вельмі якаснае, і ў яго складваецца перадузятае стаўленне да ўсяго жанру, — кажа Кірыл. Ён лічыць, што менавіта таму ў анімэ ў Беларусі такая адносна невялікая папулярнасць.

Задача анімэ, як і любога серыяла, — захапіць і трымаць у напружанні. Кірыл кажа, што спрабаваў у кожным жанры знайсці яркага прадстаўніка, каб у гледача склаліся добрыя ўражанні ад анімэ.

1."Код Гіас: Паўстанне Лялуша"/ Code Geass: Hangyaku no Lelouch (фантастыка, драма)

Сюжэт: У недалёкай будучыні існуе звышдзяржава — Свяшчэнная Брытанская імперыя. Яна захапіла ўвесь свет. Краіны-калоніі пазбаўлялі незалежнасці і нават назвы — называлі іх проста «Сектарамі». Унутры Японіі - Сектара 11 — знаходзіўся малады чалавек, якому такія парадкі не падабаліся. У яго было вельмі добра развіта стратэгічнае мысленне і з дапамогай невялікай групіроўкі людзей ён стаў змагацца з дыктатурай.

Для каго: аматарам прыгожых гісторый пра змаганне, бітвы і каханне

Працягласць: 2 сезоны па 25 серый

Асаблівасць: падручнік для маладых і не вельмі рэвалюцыянераў, якія лічаць, што Беларусь хутка страціць незалежнасць

2. «Сшытак смерці"/Death Note (дэтэктыў, трылер, фэнтазі)

Сюжэт: Можна забіць усіх, хто вам не падабаецца, проста напісаўшы іх імя ў чорным сшытку з надпісам Death Note. Не трэба купляць пісталеты і тачыць нажы, шукаць вяроўкі і выпарваць з бытавой хіміі яды. Дастаткова ведаць імя і знешнасць таго, каго хочаце забіць, росчырк алоўка і праз 40 секунд нядобразычлівец памірае ад сардэчнага прыступу, а калі вы не пазбаўленыя фантазіі, смерць можна абставіць больш цікава: хвароба, няшчасны выпадак, самагубства, нарэшце. Ні адбіткаў пальцаў, ні прылады забойства.

Для каго: для аматараў незвычайных філасофскіх канцэпцый

Працягласць: 37 серый

Асаблівасць: паводле апытання, праведзенага ў 2007 годзе міністэрствам культуры Японіі, займае 10-е месца сярод лепшай мангі [японскіх коміксаў] ўсіх часоў

3. «Кланнад"/ Clonnad (драма, камедыя, рамантыка)

Сюжэт: Старшакласнік Тома Акадзакі жорстка расчараваўся ў жыцці: маці трагічна памерла, бацька канчаткова спіўся, а сам Тома стаў заўзятым хуліганам. Замест таго каб сядзець над падручнікамі і рыхтавацца да выпускных іспытаў, ён прапускае ўрокі, лайдачыць і робіць усё, што толькі прыйдзе ў яго галаву. Але яго паводзіны змяняюцца, калі ён сустракае былую аднакласніцу — трохі дзіўную і вельмі абаяльную дзяўчыну Нагісы Фурукава, якая не супраць пагаварыць сама з сабой і марыць арганізаваць невялікі тэатральны гурток.

Для каго: для рамантыкаў

Працягласць: 22 серыі

Асаблівасць: Фільм цікавым чынам дзеліцца на два сезоны. Першы сезон больш юнацкі. А другі - вельмі драматычны. Кірыл, на той час 18-гадовы хлопец, нават плакаў. Стваральнікі зрабілі ідэальную сумесь якаснай вясёлай камедыі і драмы.

4. «Школа мерцвякоў"/Gakuen mokushiroku (жахі)

Сюжэт: Гурток вучняў, кожны з якіх валодае своеасаблівым талентам, спрабуе выжыць у зомбі-апакаліпсісе. Пакуль выйшаў першы сезон.

Для каго: анімэ для аматараў постапакаліпсіса і ўварвання зомбі аля «Resident Evil».

Працягласць: 12 серый

Навошта глядзець: каб ведаць, як выжыць у постапакаліптычным свеце

5. «Брама: там б’юцца нашы ваяры"/ Gate: Jieitai Kanochi nite, Kaku Tatakaeri (камедыя, фэнтэзі)

У сучайнай Японіі раптам адчыняецца брама, адкуль з’яўляюцца пачвары: рыцары на конях, чараўнікі, ведзьмы. Узброеныя сілы далі ім хуткі адпор, бо што могуць дзіды і мячы супраць сучаснага ўзбраення? Пазней японцы стварылі вялікую разведгрупу і ўвайшлі ў казачны свет. Сучасная армія пачала вырашаць палітычныя праблем паміж некалькімі казачнымі каралеўствамі.

Для каго: аматарам фэнтэзі

Працягласць: 2 сезоны па 12 серый

Асаблівасць: аўтар кніг Такумо Янаі сам быў у складзе сілаў самаабароны Японіі

6. «Шэсце смерці"/ Death Parade (прыгоды)

Сюжэт: У тыповым бары працуе бармэн. Туды пасля смерці прыходзіць два чалавекі і бармэн прапануе ім згуляць у більярд, дартс ці твістэр. Удалыя дзеянні ў гульні адбіраюць у суперніка нейкі орган. Пры гэтым, гульцы не ўсведамляюць, што ўжо памерлі. У выніку гульня выклікае ў людзей усё самае патаемнае і цёмнае, а бармэн пасля гульні вырашае, хто трапіць у рай, а хто ў пекла.

Працягласць: 12 серый

Асаблівасць: сюжэт параўноўваецца з п’есай Жан-Поля Сартра «За зачыненымі дзвярыма»

Навошта глядзець: каб пераасэнсаваць жыццё

7. «Анёльскія рытмы"/ Angel Beats! (містыка, камедыя, драма)

Атанасі прачнуўся ў двары невядомай яму школы і нічога акрамя свайго прозвішча ён не памятае. Ён высвятляе, што знаходзіцца ў школе, дзе вучням, якія загінулі занадта рана, даецца шанец скончыць справы. Ён знаёміцца з Юні, кіраўніком «Фронту замагільнага свету», дзе ўсе яго члены супраціўляюцца ўсталяваным правілам. Яны не хочуць сыходзіць з гэтага месца, пасля выканання вызначанага плана, увесь час змагаюцца з анёлам Тэнсі («дырэктрысай» школы). Іх мэта — атрымаць адказы на пытанні аб жыцці і смерці, ісці супраць правілаў і быць гатовым кінуць выклік самому Богу.

Для каго: аматарам баевікоў

Працягласць: 13 серый

Навошта глядзець: каб зразумець хуткаплыннасць жыцця

8. «Майстры мяча Анлайн"/ Sword Art Online (баявік, прыгоды)

Сюжэт: Існуе гульня, якую праходзяць з дапамогай шлема віртуальнай рэальнасці. Ты трапляеш у гульню, з’яўляецца адміністрацыя, якая кажа, што ты не выйдзеш адсюль, пакуль не пройдзеш да канца. А праходзіць яе некалькі гадоў!

Калі ты загінеш у гульні, ты загінеш у рэальным жыцці - шлем зробіць удар току ў мозг. Галоўны персанаж — бэта-тэсцер — чалавек, якія тэсціруе гульні і ставіць ім адзнаку. Анімэ расказвае пра тое, як ён адзін спрабаваў выйсці з гульні.

Для каго: аматарам камп’ютарных гульняў з поўным пагружэннем

Працягласць: 25 серый

Асаблівасць: у баевіку ёсць і любоўная лінія — галоўны герой сустракае каханую, якая становіцца яго жонкай

9. «Евангеліон» / Neon Genesis Evangelion (драма, жахі)

Сюжэт: На Зямлю, якая перажыла глабальную катастрофу, нападаюць «анёлы» — касмічныя пачвары настолькі вялікага памеру, што сучасная тэхніка нічога не можа ім зрабіць. Тады людзі стварылі велізарныя машыны (спойлер — насамрэч не), якімі могуць кіраваць толькі абраныя падлеткі. Але змагацца ім прыйдзецца не толькі з бязлітаснымі стварэннямі, але і з уласнымі страхамі, комплексамі і няшчаснымі ўспамінамі з дзяцінства.

Для каго: аматараў навуковай фантастыкі, псіхалогіі і эзатэрыкі

Працягласць: 26 серый

Асаблівасць: серыял адносіцца да жанру меха — поджанру ў анімэ, асноўным атрыбутам якога з’яўляюцца велізарныя баявыя чалавекападобныя машыны

10. «Вітаем у Эн.Эйч.Кей.» / NHK ni Youkoso! (драма, камедыя)

Сюжэт: Ва ўсім свеце ёсць людзі, якіх у нас называюць «задротамі», а ў Японіі - «хікікаморы». Гэта людзі, якія баяцца пакідаць кватэру, жывуць за кошт маці, гуляюць у камп’ютарныя гульні, глядзяць серыялы і жывуць у віртуальным свеце. Галоўны герой анімэ верыць, што існуе японская арганізацыя, якая пераўтварае людзей у хікікаморы, і спрабуе выкрыць іх. У яго жыцці з’яўляецца дзяўчына, якая вырашыла хваробу вылечыць. Анімэ расказвае, як гэты задроцік пераўтвараецца ў асобу. Назіраць за гэтым пацешна, бо аўтар дадае сітуацыі, якія цікава назіраць, ды сам герой харызматычны.

Працягласць: 24 серыі

Асаблівасць: першае анімэ якое расказвае пра шкоднасць анімэ

Навошта глядзець: каб самому не стаць задротам


— Анімэ ў нечым тыповыя: ёсць свае межы, рамкі, законы. Раздражняюць серыялы-«гарэмнікі»: анімэ, дзе каля галоўнага героя круціцца велізарная колькасць дзяўчат, а ён нясмелае бесхрыбетнае чмо, — расказвае Кірыл. — У шматсерыйныя анімэ любяць устаўляць філлеры: гэта калі адбываецца падзея, пасля якой пра асноўную сюжэтную лінію забываюць, і вырашаюць вось тую падзею. Потым зноў асноўная сюжэтная лінія, і зноў філлеры.

Шмат у якіх анімэ дабро заўсёды перамагае зло. Пачынаеш глядзець — і ведаеш, чым скончыцца. Але ў тых анімэ, што я пералічыў, падзеі разварочваюцца нечакана.

Кірыл стварыў суполку нефармальных людзей, дзе збіраюцца ў тым ліку і гродзенскія анімэшнікі. Яны збіраюцца, каб слухаць музыку, граць у настольныя гульні, глядзець анімэ і якасныя кінастужкі. У сакавіку Кірыл абяцае аднавіць сустрэчы суполкі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024