Дадаць навіну
Панядзелак, 24 верасня 2018, 22:32

Не кавай адзінай. 5 новых зімовых напояў, што падрыхтавалі гродзенскія кавярні да халадоў

Ці не памерзнуць гараджане і турысты халоднай восенню і зімой? Алень Лявон абскакаў цэнтр горада ў пошуках саграваючых навінак у меню кавярняў. У выніку мы ведаем пяць новых спосабаў пераадолець холад. Яны маюць смакі журавінаў, імбіру, абляпіхі, маліны, лімона ды цынамона.

Чытайце яшчэ:  Дзе ў Гродне турысту смачна з'есці. Тэст установаў харчавання з ацэнкай у аленях Святога Губерта

1. Зімовы чай з малінавым сочывам

чакае тых, хто змерз, у кавярні «Просто кофе». Да вялікага кубка чорнага чаю падаюць палачку цынамону, кветачку бадзьяну, па скрылёчку лімона і апельсіна ды малінавае сочыва. Напой, такім чынам, нагадвае канструктар «зрабі сам» — дадавай, колькі чаго хочаш. І яшчэ — аб вялікі кубак вельмі зручна грэць далоні.

2. Гарачы напой з імбірам, мятай і лімонам

прапануе веган-бар «Несцерка». Такая шклянка саграваючага напою сагрэе любога. Асоба замерзлым раім пажаваць скрылёчкі свежага імбіру. Смакуе добра, порцыі хопіць на доўгую і цёплую сяброўскую размову.

3. Журавіны і мята

складаюць аснову новага саграваючага напою ў кавярні «Наша кава». Падаюць напой у фрэнч-прэсе, таму зручна замаўляць яго нават на дваіх. Да таго ж, у закрытай ёмістасці напой доўга захоўвае цяпло.

4. Размарын і абляпіху

выбралі для стварэння зімовага напою ў гастрабары «Вердэн». Напой вельмі смачны, а падаюць яго ў адмысловым «залатым» кубку. Незвычайна, прыемна, прыгожа.

5. Апельсінавы глінтвейн

прапануе для сугрэву бар-клуб «Хамелеон». Прыгатавалі яго з яблычнага соку з дадаткам імбіру, спецыяў і кавалачкаў свежага апельсіна. Сагравае напой добра, смак прыемны.


Кошты ўсіх напояў - у дыяпазоне ад 3 да 5 рублёў. Усе кавярні прапануюць таксама дэсерты.

Леташнія прапановы саграваючых напояў таксама не страцілі актуальнасці. Узгадаць іх можна, праглядзеўшы мінулагодні перадзімовы агляд.

Чытайце яшчэ:  Чым сагрэцца ўвосень: гарачыя напоі ў кавярнях Гродна (зусім без алкаголю)

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: