Каманда Hrodna.life узгадала фільмы, серыялы, кнігі, падкасты, рэчы і падзеі, якія былі з намі ў 2019 годзе. Калі вам цікава, чым мы натхняемся – калі ласка, ніжэй уся праўда.

Аляксей Шота, галоўны рэдактар

Як фанат сусвету DC, я заўсёды шкадаваў, што ён у кінаіндустрыі пастаянна саступае Marvel. Таму мяне вельмі парадавалі два DCшыя серыялы 2019 года. Год пачаўся з шалёнага Doom Patrol, дзе аб’ядналіся самаіронія, трэшовы трэш і роздумы пра псіхалагічныя праблемы і пачуццё віны. У якім іншым комікс-серыяле вы ўбачыце настолькі бездапаможную каманду абсалютных аўтсайдараў, штохвіліннае ламанне чацвёртай сцяны і пастаянны сцёб з самой сутнасці коміксаў. Плюс модныя тэмы ЛГБТ, хатняга гвалту і ўнутраных супярэчнасцяў персанажаў. Калі гэтыя аргументы не пераконваюць, то скажу, што ў апошняй серыі цалуюцца гіганцкі пацук і гіганцкі прусак, а потым адбываецца ядзерны выбух.

Заканчваецца год вельмі дарослым і таксама вельмі постмадэрністычным анімацыйным Harley Quinn з крывёй, адкрытымі пераломамі, мацюкамі і фемінізмам. Такога комікс-серыяла мы чакалі з дзяцінства!

Самай цікавай (і тоўстай) кнігай сёлета была “Песни драконов. Любовь и приключения в мире крокодилов” ад выдавецтва Corpus. Кніга не новая, але мне патрапіла толькі зараз. Гэта падарожныя нататкі руска-амерыканскага біёлага яўрэйскага паходжання Уладзіміра Дзінца пра рытуалы шлюбнага перыяду кракадзілаў, падарожжы па ўсім свеце ў пошуку адказаў на навуковыя пытанні, пра адносіны паміж людзьмі і пра тое, як мала мы яшчэ ведаем пра навакольны свет. І як штогод праз чалавевую экспансію страчваем птушак, жывёл, расліны, якія ўжо ніколі не вернуцца.

Corpus наогул не выдае кепскіх кніг – у іх выходзіць Цімаці Снайдар, Дона Тарт, Умбэрта Эка, з папулярна-навуковага – кнігі выдатнай Асі Казанцавай. З самага новага раю звярнуць увагу на «Человек, стрелявший ядом» Сергія Плахія пра забойцу Бандэры.

За беларускамоўным кніжным рынкам не сачу, але з сёлетніх прэм’ер раю пераклад першага тома “Ведзьмара” Сапкоўскага, які выйшаў у выдавецтве Янушкевіча. Па-першае, лагічна набыць зараз, калі выйшаў доўгачаканы серыял на Netflix, па-другое, надта якасна выдадзены гэты том – нават проста ўпрыгожыць паліцу можа, калі не будзеце чытаць.

Гаджат года – вертыкальная мыш. У інтэрнэце пісалі, што яна выратуе мае рукі ад страшнай прафесійнай хваробы, якая замучыць усіх, хто карыстаецца класічнымі мышкамі. Ці тое праўда – не ведаю, але яна зручная і выглядае вельмі незвычайна. Мноства зацікаўленых позіркаў і пытанняў уласніку такой мышы гарантавана.

Найлепшае-2019: што глядзела, чытала і абмяркоўвала рэдакцыя Hrodna.life у адыходзячым годзе
Так выглядае вертыкальная мыш

Ірына Новік, рэдактарка спецпраектаў

Чытаць я люблю нават больш чым есці. Таму пачну з кніг і кнігамі скончу.

Папера: Пясецкі, Марціновіч і Бонда

“Яблычак”, “Гляну я ў аконца” і “Ніхто дабром не дасць збаўлення” Сяргея Пясецкага выйшлі нарэшце па-беларуску і папоўнілі маю кніжную скарбонку. У Гродне гэтыя кніжкі заходзяць асабліва добра. Беласточчына, дзе адбываюцца падзеі, нам не чужая. Гісторыя міжваеннага часу – таксама.

Пакуль чытала, трымала недзе на ўскрайку свядомасці асобу аўтара. Кантрабандыст, што пісаць навучыўся толькі ў турме, і вось на табе – як раскрыўся! Гэта пра тое, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, што пачаць рабіць нешта новае для сябе можна ў любым узросце і трошкі пра тое, што не атрымаецца падзяліць людзей  на толькі “добрых” ці “кепскіх”.

З беларускіх аўтараў кнігу майго 2019 напісаў Віктар Марціновіч. Гэта “Ноч”. Час застыў, сонца спынілася, каханне сышло і ўвогуле, усё кепска – пазнавальны беларускі дзэн. У такой сістэме каардынатаў я асабіста пачувалася цалкам натуральна: “Ну і што, што сонца больш не ўзыходзіць над гарызонтам? А хто работу паробіць? Уставайма і гоў”. Кніга, у якую беларусам можна глядзецца, як у люстэрка. І не трэба на яго крыўдзіцца, калі з адлюстраваннем нешта не тое.

Найлепшае-2019: што глядзела, чытала і абмяркоўвала рэдакцыя Hrodna.life у адыходзячым годзе

Кніжным адкрыццём 2019 стала Катажына Бонда і яе дэтэктывы. Беларуска з Падляшша паказала ў “Акулярніку” загадкавы свет польскага памежжа, дзе існуе злоснае і магутнае беларускае лобі, таямнічае і загадкавае, амаль як масонская ложа. Прыкольна, што з нашага боку мяжы ў таямнічых уплывах найперш падазраюць палякаў. Дзіўна было адкрыць, што нехта можа нават жартам падазраваць у мілых і памяркоўных беларусаў такі патэнцыял да ўладарства. Купіла Бонду і па-польску, пачытаю у вольную хвіліну, бо светапогляд аўтаркі заінтрыгаваў.

Лічба: падкасты “Медузы”

Калі вочы ўжо адмаўляюцца глядзець на літары, а мазгі яшчэ не згодны супакойвацца, можна, нарэшце, скарыстаць вушы напоўніцу. Падкасты “Медузы” – ідэальны прыклад, як разумным людзям удаецца рабіць не панылыя рэчы. Зайздрошчу.

Мае фаварыты “Сперва роди” і “Книжный базар”.

У першым мужчыны абмяркоўваюць, як гэта – быць бацькамі і нікому нічога не раяць. Падкаст напоўнены лёгкім сцёбам і  складанымі пытаннямі без адказаў. Таты часам задаюць пытанні ўласным дзецям і высвятляюць нечаканыя рэчы. Напрыклад, што сын хоча стаць карманнікам альбо таксістам. Як з гэтым жыць, таты вырашаюць самі.

За “Книжный базар” я ўвогуле удзячна сусвету, бо дзякуючы яму не прапусціла сёлета ні Букера, ні Нобеля і ўвогуле мела нагоды для чытання добрай літаратуры. Прыемна ведаць, што пакуль я мітушуся ў штодзённых клопатах, нехта трымае руку на літаратурным пульсе планеты. Асабліва ўразіла поўная адсутнасць снабізму і павучальнага тону. Як удаецца такім разумным жанчынам быць не-зануднымі – для мяне загадка.

Алена Кавальчук, журналістка

Кніга года – Сяргій Жадан “Інтэрнат”. Мой любімы пісьменнік напісаў пра тое, што адбывалася і адбываецца зараз на усходзе Украіны. Сёлета выйшаў беларускі пераклад. Я сапраўды па-наіўнаму не ведала, што сітуацыя там настолькі небяспечная і пакутуе ў тым ліку мірнае насельніцтва.

Вельмі цікавая эвалюцыя галоўнага героя. Ён быў апалітычным чалавекам, які прывык у персанальных і дзяржаўных праблемах вінаваціць абставіны. Але моц у тым, каб за свой лёс узяць адказнасць на сябе.

Фільм – Джокер. Насамрэч, мне больш падабаецца Джокер Хіта Лэджэра. Ён моцны і разумны. Джокер Хаакіна Фенікса бездапаможны, ён – ахвяра абставін. Але часта абставіны мацнейшыя за нас. Праз уласныя прычыны я адчуваю вялікую эмпатыю да ўсіх псіхічна хворых і бездапаможных. Таму фільм мне падабаецца.

Падзея – перапахаванне Каліноўскага і паўстанцаў. Хаця, магчыма, інтэграцыя Беларусі і Расіі сёлета – найважнейшая падзея. Але чыста эмацыйна мне больш адазвалася перапахаванне герояў. Як казалі аўтарытэтныя людзі і дзеячы, нам пашанцавала, што менавіта пры нашым жыцці знайшлі астанкі паўстанцаў і пры нас іх ушанавалі. Мне асабліва прыемна, што я са Свіслаччыны – радзімы Каліноўскага. Маёй малой радзіме асабліва няма чым ганарыцца зараз, акрамя гэтых дзеячаў. І мне вельмі прыемна называць Каліноўскага сваім земляком.

Найлепшае-2019: што глядзела, чытала і абмяркоўвала рэдакцыя Hrodna.life у адыходзячым годзе

Музычнае адкрыццё года – гурт “Молчат Дома”. Музыканты граюць пост-панк і сінці-поп, а іх вакаліст носіць вусы. Гурт ездзіць у еўрапейскія туры і збірае там поўныя залы, а ў Беларусі не вельмі папулярны. Сёлета музыканты выступілі на Lidbeer-2019, дзе наведвальнікі нашмат больш цікавіліся “Чайфам” і “Сплінам”, чым маладымі гуртамі, якія ствараюць музыку акурат зараз.

Альбом года – “Радыё “Harodnia” ад гурта “DZIЕCIUKI”. Музыканты паэксперыментавалі са стылямі, а ў некаторыя песні дадалі гумару. Увогуле, здаецца, гурт чымсьці блізкі кожнаму гродзенцу, які цікавіцца жыццём горада і краіны, таму складана не любіць іх рэлізы.

Уладзімір Аплевіч, журналіст

Для мяне ў 2019 у свеце навін важнымі былі тры падзеі.

Першая – выхад у красавіку указа нумар 140, які дазваляе шматдзетным і людзям з інваліднасцю прывезці аўто з-за мяжы, заплаціўшы 50% мыта. Нават нягледзячы на тое, што я не трапляю пад дзеянне ўказу, я лічу гэта вельмі важнай з’явай для ўсіх аўтааматараў. Указ станоўча адаб’ецца на ўсіх. Дзякуючы яму аўтапарк краіны стае больш разнастайным, а цэны круху ніжэйшымі. Як для журналіста, які спецыялізуецца на аўтатэме, для мяне гэта яшчэ і дадатковыя магчымасці і доступ да больш шырокага асартыменту машын з рынкаў Еўропы і ЗША.

Найлепшае-2019: што глядзела, чытала і абмяркоўвала рэдакцыя Hrodna.life у адыходзячым годзе

Як для карыстальніка тэхнікі Apple, для мяне таксама важнай была навіна аб выхадзе iPhone 11. І хай гэта ўжо далёка не тыя рэвалюцыйныя прэзентацыі, як гэта было раней, новае пакаленне абзавялося трэцім аб’ектывам, а якасць здымкі стала яшчэ вышэй. 11-ы iPhone я, праўда, не набыў і далей карастаюся флагманам 2017 года iPhone X, але як для чалавека, які часцей за ўсё робіць фота і здымае відэа на смартфон – гэта значная падзея.

Але найбольш важнай стала 20-я гадавіна падпісання дамовы аб стварэнні гэтак званай “Саюзнай дзяржавы”. Аб існаванні дакумента і нейкіх там дамоленнасцях за гэты час амаль усе забыліся, але ў 2019-м усё змяніласа. Пачалі з’яўляцца размовы пра паглыбленне інтэграцыі з Расіяй, пра дарожныя карты, змест якіх дагэтуль невядому грамадству. Усё гэта прывяло да акцый пратэсту: яны не былі шматлікя, але стала адчувальна, што напружанасць у грамадстве ўзрасла. Пытанне застаецца невырашаным, але разуменне таго, што гэта можа прывесці прынамсі да частковай страты суверэнітэту, пакідае сумны адбітак на настроі.

А яшчэ мой улюбэны з дзяцінства гурт Rammstein вясной выпусціў новы альбом. Вельмі спадабаўся першы трэк – “Deutschland”. Ён па-добраму нагадвае песні з першых альбомаў 90-х.


Чытай таксама: Ад штрафу за Rammstein да пратэсту на мосце: 12 самых папулярных матэрыялаў Hrodna.life у 2019 годзе