Які горад для гродзенцаў з’яўляецца цяпер «вакном» у Еўропу? Варшава, скуль можна паляцець самалётам па ўсім свеце, магчыма, для кагосці Вільня. Але так стала толькі ў ХХ ст. Да таго больш чым паўтысячагоддзя Еўропа для Прынёмання пачыналася з Кёнігсберга, які нашыя продкі называлі Каралявец.
З гандлю па рацэ жылі тысячы
Гродзенцы рушылі на Каралявец пасля грунвальдскай перамогі 1410 г. Нёманам да гэтага горада пайшлі плыты, стругі і віціны са збожжам. Зброя зброяй, але трэба было ганляваць, і самым простым спосабам дастаўкі нашай мясцовай прадукцыі да еўрапейскага спажыўца стаў Нёман і размешчаны на ім Каралявец.
Мы ім збожжа, яны нам — бурмістра
З Кралеўскага канала віціны заплывалі ў раку Прэгель, якую нашую продкі называлі Праголя і прычальвалі проста пасярод кварталаў ды дамоў Караляўца. Гэты горад тады нечым нагадваў Венецыю, толькі суровую, паўночную. Стуль тавары перакладваліся на марскія караблі і плылі ў Данію, Францыю, Англію. А гродзенскія хлопцы з напоўненымі срэбрам кішэнямі вярталіся дахаты.
У Гродне жыла маса рамеснікаў з Караляўца. Пры чым тое былі рэдкія майстры, якія выконвалі спецыяльныя замовы. У 1612 г. у нашым горадзе на Віленскай (цяпер Савецкай) вуліцы выраблялі замшавую скуру Крысціян Крыгер, Ян Дваракоўскі і Готліб Лорэнц.
Сувязі перарвала катастрофа
Зразумела, што прывязанасць да надбалтыйскай сталіцы (а менавіта Каралявец быў той надбалтыйскай сталіцай Прынямоння) магла перарваць толькі катастрофа. Яна здарылася ў ХХ ст. Спачатку па выніках Першай Сусветнай вайны Нёман падзялілі Польшча, Літва і Нямеччына. Рух па рацэ амаль спыніўся, літоўцы не прапускалі па Нёмане караблі з Гродзеншчыны. У 1938 г. палякі ды літоўцы дамовіліся аднавіць судаходства па Нёмане, але пачалася чарговая ваенная завіруха…
Рай у Нова-Бабруйску
Нямецкія назвы зніклі з карты Прусіі разам з самой Прусіяй. Разам з тыпова савецкімі тапонімамі, накшталт Кумачова або Марксава, з’явіліся і беларускія назвы. Лабіаў стаў Палескам, Кляйн Гні - Мазыром, а Ільмсдорф — Нова-Бабруйскам. Лічыцца, што ледзь не палова новага савецкага насельніцтва Прусіі пераехала сюды з найбольш пацярпелых ад вайны ўсходніх раёнаў БССР.
Як успамінаў жыхар Нова-Бабруйска беларус Віктар Жыткевіч: «Савецкая прапаганда абяцала нам рай, і мы сапраўды ўбачылі двухпавярховыя камяніцы, пакрытыя дахоўкай. Дома ў нас былі драўляныя хаты з саламяным дахам. Аднак першыя гады мы баяліся, дзверы на ноч зачынялі з сярэдзіны, апляталі калючым дротам».
«Беларуская» Калінінградчына?
Ужо бліжэй 1950 г. на Калінінградчыну пачалі мабілізоўваць і заходнебеларускую моладзь. Туды іх скіроўвалі вучыцца ў фабрычна-завадскія вучэльні, але з-за жудасных пабытовых умоваў большасць моладзі вярталася назад на Гродзеншчыну.
Кажуць, быў нават план цалкам аддаць усю Прусію пацярпелай ад вайны БССР, але гэтаму працівіліся савецкія маршалы і Сталін іх паслухаў. Гэта, мабыць, і добра, бо ў якія канфлікты магла ўцягнуць нашу рэспубліку ў ХХІ «беларуская» Калінінградчына, аднаму Богу вядома! Пачынаючы з 1959 г. беларускае насельніцтва Калінінградчыны скарацілася з фармальных 10 да 3,6%.
Сёння гэты рэгіён з’яўляецца блізкім гандлёвым партнёрам нашай краіны, але і далей працягвае існаваць як няпэўны часовы прытулак амаль для мільёна чалавек, з якіх толькі палова нарадзілася на тэрыторыі Калінінградскай вобласці. Рэшту складаюць рускамоўныя эмігранты з постсавецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі, Закаўказзя і часткова Прыбалтыйскіх краін.