Усяго тры гродзенскія турфірмы са ста ўдзельнічалі ў выставе турыстычных паслуг «Адпачынак без межаў», якая прайшла 30 красавіка-1 мая ў Новым замку. Яны расказалі пра самыя папулярныя маршруты сярод гродзенцаў і замежных турыстаў. Турфірмы чакаюць павелічэння колькасці дзён побыту бязвізавых турыстаў і самой бязвізавай зоны. Перспектыўнымі напрамкамі называюць вытворчы, медыцынскі і экалагічны турызм.
Арганізавала выставу рэкламнае агенцтва «Золотой Дракон». Яго кіраўнік Алег Чабатарэвіч расказаў пра мэту мерапрыемства:
— Асноўная мэта — азнаёміць гродзенцаў і гасцей горада з тым, што ў нас ёсць для адпачынку ў першую чаргу ў Гродзенскім рэгіёне. З аграсядзібамі, турыстычнымі маршрутамі, помнікамі архітэктуры, турагенцтвамі.
Турфірмы, якія наведалі выставу, засталіся задаволенымі. За два дні тут пабывала каля 600 чалавек, з іх палова — турысты. Выставу наведала між іншым літоўская дэлегацыя, якая шукала партнёраў для супрацоўніцтва і абмена турыстычнымі групамі.
Алег кажа, што вынікі выставы можна будзе адсачыць цягам бліжэйшых двух тыдняў, і ад іх будзе залежыць правядзенне наступных такіх выставаў. Магчыма, да наступнай далучацца санаторыі, дамы адпачынку, а таксама літоўскія і полскія кампаніі. А беларускія кампаніі павінны зразумець, што падобныя выставы — гэта твар бізнеса Гродзенскай вобласці, і чым большы маштаб мерапрыемства — тым лепш для ўсіх.
Турыстычная кампанія «Мерапи», дырэктар Марыя Курата і спецыяліст па турызме Лідзія Эстэркіна
Паводле Марыі Валянцінаўны, пакуль што папулярны пазнавальны турызм. Цікавіць турыстаў нешта аўтэнтэчнае: беларуская кухня, фальклор. Любяць беларускія крамы і з задавальненнем бяруць «Мілавіцу», беларускі трыкатаж, сыры. А вось супермаркеты іх мала цікавяць, бо такія ж ёсць і ў іх. Палякаў больш цікавяць касцёлы і пахаванні. А літоўцаў і латышоў - агульныя пазнавальныя экскурсіі.
Добрыя месцы каля Гродна — Каробчыцы і Караліно. Але індывідуальным турыстам цяжка дабірацца за горад і назад. Арэндаваць машыну дорага. Варта было б запусціць маршрутку, якая хадзіла б да аграсядзібаў. Таксама дырэктар «Мерапи» кажа, што добра было б пашырыць бязвізавую зону. Тады можна было б паказаць Мажэйкава, Старыя Васілішкі, Шчучын.
Перспектыўнымі напрамкамі прадстаўнікі турфірмы лічаць вытворчы і актыўны турызм. Развіццю актыўнага турызму спрые Аўустоўскі канал і вялікая колькасць аграсядзібаў.
Кампанія «ГродноТурист», Жана Голубева, начальнік бюро падарожжаў і экскурсій
У «ГродноТурист» папулярны Аўгустоўскі канал і турыстычныя база «Пышкі», дзе для груп ладзяцца святы і невялікія вечарынкі. Пры комплекснай замове, якая ўключае экскурсію, пражыванне і харчаванне, можна атрымаць зніжку 20−25%.
З бязвізавымі турыстамі заўсёды агаворваюцца іх пажаданні. Паказваючы Гродна, аддаюць перавагу храмам, гістарычнай забудове, старым вуліцам. Увага надаецца і ўскраінам Гродна: фартам, Каробчыцам, базе адпачынку «Привал». Турысты з задавальненнем наведваюць Аўгустоўскі канал, цікавяцца беларускай кухняй і прывозяць дамоў нешта ў беларускім стылі: рэчы з арнаментам або з ільну.
Што датычыць беларусаў, яны ўжо пабывалі ў Міры і Нясвіжы, таму зараз для іх распрацоўваюцца іншыя маршруты. «Прыгажосць Паўночнай Гродзеншчыны» уключае Гервяты, Ліду. «Агні начнога горада» — гэта вячэрняя экскурсія з дэгустацыяй напояў у барах і кафэ. «Каменны летапіс Прынёмання» уключае Сынкавічы, Жыровічы. «Паланэза хвалюючы гук» — гэта праграма падарожжа ў Залессе, дзе знаходзіцца сядзіба Міхаіла Клеафаса Агінскага. Ёсць асобныя праграмы па сядзібам, адзінкі з якіх захаваліся ў Поразаве, Падароску, Красках. У Гродне таксама ёсць што паглядзець. Тур «Гарадніца як частка архітэктурнага ансамбля горада Гродна» раскажа цікавыя гісторыі пра парк Жылібера. Папулярная ваенная тэматыка і экскурсіі па фартам Першай сусветнай вайны.
Перспектыўнымі напрамкамі Жана лічыць экалагічны турызм з заездам на прыроду і фотапаляваннем у запаведных месцах. Яна кажа, што зараз замест адной тэмы экскурсіі турысты арыентуюцца на комплексны адпачынак з насычанай праграмай: наведаць памятнае месца, храм, крэпасць. Затым можа быць абед, майстар-клас і паход у тэатр.
Турфірма «Жастон-Тур», дырэктарка фірмы Жана Столяр
Безвізавым турыстам прапаноўваюць Аўгустоўскі канал, індзейскую вёску на Велесе, музей у Гудзевічах, Каробчыцы і, канешне, экскурсіі па Гродне. Можа прапаноўваць медыцынскі турызм.
Турыстаў цікавяць гістарычныя месцы, музеі. Паводле Жаны, асабліва любяць прыязджаць да нас рускамоўныя людзі старэйшага ўзросту, якія маюць настальгію па часах, калі не было межаў. А моладзь ездзіць менш з-за моўнага бар’еру. Замежным турыстам падабаюцца беларускія цэны і добразычлівыя беларусы.
У Гродне на безвізавых турыстаў арыентуецца медыцынскі цэнтр «ЛОДЭ».
Безвізавых турыстаў у «ЛОДЭ» пакуль не так шмат, як хацелася б. Медыцынскі цэнтр супрацоўнічае з турфірмамі і спадзяецца, што гэта супрацоўніцтва прынясе вынікі.