На вуліцы Мядовай, дзе калісьці было шмат пабудоў і ліпавая алея, сёння засталося ўсяго некалькі даваенных дамоў. Яшчэ ў 2011 годзе ім надалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей, але жыхары незадаволеныя. «Спачатку няхай рамантуюць, а пасля вешаюць свае шыльды», — кажуць яны.
Звычайна драўляныя дамы ў Гродне, нягледзячы на іх гістарычную каштоўнасць, стаяць дзесяцігоддзямі занядбаныя ды адмыслова даводзяцца мясцовымі ўладамі да аварыйнага стану, каб потым іх можна было без праблем знесці. Але на вуліцы Мядовай здарылася неверагоднае — тут тры будынкі ў стылі драўлянага канструктывізму ўключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Праўда, для жыхароў гэта нічога не змяніла.
Дамамi не займаюцца, а шыльды вешаюць
Людзей, якiя б жылi на вуліцы Мядовай да вайны, ужо не засталося. Цяпер там жывуць гродзенцы, якія засяліліся ў 1960-я гады. Мясцовыя пенсіянеры нешта памятаюць, у тым ліку імёны вядомых жыхароў.
Тамара Іванаўна жыве ў былым доме настаяцеля Аляксандра-Неўскай царквы Аляксандра Лячыцкага. Гэтая царква некалі стаяла на сучаснай плошчы Тызенгаўза, але ў канцы 1930-х яе разабралі. Пасля апошняй вайны ў доме жыла яго дачка, але пасля з’ехала ў Польшчу. Дом, як і іншыя, падзялілі на некалькі кватэр, дзе сяліліся сем'і прыезджых з Гродзенскага раёна.
«Зараз нашы дамы не маюць ніякай каштоўнасці, гэта звычайныя прыватныя пабудовы, якія ўзводзіліся у Гродне яшчэ да вайны. Цяпер гэта самыя сапраўдныя хлявы, іншы раз жыць немагчыма — ніякіх выгод, — распавядае Тамара Іванаўна. — Дамы проста развальваюцца. Чаму ў самым цэнтры Гродна пазносілі такія прыгожыя дамы як, напрыклад, „Гарачы хлеб“, а нашы развалюшачкi лічаць гісторыяй і вешаюць ахоўныя шыльды? Неяк незразумела».Пенсіянерка кажа, што чула, быццам за шыльду, якую неўзабаве павесяць на яе дом, яна і іншыя жыхары павінны будуць заплаціць.
«Чаму я павінна плаціць за гэта? Я не бяруся ахоўваць гэту каштоўнасць. Дзяржава маім домам ніколі не займалася — дахі працякаюць. Калі ў нашай краіне такія дамы — гэта гісторыя, то мы такі жабрацкi народ, што сорамна робіцца.
Калі дзяржаве, гэтыя дамы дарагія, то хай бы і займалася імі - зрабілі б офісы якія-небудзь. Але хачу сказаць, што мясцовыя з’язджаць не захочуць, патрэбен проста добры рамонт. А за таблічку 200 рублёў я плаціць не збіраюся", — дадала Тамара Іванаўна.
За 58 гадоў - ніводнага капітальнага рамонту
Насупраць Тамары Іванаўны — два старых дамы. № 3 нядаўна рэстаўравалі і зараз там знаходзяцца офісы прыватнай фірмы. У доме № 5 жывуць тры сям'і. З выгляду апошняя пабудова ў добрым стане, але жыхары кажуць, што ўсярэдзіне дом проста развальваецца.
«Нам новага нічога не трэба, мы проста хочам жыць у нармальных умовах, — кажа жыхарка дома Ірына. — У нас яшчэ дом на першы погляд выглядае нічога. Справа ў тым, што ў ім ёсць адна дзяржаўная кватэра. Але насамрэч дом проста пафарбавалі і ён не лепшы за іншыя на нашай вуліцы.
[irp posts="26 843″ name="Шляхам драўлянага Гродна: канструктывізм, мадэрн і проста атмасферныя хаткі, якія ты мусіш пабачыць"]
Падмурка няма, вокны паставіць іншыя немагчыма, бо калі прыбіраць старыя, то паваліцца ўся пабудова. Зносіць нельга і перабудоўваць таксама. Але за 58 гадоў, якія я жыву на гэтай вулiцы, у доме не было ніводнага капітальнага рамонту. Для нас нiчога не робяць, а мы павінны захоўваць і аберагаць так званую гісторыка-культурную каштоўнасць.
За капітальны рамонт мы плацім рэгулярна, але рамонту гэтага не бачна. Я разумею, што для гісторыі такія пабудовы важныя, але няхай гэтыя гісторыкі самі пажывуць у такіх дамах. Хацелася б, каб дзяржава дамамі занялася. Няхай прывядуць у парадак, а мы іх тады ўжо будзем ахоўваць".
Дом Самсонавых
Калісьці ў доме № 5 жыла вядомая дызайнерка і мадэльер, мастачка і першая гродзенская фотамадэль Антаніна Яфімаўна Самсонава. Яна скончыла Акадэмію мастацтваў у Парыжы, заснавала ў Гродне мастацкі салон. Пасля другой сусветнай вайны яе памылкова пасадзілі ў турму, прыняўшы за іншую жанчыну. Праз некалькi год яна выйшла. Памерла некалі знакамітая гродзенка ў поўнай галечы, забытая, у сваім драўляным доме, дзе за ёй захаваўся невялікі кут.Пасля пахавання суседзі знайшлі ў рэчах памерлай альбом з фотаздымкамі. На фота былі дамы ў раскошных строях, сама Антаніна разам з членамі царскай сям'і, бліскучыя афіцэры, генералы імператарскай арміі. Гэтыя фатаграфіі хутка разляцеліся па свеце. У Гродне захавалася толькі некалькі здымкаў.
Жыхары дома распавядаюць, што некалькі гадоў таму прыязджалі з Англіі ўнукі Самсонавай ды шукалі ў хаце нейкія рэчы, але так і не знайшлі. Кажуць, што ў садзе ля дома закапаны скарб з сямейнай рэліквіяй Самсонавых.
Ня Мядовай — захоўваюць, на іншых вуліцах — рыхтуюць да зносу
Цікавыя гісторыі пра дамы на Мядовай вядомыя толькі жыхарам і некалькім краязнаўцам. А ў Гродне кожны стары дом мае сваю гісторыю. Даваенных пабудоў з дрэва у горадзе захавалася яшчэ нямала, але з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Схема адна — дом адсяляецца, потым шмат гадоў стаіць пусты, пакуль не дойдзе да аварыйнага стану. Тады яго зносяць.
[irp posts="10 204″ name="Гродзенскі блогер стварыў петыцыю за захаванне драўлянай архітэктуры горада"]
Дамам на вуліцы Мядовай статус гісторыка-культурнай каштоўнасцi пачалі прысвойваць яшчэ ў 2011 годзе. Цікава, што ў цэнтры горада захаваліся дамы ў значна лепшым або падобным стане, але іх не плануюць захоўваць. Дамы на Горкага, Міцкевіча, 17-га верасня, Валковіча чакаюць зносу.
Па інфармацыі Hrodna.life наданню статуса помніка архітэктуры дамам на Мядовай паспрыяла найвышэйшае кіраўніцтва горада, а прычынай быў дом № 3, які займае прыватная фірма.
Неўзабаве на вуліцу Мядовую павінна прыйсці камісія з прадстаўнікоў гарадскіх службаў. Жыхары дамагліся, каб горад звярнуў на іх увагу.