Адна з вуліц міжваеннага Гродна была названая ў гонар Нахума Каплана. Гэты яўрэйскі праведнік збіраў вялікія сродкі на дапамогу гродзенцам у патрэбе. Кажуць, аднойчы нехта багаты даў яму аплявуху за нахабства, а Каплан сказаў: «Гэта для мяне, а што для бедных і галодных?».

Прапраўнук Каплана Ехеам Шаром у маі 2018 у час візіту ў Гродна падарыў мясцовым яўрэям партрэты свайго продка. Ён распавёў Hrodna.life, чаму Каплана так паважалі ў Гродне і памятаюць дагэтуль ва ўсім свеце.

70-гадовы Ехеам у Гродне ўжо ў чацвёрты раз. Упершыню ён пабываў тут у 2008 годзе, калі прылятаў у Мінск. Тады ён узяў таксі да Гродна і спецыяльна прыехаў у горад, дзе жылі яго сваякі. Вось толькі месцаў, звязаных з сям’ёй, ён не знайшоў.

Адмовіўся ад пасады рабіна на карысць дабрачыннасці

Дзе жыў Нахум Каплан невядома. Адзінае, што памяталі старажылы, дык гэта велічную магілу праведніка на яўрэйскіх могілках, дзе сёння знаходзіцца стадыён «Нёман». Магіла Каплана, як і іншых яўрэяў, была знішчана.

«Нахум Каплан вядомы яшчэ і як рабін, але ад сваёй пасады ён адмовіўся на карысць дабрачыннасці, — распавядае Ехеам. — Мая бабуля — унучка рэбэ Нохемке. А ён быў чалавекам міласэрнасці, дапамагаў людзям у якіх не было ежы і адзення. I яму было ўсё роўна каму дапамагаць: яўрэям або хрысціянам. Нахум уваходзіў у кожны дом і збіраў дапамогу для людзей у патрэбе».

"Памяць пра сваяка жыве і гэта радуе". Нашчадак Нахума Каплана падарыў гродзенцам партрэты прапрадзеда
Ехеаму Шарому 70 гадоў. Цяпер ён на пенсіі і жыве ў Ізраілі. Усё жыццё мужчына прапрацаваў фермерам.
Сам Нахум Каплан быў бедным чалавекам, але многія яго паважалі, нягледзячы на ​​тое, што ён выглядаў як валацуга. Сёння такіх людзей называюць фрыкамі.

«Не мае значэння, што ён быў вельмі бедны, але гэты чалавек рабіў усё для гродзенцаў, — кажа нашчадак. — Нахум Каплан родам з Шаўляйскага павету, пасля яго сям’я пераехала ў Нясвіж, а ўжо адтуль малады яўрэй пайшоў вучыцца ў вядомую Мірскую ешыву. Пасля заканчэння вучобы Нахума запрасілі ў Гродна быць рабінам. Ён прыехаў, але практычна адразу пачаў займацца дабрачыннасцю. Нахум быў вельмі разумным чалавекам і да яго прыходзілі многія па параду. А ён заўсёды заклікаў да міласэрнасці і чалавечых адносін да ўсіх».

Не едуць у Гродна, бо няма магіл

Сёння Нахума Каплана адносяць да праведных людзей, якія да канца жыцця займаліся справамі на карысць чалавецтва. У Гродне ў міжваенны час была нават вуліца ў гонар гэтага чалавека — так называлася пэўны час сённяшняя Вялікая Траецкая.

«Памяць пра Нахума жыве праз столькі часу і гэта радуе, — кажа Ехеам. — Сёння я ведаю, што дом № 8 па вуліцы Дамініканскай [суч. Савецкая] калісьці меў дачыненне да нашай сям'і. Менавіта з гэтага месца прыйшла паштоўка ў Палестыну. Мае дзядуля і бабуля таксама з Гродна, яны працавалі на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага, там пазнаёміліся. у 1920-я гады яны эмігравалі ў Палестыну. Што стала з іншымі сваякамі ў Гродне, я не ведаю. Тыя, што пакінулі горад, вельмі рэдка расказвалі пра яго. Памятаю, што дзядуля распавядаў, як ён часта плаваў у Нёмане і спяваў там песні», — распавядае Ехеам.

"Памяць пра сваяка жыве і гэта радуе". Нашчадак Нахума Каплана падарыў гродзенцам партрэты прапрадзеда
Ехеам Шаром з двума партрэтамі свайго прапрадзеда Нахума Каплана. Іх ён перадаў мясцовым яўрэям, якія заснавалі ў Гродне дабрачыннае таварыства.
Нахум Каплан быў двойчы жанаты. Ад першага шлюбу ў яго не было дзяцей. Другая жонка была цяжарная 21 раз, але толькі чатыры дзіцяці з’явіліся на свет. Нашчадкі Каплана раз’ехаліся па ўсім свеце, але хтосьці застаўся і ў Гродне.

«Я не адзіны нашчадак Нахума ў Ізраілі. Ёсць і іншая сям’я, якая вельмі рэлігійная і, можна сказаць, працягвае ў Ерусаліме яго справу. Але ў Гродна гэтыя нашчадкі прыехаць не могуць, хоць і хочуць. Тут няма магіл сваякоў, а для іх гэта важна. Такім людзям важна пакланіцца магіле продкаў. Але яны аддаюць даніну павагі вядомаму продку кожны год памятным днём у іерусалімскай сінагозе».

Справу Каплана працягваюць

Некалькі гадоў таму Ехеам абяцаў прывезці ў Гродна партрэт Нахума Каплана. У гэтым годзе ён сваё абяцанне выканаў. Партрэты ён перадаў дабрачыннаму грамадству, якое з 1996 года носіць імя яго прапрадзеда. Такую назву арганізацыі даў вязень гродзенскага гета Рыгор Хасід, які і распавядаў гродзенцам пра справы Каплана. Ён адзін з нямногіх памятаў, што магіла гэтага чалавека знаходзілася на могілках, дзе сёння стадыён «Нёман».

«Я прымаю жыццё такім, якое яно ёсць. Няма магілы, але што зробіш. Калі б можна было б нешта змяніць, то я стараўся б гэта зрабіць. На шчасце, у нас захаваліся хоць нейкія ўспаміны пра Нахума Каплана. А яго імя шануюць ва ўсім свеце. Яго гісторыю мне распавядаў дзед Пайс. І так мы перадаем успаміны пра вядомага сваяка з пакалення ў пакаленне.

Мне вельмі прыемна, што ў Гродне дабрачынная арганізацыя носіць імя Нахума Каплана. Сюды я прыехаў быццам дадому. Такая арганізацыя — гэта працяг тых добрых спраў, якія рабіў мой прапрадзед", — распавёў Ехеам.

"Памяць пра сваяка жыве і гэта радуе". Нашчадак Нахума Каплана падарыў гродзенцам партрэты прапрадзеда
Ехеам Шаром з Аленай Куцэвіч, дырэктаркай дабрачыннай арганізацыі ў Гродне.

Каплана ўвекавечыла Ажэшка

Рэбэ Нохемке, як яго называлі, шанавалі не толькі яўрэі, але і хрысціяне, паколькі ён дапамагаў усім, нягледзячы на ​​нацыянальнасць і веравызнанне. Яны яго называлі «наш бацюшка». Нават высокія чыны царскай адміністрацыі саступалі яго просьбам і патрабаванням. Будучы хворым, ён не дазваляў сабе прапускаць малітву, у любое надвор’е прыходзіў раней за іншых. Аднойчы рамізнік убачыў Нахума на кучы снегу без прытомнасці. Калі рэбэ ачуняў, рамізнік хацеў адвезці яго дадому. Але Нахум адмовіўся: яго чакалі людзі ў патрэбе.

Вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка ўвекавечыла памяць аб Нахуме Каплане у навэле «Дай кветку».

Памёр рэбэ Нохемке ў 1879 годзе. Тысячы людзей: яўрэі, беларусы, палякі, рускія — аддалі яму даніну павагі, праводзячы ў апошні шлях. Многія гады прыходзілі людзі маліцца на яго магілу, просячы яго аб заступніцтве перад Усявышнім.

"Памяць пра сваяка жыве і гэта радуе". Нашчадак Нахума Каплана падарыў гродзенцам партрэты прапрадзеда
Яўрэйскія могілкі ў Гродне, дзе быў пахаваны Нахум Каплан. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца спартыўны копмплекс «Нёман».
Могілкі, дзе быў пахаваны Нахум Каплан, знішчыла савецкая улада. Вуліца імя Нахума, на якой знаходзіцца Вялікая сінагога, названая іначай. Але памяць аб праведніку захоўваюць у сваіх сэрцах удзячныя нашчадкі, яго імем названа гродзенская дабрачынная арганізацыя Хесэд.