Франкфурт-на-Одары ўспрымаецца з Гродна як самы сапраўдны Захад. Але яшчэ не так даўно гэта была ГДР — Усходняя Германія. Час, адлегласці і сцены раздзяляюць жыццёвую прастору на часткі. А штодзённасць жыцця ля мяжы ўвесь час дэманструе адноснасць усіх абмежаванняў. Пра жыццё на мяжы Hrodna.life пагутарыў з журналістамі Дзітрыхам Шродарам і Анджэям Пачобутам.

Бедныя сваякі ці багатыя суседзі?

«Вось што для мяне дзіўна — госці з Усходу заўжды распытваюць аб заробках», — Дзітрых Шродар, журналіст мясцовай газеты з Франкфурта-на-Одары з усмешкай рэагуе на чарговае пытанне.

dzitryih-shryodar-germaniya
Дзітрых Шродар (злева). Здымак з сустрэчы нямецкіх і беларускіх журналістаў у Франкфурце-на-Одары

Паводле яго, лепш прайсціся і паглядзець гістарычныя месцы горада ці пагаварыць пра жыццё. У Дзітрыха руская жонка і за 30 гадоў шлюбу прымаць гасцей з былога Саюза даводзілася не аднойчы. Аднак за гэты час мала што змянілася — найперш людзі цікавяцца дзе што купіць танней і што дазваляюць сабе набыць немцы.

«Разумею вашу сітуацыю — без грошай кепска», — пагаджаецца ён з аргументамі чарговых «усходніх», гэтым разам беларускіх, гасцей. Аднак трымаецца меркавання, што хоць грошы і даюць адчуванне незалежнасці, яны таксама могуць і падпарадкоўваць сабе, незалежнасці пазбаўляючы.

А вось гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут кажа, што ў польска-беларускім памежжы часта прыходзіцца сустракацца з супрацьлеглым меркаваннем. «У Беластоку беларусаў лічаць вельмі заможнымі людзьмі, бо яны ўвесь час прыязджаюць у Польшчу «на закупы». Палякі толькі дзівяцца — колькі ж можна купляць — ай-ай-ай — кожны дзень вывозяць, поўнымі машынамі, то значыць, маюць многа грошай.

pochobut-2
Анджэй Пачобут, здымак са старонкі ў Facebook

«А тут жа трэба разумець, што асобны чалавек мо толькі раз на год і едзе на тыя закупы. Ці купляе не толькі сабе, а яшчэ і па просьбах сваякоў ці знаёмых».

Тое, што людзям цікава запытаць пра заробкі за мяжой, паводле Анджэя, і ёсць паказчыкам цікавасці да жыцця і культуры іншай краіны. Маўляў, заходнія госці, што прыязджаюць у Беларусь, таксама пытаюцца пра мясцовыя зарплаты.

Рэальнасць ці медыйная карцінка

Паводле Анджэя, цікавасць да чужых заробкаў дазваляе прыезжым больш рэальна ацаніць жыццё краіны, зразумець яе жыхароў ці параўнаць мясцовы побыт з уласным. Часцей за ўсё веды пра замежжа найперш прыходзяць да людзей з прэсы, а ў медыйную карцінку патрапляюць хутчэй негатыўныя з’явы.

Пра Беларусь на Захадзе найбольш пісалі ў сувязі з уціскам дэмакратыі ды арыштамі актывістаў. І гэта не таму, што да Беларусі асобае стаўленне. «Калі, напрыклад, у Чэхіі ўсё добра, то ці шмат нашы СМІ пра яе пішуць? А ўжо як нешта здараецца, то гэта падзея фармуе інфармацыйную карціну. Так працуюць медыі, тут няма ніякага падтэксту», — каментуе Анджэй.

Калі ж чалавек з «медыйнай карцінкай» у галаве прыязджае да нас, то бачыць — яна не адпавядае штодзённай рэальнасці. Тут парадак, засеяныя палеткі, чыстыя вуліцы, то ён кажа — у вас жа ўсё добра! А пасля патрапляе ў краму, дзівіцца высокім цэнам і - пачынае распытваць пра жыццё.

Муры, што зніклі

Да таго, як пала Берлінская сцяна, Франкфурт-на-Одары быў часткай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, так званай Усходняй Германіяй. Мяжа знікла, ад яе засталіся толькі ўспаміны — распавядае Дзітрых Шродар.

berlinskaya-stsyana-2
На ўспамін аб Бярлінскай сцяне па ўсёй працягласці былой мяжы ў брук умантаваны знакі з часам яе існавання

Таксама на яго памяці прайшло і знікненне яшчэ адной мяжы. Калі Польшча ўступіла ў Еўрасаюз, а потым яе прынялі ў Шэнген, зніклі кардоны паміж Германіяй і Польшчай. Раней нямецкі Франкфурт-на Одары і польскі Слубіцэ раздзяляла рака, зараз іх злучае мост.

frankfurt-na-odaryi-3
Млст паміж Франкфуртам-на-Одары і Слюбіцэ звязвае Польшчу з Германіяй. За мяжу па ім можна схадзіць пеша ці з’ездзіць на трамваі

«25 гадоў таму людзі не маглі сабе нават уявіць, што гэтыя межы будуць адкрытыя і тут не будзе кантролю. Сёння я б сказаў, што большасць не ўяўляе сабе, што граніцы ізноў могуць закрыць».

berlinskaya-stsyana-1
Часткі Берлінскай сцяны захаваны і ператвораны ў арт-аб'ект. На здымку — адна з самых папулярных выяваў на сцяне — братэрскі пацалунак Брэжнева з Хонакерам

Людзі прывыклі, успрымаюць і абедзьве колішнія Германіі, і абодва гарады, як адно цэлае. Нядаўна ў Слубіцэ адкрылася кавярня-шакаладніца, то сусед радаваўся, што нарэшце гэта здарылася «ў нашым горадзе», узгадвае Дзітрых.

Межы, што застаюцца

«Заўсёды думаў: як можна забыць, калі ў цябе канчаецца віза… Зараз ведаю як. Бо сам забыўся. Даведаўся пра тое ўжо на вакзале, сядаючы ў аўтобус на Беласток. Добра, што кіроўца звярнуў увагу, інакш бы высадзілі мяне на мяжы». Такі допіс з’явіўся на старонцы Анджэя Пачобута ў Facebook 12 снежня. «Такія часы, паміж намі - віза», — спачувалі ў каментах сябры.

myazha-gdr-2
Памежны слуп былой ГДР стаў зараз адным з экспанатаў музея Берлінскай сцяны

Мяжа паміж Беларуссю і Еўрасаюзам моцна трымае пазіцыю, стаіць, падобна нябачнай Кітайскай сцяне. Пытаюся пра меркаванне Анджэя з нагоды яе трываласці - ці не разбурыцца гэта сцяна ўслед за Берлінскай?.. «Некалькі гадоў таму выдавалася, што гэта пытанне часу, а зараз таго пераканання няма, — адказвае Анджэй. — Аказалася, што Беларусь вельмі моцна прывязана да Расіі».

Паводле журналіста, справа не толькі ў палітыцы ці эканоміцы. Для вялікай часткі грамадства пункт гледжання, што транслюецца медыямі суседняй краіны, аказаўся вельмі запатрабаваным і мае моцны ўплыў.

kavalak-berlinskay-stsyanyi-u-zsha-shalitsvil-universitet-virdzhyinii
Вітрына з кавалкам Берлінскай сцяны, што ў якасці арт-аб'екта ўсталявана ў студэнтскім гарадку Універсітэта Вірджыніі, ЗША, Шалітсвіль

Нават тое, што частка Гродзеншчыны стала для замежнікаў бязвізавай, не дужа мяняе сітуацыю. «Для палякаў бязвізавы рух гэта — сеў і паехаў. Нават пашпарт з сабой можаш не браць. А тут, аказваецца, трэба загадзя рэгістравацца, плаціць… Карацей, для большасці Беларусь надалей застаецца закрытай прасторай».

Лепш разам, ці паасобку?

«У кожнай краіне ёсць людзі, што хочуць мець выгаду тут і зараз. І ў нас ёсць тыя, што выступаюць супраць інтэграцыі. Прадстаўнікі руху «Альтэрнатыва для Германіі» — самыя заўважныя сярод іх. Але калі я запытаўся ў аднаго з актывістаў, дзе ён запраўляе машыну, то пачуў: «Канечне ў Слубіцэ! — там танней», — распавядае Дзітрых.

kavalak-berlinskay-stsyanyi-z-polshchyi-gdansk
Кавалак Берлінскай сцяны, усталяваны ў Гданьску, Польшча, побач з Еўрапейскім Цэнтрам Салідарнасці

Калі паўстаюць цяжкія пытанні, мяркуе ён, з’яўляецца спакуса закрыцца і вырашаць праблемы паасобку. Але з «мікракосмаса Франкфурта-на-Одары і Слубіцэ» ўсё выглядае трохі інакш. Тут відавочна, што выбіраюць людзі. Шмат гандлёвых цэнтраў са Слубіцэ сёння не маглі б існаваць, каб за іх не галасавалі грашыма нямецкія пакупнікі, а многія мясцовыя палякі засталіся б беспрацоўнымі, калі б не магчымасць ездзіць на работу ў Франкфурт-на-Одары.

frankfurt-na-odaryi-1
Франкфурт-на-Одары, Германія

Нельга адмаўляць і скаладаныя бакі любога аб’яднання. Хаця б тое, што людзі хочуць атрымліваць за працу большы заробак. Працоўная міграцыя набыла размах ў Еўрасаюзе. Ды і беларусы ўсё часцей едуць на заробкі за мяжу. Ці на ўсход, у Расію, ці на захад — у Польшчу і далей. «Гэта эканоміка, яна так працуе незалежна ад нашага жадання», — кажа Анджэй Пачобут.

Калі яднае памяць

Дзітрых Шродар распавядае, што да 1945 года тэрыторыя сучаснага Слубіцэ і каля 80 кіламетраў далей на ўсход належала Германіі. Пасля вайны многія мусілі перасяліцца, пакінуўшы ўсё, што мелі. Зараз нашчадкі тых людзей маюць цікавасць да мясцінаў, дзе жылі продкі. У Германіі нават ёсць дабрачыннае грамадскае аб’яднанне, што збірае сродкі для аднаўлення храмаў на памежнай тэрыторыі з боку Польшчы — бо ім дарагая гэта памяць.

Што да Гродна, то месца, дзе ён стаіць, таксама ў розныя часы належала да розных дзяржаваў. Як і блізкія да яго тэрыторыі. Але раз’яднаныя межамі, людзі усё роўна маюць агульную памяць, аб’ядноўваюцца культурай.

«У аднаўленне гродзенскіх касцёлаў вялікі ўнёсак зрабілі палякі. Людзі, што жылі тут да вайны, давалі сродкі на адбудову храмаў, — кажа Анджэй. — А „беларускія палякі“ збіралі сродкі на гуманітарную дапамогу, калі ў Польшчы было навадненне».

Гаворка не ідзе пра перагляд вынікаў вайны ці перадзел тэрыторый, мяркуюць абодва журналісты. Справа ў агульным адчуванні прыналежнасці да Радзімы.

Медыі па-над межамі

Роля мясцовай прэсы ў тым, каб зрабіць межы больш празрыстымі, а інтэграцыю эфектыўнай, можа быць вельмі значнай, кажа Дзітрых Шродар. Бо «добрая рэгіянальная газета — гэта частка дэмакратыі» і мае асвятляць не толькі мясцовыя, але і міжнароджныя падзеі. Падобнае меркаванне выказвае і Анджэй Пачобут. На яго думкку, у нашых мясцовых медыях не стае інфармацыі і пра падзеі ў свеце, і ўласна пра мяжу, хаця яе існаванне сфармавала ў Гродне і ваколіцах асобую субкультуру.

«Заўсёды кажу польскім журналістам, што супрацоўніцтва з Беларуссю трэба развіваць. Добрасуседства адпавядае агульным інтарэсам», — разважае Дзітрых. Менавіта нямецкая дзяржава зараз падае таму добры прыклад: «Немцы здзейснілі вялікія злачынствы ў мінулым, але шмат чаму навучыліся з гісторыі». Зараз Германія стараецца выступаць пасярэднікам паміж Усходам і Захадам.

На гэту задачу, яго меркаваннем, працуе і выбудова асабістых стасункаў паміж жыхарамі розных краін. Маўляў, сустрэчы і знаёмствы гэта гарантыя, што людзі не будуць страляць адзін у аднаго. Кепска, калі людзі раздзеленыя. «Лепш, калі іх аб’ядноўваюць масты і медыі, чым раздзяляюць межы».

frankfurt-na-odaryi-4
Адзін з мастоў паміж Франкфуртам-на-Одары і Слубіцэ