Grodno Fashion Show 2016: этна-матывы, шубы ды чарнаскурыя мадэлі

Фота: Ян Лялевіч

Сёлета на Grodno Fashion Show было прадстаўлена каля 40 калекцый адзення для мужчын, жанчын і дзяцей. Свае працы прадэманстравалі як маладыя дызайнеры з каледжаў і універсітэтаў, так і вопытныя майстры, якія прадстаўлялі беларускія швейныя і тэкстыльныя прадпрыемствы ды салоны моднай вопраткі і абутку.

Шоў прайшло 8 кастрычніка ў два заходы, у час якіх больш за 200 мадэляў у зале “Радыёхвалi”, дэманстравалі розныя калекцыi. Акрамя мясцовых дызайнераў і вытворцаў, былі прадстаўнікі з усёй Беларусі. Некаторыя паказаныя на сцэне калекцыі яшчэ не паступалі ў продаж.

Grodno Fashion Show. Фота: Руслан Кулевіч

Вядомы беларускі дызайнер Антон Ярошчык, які стаяў ля вытокаў Grodno Fashion Show, прыехаў чарговы раз у Гродна, каб паказаць сваю новую калекцыю. Яго працы прыйшлі многім па гусце.

“Заўсёды прыемна прыязджаць у Гродна, дзе я вучыўся. Grodno Fashion Show – вельмі добрая пляцоўка, якая з кожным годам развіваецца. Не параўнаць з тым, што было ў самым пачатку. У гэтым годзе я прадставіў сваю новую калекцыю з нацыянальным каларытам, якую змешваем з сучаснымі напрамкамі. Пазіцыянуем мы цеплыню сям’і і сямейнага ачага. Прадпрыемства “Палессе”, якое я прадстаўляю, працуе са слоганам “Дарыце цяпло сабе і сваім блізкім”.

Grodno Fashion Show. Фота: Руслан Кулевіч

Grodno Fashion Show. Фота: Руслан Кулевіч

У модным дэфіле прымалі ўдзел як прафесіяналы, так і мадэлі-аматары, у тым ліку дзеці. Да ўдзелу ў паказе прыцягнулі гарадзенцаў з мадэльнай знешнасцю, якія прайшлі папярэдні адбор. Былі сярод іх і цемнаскурыя хлопцы ды дзяўчаты, а таксама мадэлі памеру “плюс”.

Сваім меркаваннем падзялілася і дызайнер-пачатковец Таццяна Калiневiч, якая сёлета прайшла ў рэспубліканскі фінал конкурсу “Мельнiца моды”.

“На Grodno Fashion Show былі як удалыя, так і не вельмі калекцыі. Але больш за ўсіх запомнілася мне калекцыя трыкатажу ад пінскага дызайнера Антона Ярошчыка. Яна сапраўды стыльная, маладзёжная і цікавая. Як толькі на сцэну выйшлі першыя мадэлі, адразу падумала, што трэба абавязкова зазірнуць у іх краму.

Grodno Fashion Show. Фота: Руслан Кулевіч

На мой погляд, было мала калекцый самастойных дызайнераў. Большасць было ад розных камерцыйных прадпрыемстваў. Але, адназначна, там было на што паглядзець.

У будучыні планую таксама ўдзельнічаць у гэтым шоў. Гэта добрая платформа для таленавітых пачаткоўцаў. Думаю, на такія мерапрыемствы варта хадзіць не толькі людзям, звязаным з індустрыяй моды, але і людзям іншых прафесій, каб даведацца і ўбачыць, што і ў Беларусі ўмеюць рабіць якасныя, цікавыя і незвычайныя вырабы”.

 [cincopa AkCA5t9-_2df]

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: