Камунальныя службы Гродна абвясцілі пра санітарную зачыстку горада. Пад знос пойдуць некалькі драўляных пабудоў. У панядзелак 25 сакавіка рабочыя прыступілі да разборкі дома міжваеннага перыяду на вуліцы Асіпенкі. Жыхары вуліцы абураныя — пабудова ў добрым стане, яна уваходзіць у комплекс былой Настаўніцкай калоніі, але ўлады нават не далі ёй шанцу на другое жыццё.
Дом № 3 на вуліцы Асіпенкі быў пабудаваны ў 1930-я гады. Ён уваходзіў у комплекс жылых, грамадскіх і гаспадарчых пабудоў у стылі драўлянага канструктывізму. Да Другой сусветнай вайны гэты раён называўся Настаўніцкай калоніяй. Да 1939 года ў будынку жылі настаўнікі. У савецкі час у дом засяліліся звычайныя працоўныя. У 2015 годзе жыхароў адсялілі. Пасля гэтага дом прастойваў, але нават без жыхароў ён быў у здавальняючым стане.
«Я сам там быў адносна нядаўна: пабудова ў добрым стане. Не працякала і ніякіх праломінаў ў сцяне не было. Дом уваходзіць ва ўнікальны комплекс, які складаецца з сямі драўляных дамоў у стылі канструктывізму. Яны дайшлі да нас амаль у першапачатковым выглядзе.
Я шмат езджу па розных краінах і такія дамы там, наадварот, ратуюць, робяць розныя хостелы. У нас жа не жадаюць ратаваць такія пабудовы, улады нават шанцу не даюць і не выстаўляюць іх на продаж. А можа б знайшоўся чалавек і купіў бы гэты дом на Асіпенкі, упарадкаваў бы? Не, ім трэба знесці…", — распавёў гісторык.
«Ёсць сэнс працягваць барацьбу за стары Гродна». Блогеры-краязнаўцы пра апошнія разбурэнні ў цэнтры горада
У 2018 годзе мы расказвалі пра дом на Чкалава № 13, які гарадскія ўлады таксама хацелі знесці. Але нават пасля сур’ёзнага пажару ўласнік здолеў выратаваць пабудову. Зараз у доме ідуць унутраныя работы, там плануюць жыць.