«Шоўтайм» зачыняецца, бо прадпрымальнікам паднялі кошт арэнды ў тры разы. Крама ўжо змяншалася з 25 квадратных метраў да ўсяго пяці, але ўладальнік Юры Грыгер вымушаны зачыніць бізнес цалкам.
Як з’явіўся «Шоутайм»
Юры Грыгер у музычным бізнэсе з 1990 года. Спачатку ён прадаваў музыку ў кіёску. У 1995 годзе заехаў на другі паверх будынку па вуліцы Горкага, 64, якім тады валодала фірма «Карат». Хутка туды ж заехалі студыя гуказапісу, фотастудыя, фірма з аўтазапчасткамі, фірма з фотатаварамі, крама мэблі. Праз нейкі час з’явілася фірма з відэакасетамі і кінавідэапракатам.
Грыгер займаўся продажам кружэлак, СD-дыскаў і аудыёкасет, якія карыталіся найбольшым попытам. Кампакт-дыскі тады толькі з’явіліся. Іх даводзілася вазіць з-за мяжы, а каштавалі яны ад 10 долараў.
Арэнда памяшкання каштавала 100 даляраў. Па дамове грошы за мэблю і кошты за расходы на рамонт Грыгер выплочваў паступова. Ён быў уладальнікам бізнэсу, а працавалі ў яго тры прадаўцы.
Інтэрнэт забіў краму
У 2000 годзе фірма «Карат» сышла з будынка і занялася рэстаранным бізнесам — спачатку адкрылі рэстаран «Карат» (там зараз «Салодкі пачастунак»), затым выкупілі рэстаран «Парламент». Гаспадаром будынку, дзе знаходзіўся «Шоўтайм», стаў УЖРЭП. Гарадскія ўлады прынеслі з сабой новыя парадкі. З арэндатарамі заключылі новыя дамовы: цяпер яны павінны былі самі плаціць за электрычнасць, ваду, ацяпленне, вынас смецця. Раней гэта ўваходзіла ў арэнду.
У 2008−2010 пачаў выміраць продаж музыкі, бо з’явіўся даступны хуткі інтэрнэт. Яшчэ раней з’явілася безліч новых музычных кропак і крамаў - яны таксама перацягнулі частку пакупнікоў.
За японскімі дыскамі прыязджалі нават з-за мяжы
— Мы былі першымі, — кажа Юрый Грыгер. — Да нас ехалі з усяго горада, бо ў мяне былі эксклюзіўныя фірмовыя дыскі. Людзі, якія хацелі якасны запіс, прыходзілі да мяне.
Прыязджалі па дыскі не толькі з Гродна. За гады працы «Шоўтайм» наведвалі пакупнікі з Мінску, Беластоку, Гданьску, Кракава, Коўнаса, Таліна і іншых гарадоў. Людзі глядзелі горад, але прязджалі менавіта ў «Шоўтайм» за дыскамі японскай вытворчасці. Яны адрозніваліся вышэйшай якасцю і вышэйшай цаной.
«Падсаджвалі» на добрую музыку
У «Шоўтайме» можна было пачуць «правільную» музыку. Паводле Грыгера, многія людзі прыходзілі з пачатковымі ведамі пра музыку, а сыходзілі з багатым вопытам.
— Мы не толькі прадавалі. Калі я бачыў, што чалавек цікавіцца музыкай, я стараўся дапамагчы выбраць і «падсадзіць» на гэтую музыку. Калі чалавек слухае Саладуху і не ведае, хто такія «Бітлз», я кажу «паслухай, калі ласка, раптам спадабаецца». Людзі змянялі сваё меркаванне, — расказвае Юры.
«Каму ад гэтага лепш?»
З памяшкання на вуліцы Горкага, 64 ужо з’ехала тры фірмы, хутка з’едзе і чацвёртая.
— З 20 маіх знаёмых ужо шэсць чалавек закрыліся і здалі ІП, — расказвае Юры Грыгер. — Пакуль я быў ІП, я штомесяц плаціў дзяржаве каля трох мільёнаў. Мне паднялі арэнду ў тры разы, я зачыніўся. Цяпер я беспрацоўны, пайду на вуліцу. І каму ад гэтага лепш?
Юры Грыгер пакуль не можа знайсці новую працу з-за ўзроста, хаця мае тры адукацыі - адну вышэйшую гістарычную і дзве тэхнічныя.
— З маіх знаёмых прадпрымальнікаў, якія страцілі працу, дзесяць працэнтаў пойдзе ў бандыты — сумна прадбачыць Юры. — Дзесяць ці дваццаць сап’ецца, трыццаць з’едзе за мяжу. Дзесяць маіх знаёмых з’ехалі ў Штаты і знайшлі годную працу. Магчыма, і я з’еду. Я радзіму люблю, а яна мяне выганяе.
Калісьці быў мецэнатам, цяпер не хапае на хлеб
У 1990-х і пачатку 2000-х, калі Юры Грыгер зарабляў прыстойныя грошы, ён быў спонсарам гродзенскіх футбольных і хакейных каманд. Таксама ў яго ёсць падзякі ад розных жыхароў Беларусі, якім ён дапамог з грашыма на лекі, лячэнне, аплаціў аперацыі.
— А за апошнія дзевяць гадоў я нават на хлеб не магу зарабіць, — кажа ён.
Продаж музыкі - справа бесперспектыўная
Апошнім часам у «Шоўтайме» было 50−60 пастаянных пакупнікоў. Палова з іх ужо ведае, што крама зачыняецца. Юры кажа, што незадаволеныя людзі скардзяцца, лаюцца, пытаюцца, дзе будуць даставаць дыскі.
Запісы, якія засталіся, акрамя ўласнай калекцыі вінілу, Юры Грыгер паспрабуе прадаць у іншых кропках. Таксама будзе кансультаваць пачынаючых прадпрымальнікаў, якія займаюцца распаўсюджваннем музыкі.
Наогул, як кажа Юры, продаж музыкі сёння — справа неперспектыўная. Галоўным чынам, з-за распаўсюду інтэрнэту. І нават закон аб аўтарскіх правах не дапаможа перамагчы пірацтва.