Беларускія музыкі ў эміграцыі пачынаюць больш выступаць для мясцовых і менш — непасрэдна для беларускай дыяспары. Гэта ўзаемна — дыяспара менш ходзіць на канцэрты «сваіх», таму што выбірае інтэгравацца і адпачыць ад эмігранцкіх тэм. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як гэта адбываецца і хто ад гэтага прайграе і выйграе.
Увечары выхаднога дня ў лістападзе 2024 года ў беларускі бар Беластока прыехалі выступаць тры андэграўндныя гурты. На канцэрт папярэдне прадалі два квіткі. Разам з хлопцамі, членамі груп, і іх дзяўчатамі, зала запоўнілі чалавек 15.
Адным з гэтых музыкаў быў Ягор Бобаў з праектаў «Ковельские Псы» і «yahorsho». Другі няўдалы канцэрт у Ягора як у арганізатара быў у траўні ў Варшаве. Сам канцэрт быў добрым, але на яго прыйшлі 39 чалавек. А каб адбіць грошы, Бобаву трэба было «пабольш». У выніку Ягор застаўся ў пазыках на 850 злотых (200 еўра).
Пасля няўдалага кейса Ягор падумаў, што трэба пасупрацоўнічаць з мясцовым рынкам — з польскімі арганізатарамі і польскай публікай. Атрымалася — у траўні ён паўдзельнічаў у трох канцэртах, дзе музыкі ягонага гурта былі адзінымі беларусамі. А беларускія эмігранты складалі толькі чвэрць аўдыторыі.

«Тыя, хто патлусцей — ім дастаткова беларускай аўдыторыі. Ім абсалютна не трэба нікуды інтэгравацца. Мы не такія беларускія гурты для эмігрантаў, як „Naviband“, „Дай Дарогу“ якія-небудзь. Для гуртоў тыпу нас я бачу далейшы рух у развіцці на той паляне, дзе мы знаходзімся. Няма планаў працаваць толькі на мясцовую ці толькі на сваю аўдыторыю. Задача — максімальна ва ўсе бакі распыляцца і хапаць, каго можам», — кажа Ягор.
Хочаш развівацца — працуй для мясцовых
Сітуацыя паўтарылася ў тым жа месцы праз паўгода. На канцэрт у беларускі бар у Беластоку прыйшлі 10 чалавек. Яны падпявалі музыканту і ведалі матэрыял. Не-прыхільнікаў творчасці не было.
Справа ў тым, што ў беларусаў няма культуры наведвання канцэртаў незнаёмых выканаўцаў, мяркуе Антон Сіроцін, адзін са стваральнікаў Беластоцкага музычнага клуба (БМК): «Выдаткаваць час і грошы на нейкі незразумелы гурт, пра які ты не чуў - гэта не пра нас».

Спад цікавасці беларусаў у эміграцыі да дзейнасці беларускіх культурных фактараў зафіксавала ў даследаванні ў 2023 і 2024 гадах «Беларуская рада культуры». Гэта тлумачаць згасаннем эфекту 2020 года, дэпалітызацыяй беларускай дыяспары, яе асіміляцыяй і адкрыццём для сябе новых рынкаў.
Адсюль другі трэнд — пераарыентацыя на замежнага (лакальнага) спажыўца. Такую стратэгію развіцця на бліжэйшую будучыню бяруць нават арганізацыі, ідэйна завязаныя на спецыфічна беларускім кантэксце. Толькі 60% актараў адзначаюць Беларусь у якасці асноўнай аўдыторыі.
Беларускі артыст не павінен спекуляваць на сваім паходжанні
Да чаго эміграцыя прывяла беларускіх аўдыторыю і музыкаў, тлумачыць культурны аналітык Максім Жбанкоў. Аўдыторыя трапіла ў іншыя культурныя расклады і атрымала большую колькасць разнастайных прапаноў. Раней людзі хадзілі на сваіх часам ад таго, што не было выбару. Цяпер беларускі музыка, які хоча працаваць з беларускай аўдыторыі на выездзе, трапляе ў нябачаную раней сітуацыю творчай канкурэнцыі. І не заўсёды спраўляецца, лічыць эксперт.
«У асноўным яны працуюць па інэрцыі. Яны агучваюць свае старыя матрыцы і лекалы сэнсу, а жыццё змянілася, жыццё радыкальна паламалася. Такому ўкладу жыцця і стану свядомасці павінны адпавядаць якасна іншыя музычныя прапановы, якіх фатальна не хапае. Бясконцы „Naviband“ — гэта цяпер, прабачце, не пра нас».

Парада Жбанкова — ствараць музычныя прадукты новай якасці, а не спекуляваць на сваёй мове і паходжанні.
«Не хацелі рабіць эмігранцкі праект»
Такое ж рашэнне інтуітыўна абрала і група «Prorva». Яе стваралі ўжо ў Польшчы «дарослыя хлопцы». Яны паспелі пайраць у мностве калектываў у Беларусі і пераехалі ў Польшчу. Амаль усе — па палітычных прычынах.
«Калі казаць пра паходжанне, мы адказваем, што мы — польска-беларуская, беларуска-польская, і беларуская, і польская група адначасова. Таму што мы ўсе беларусы, але граем тут. Мы — частка сцэны польскай і агульнаеўрапейскай. Мы не хацелі рабіць з гэтага такі эмігранцкі праект. Мы хочам, каб пакрыць больш шырокія аспекты жыцця», — кажа бас — гітарыст групы.
Польская сцэна добра прыняла гурт: іх слухаюць, запрашаюць на канцэрты, бяруць інтэрв'ю. Паводле статыстыкі на стрымінгавых пляцоўках, большасць слухачоў - з Польшчы. Этнічны склад аўдыторыі невядомы. Бас-гітарыст лічыць, што 60% ад гэтай польскай аўдыторыі - украінцы і беларусы. У Ягора Бобава падобная статыстыка: 90% аўдыторыі праекта — з Варшавы.

У назве праекта — беларускае слова «Прорва», напісанае беларускай лацінкай. Музыкам было важна, каб яго можна было чытаць на ўсіх мовах аднолькава. Лацінку для назвы выбралі, каб адпавядаць еўрапейскім рэаліям.
Гурт спявае песні па-беларуску. У будучыні можа дадацца англійская і польская. У Instagram гурта напісана, што ён — «Warsaw based punk band». «Для слухача або для букера, які нас хоча запрасіць на сваё мерапрыемства, не важна, хто мы па паходжанні. Для яго важна, што мы ўсе жывем у Варшаве. Калі б мы пісалі, што з Беларусі, гэта можна было ўспрыняць, што гурт базуецца ў Беларусі. Кошты, каб іх прывезці сюды, будуць ужо іншыя».
Калі трэба будзе штосьці сказаць паміж песнямі — падзякаваць арганізатару або прадставіць твор — у групе аналізуюць, для якой публікі яны граюць і на якой мове гэта лепш зрабіць. Гавораць па-польску, па-англійску, па-беларуску, часам — змяшана.
«Надакучыла валтузня вакол тэмы «сваіх»
Так жа робіць і Ягор Бобаў з «Ковельских Псов». Каб палякі лепш разумелі яго рускамоўныя тэксты, ён плануе дапоўніць іх відэашэрагам. На апошніх канцэртах музыкі падпісвалі як праект «з Варшавы». Назва групы напісалі лацінкай з польскімі літарамі.

«Людзям трохі надакучыла валтузня вакол тэмы „сваіх“, „нашых“. Гэта ўжо набіла аскому. Людзі шукаюць чагосьці не тое каб нейтральнага, але з фокусам на нешта іншае. Таму што колькі, бляха, можна? У нас і так усе размовы, ці п’еш ты з адным гарэлку, ці з маткай па тэлефоне размаўляеш, канчаюцца ўсім гэтым. Людзі прыходзяць адпачыць. Парэфлексаваць, абмяняцца сэнсамі таксама, але перш за ўсё гэта інтэртэймент», — распавёў бас-гітарыст гурта «Prorva».
Чаго не хапае беларускай культуры
«Я вось нядаўна вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што ў Вільні, у якой беларускіх культурных падзей абсалютна не хапае, у тым ліку і музычных, адначасова ў адзін і той жа дзень гралі канцэрты тры розныя беларускія выканаўцы. І гэта абсалютна фатальны расклад, бо, натуральна, яны адзін аднаго папросту перабівалі, перахоплівалі аўдыторыю. У выніку атрымалася, што ў Сяргея Пукста было восем-дзесяць чалавек на канцэрце», — падзяліўся Максім Жбанкоў.
У беларускім шоў-бізнэсе, працягвае ён, і раней не хапала каардынацыі. А цяпер няздольнасць дамаўляцца і супрацоўнічаць сталі адчувальна перашкаджаць, лічыць Жбанкоў. Даследаванне «Беларускай рады культуры» кажа, што сферы не хапае пазіцыянавання, PR, рэкламы, прадакшана. А таксама — мэнэджарскіх навыкаў і рэсурсаў для развіцця. Пераадолеўшы гэта, можна дастукацца да еўрапейскай публікі, лічаць актары.
Гэтак жа праблему пустых залаў тлумачыць і Антон Сіроцін. У музыкаў адсутнічае сэлф-прамоўшн. Яны могуць зрабіць толькі пару рылсаў і запрашэнняў. Варта больш актыўна прасоўваць музыку і шукаць аўдыторыю ў кожным горадзе, куды яны едуць, лічыць Антон.
Клуб імкнецца прывіваць слухачам культуру паходаў на канцэрты і пашыраць аўдыторыю за кошт палякаў. Напрыклад, дабрачыннымі канцэртамі. Ад дзяржавы, мецэнатаў і «добрых людзей» клуб чакае падтрымкі. Падтрымаць яго можна тут.
Перспектыва: будаваць культурныя калабарацыі і ствараць месцы для разумнікаў
Аднак культурны аналітык Максім Жбанкоў настроены пазітыўна. Ужо цяпер з’яўляюцца новыя фарматы адзінства, новыя фарматы нейкіх супольнасцяў. «Культурныя калабарацыі з лакальнымі артыстамі - таксама вельмі моцная і вельмі перспектыўная штука. Я не ведаю, ці бачылі вы купалаўскі спектакль «Зэкамерон». Там тры выканаўцы, два купалаўцы і Уладзімір Пугач (вакаліст «J: морс» — Hrodna.life), які, натуральна, ні разу не акцёр. Яны разам на траіх фактычна робяць гэты спектакль, а кіруе ўсім польскі рэжысёр.
І атрымалася вельмі цікавая, вельмі такая шматгранная гісторыя, бо з аднаго боку, ёсць тэатральная традыцыя беларуская. З іншага боку, ёсць песенныя інтэнцыі і аўтарскі кампазітарскі почырк Уладзіміра Пугача. І ёсць адказны, умоўна кажучы, за еўрапейскі кантэкст польскі рэжысёр. І ў суме склаўся вельмі цікавы фантастычнай прыгажосці музычны спектакль. Як па мне, вельмі перспектыўным будзе менавіта такі шлях такіх гібрыдных пошукаў. Шлях такіх каларытных, мазаічных, можа, праектаў і, натуральна, праца з лакальным кантэкстам. Уваходжанне ў новую культурную сітуацыю са сваім беларускім падыходам".
Беларусам не хапае інтэлектуальнага асяроддзя, месцаў для разумнікаў, дыскусійнай публічнасці. «Культурцы» патрэбныя спрыяльныя ўмовы і працоўныя пляцоўкі. А таксама — якасная экспертыза і крытыка, на якую творцы не будуць крыўдзіцца і якую будуць нармальна ўспрымаць.
— У гэтай сітуацыі ёсць і свае слабыя і моцныя бакі. Слабыя — гэта тое, што нам цяжка, а моцныя — гэта тое, што мы напярэдадні новай стадыі беларускай культуры. Я шчыра перакананы, што мы ў бліжэйшыя гады ўбачым якасны прарыў. Таму, што людзі саспелі, творцы трохі зарыентаваліся ў сітуацыі і знайшлі новыя інтанацыі. У нас цяпер сітуацыя крэатыўнага выкліку, сітуацыя непрадказальнасці. Сітуацыя перазагрузкі. І гэтая перазагрузка — штука незвычайна цікавая.
Чытайце таксама: Музыканты Гродно — не только кавер-бэнды на свадьбах. Послушайте, что сейчас играют гродненские группы