Мінчук Герман у 2022 годзе паехаў на зімоўку ў Партугалію. У выніку жыве там па сённяшні дзень. У цягніку па дарозе з самай заходняй кропкі Еўропы да Лісабона ён расказаў Hrodna.life пра жыццём там. А яшчэ згадаў, з якім словам у яго асацыюецца гэтая краіна.

“Мая зімоўка выйшла амаль на два гады”
Герман родам з Мінска. Працуе SMM-менеджарам у адным з беларускіх медыя. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён жыў ва Украіне. Зімой 2022 года хлопец вырашыў паехаць у Партугалію.
“Для мяне гэта быў не закрыты гештальт. Квіткі на адпачынак былі яшчэ ў сакавіку 2020 года, але праз COVID-19 гэта ўсё не атрымалася. І вось я вырашыў паехаць на зіму ў Лісабон. Ну і мая зімоўка выйшла амаль на два гады”, – кажа Герман.

Калі Расія пачала вайну супраць Украіны, Герман думаў, што яна хутка скончыцца, а ён вернецца ва Украіну, дзе планаваў жыць. Але зразумеў, што гэта надоўга, і вырашыў застацца ў Партугаліі.
“Польшча, Літва, Грузія – мне гэтыя варыянты не так моцна падабаліся. І вырашыў, калі я ў Партугаліі ўжо жыву тры месяцы, плюс у Партугаліі зрабілі temporary protection [часовая іміграцыйна абарона – Hrodna.life] для ўкраінцаў і тых, у каго ёсць украінскі від на жыхарства. Я мог легальна знаходзіцца ў гэтай краіне, таму застаўся і не шкадую”.
“Цябе паўсюль зразумеюць па-англійску”
Герман жыве ў Лісабоне, куды ён прыехаў да свайго аднакласніка. “Я шмат вандраваў у першыя месяцы па ўсёй Партугаліі. І вырашыў, што для жыцця Лісабон – найлепшы горад”, – лічыць Герман.

Праблем з мовай і адаптацыяй у яго не было.
“У Лісабоне 90% людзей у сферы паслуг размаўляюць па-англійску. Таму праблем з мовай увогуле няма, – кажа Герман. – Я вывучыў базавы ўзровень [партугальскай – Hrodna.life], каб замовіць нешта ў рэстаране, у краме, але не больш. Бо няма такой патрэбы. Ты разумееш, што цябе паўсюль зразумеюць па-англійску. Плюс я не быў упэўнены, што застануся надоўга і ці варта ўвогуле вучыць новую мову. Але зараз усё ж хачу падвучыць. І дзеля павагі для партугальцаў, і ўсё ж хоць некалі, але можа спатрэбіцца”.

Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву з брэндам “Мова вольных”. Сёлета брэнд выпускае слоўнічак-каляндар на 2024 год пад назвай “Мова вольных вандруе па свеце”. З дапамогай яго беларусы ўзгадваюць беларускія словы, а таксама даведваюцца іх пераклады на іншыя мовы.

“Чуеш, што на нашай мове размаўляюць, а прыслухоўваешся – і разумееш, што гэта партугальская”
“Па вымаўленні партугальская мова вельмі падобна да ўкраінскай, беларускай ці рускай. Нават часта чуеш, быццам на нашай мове размаўляюць, а потым прыслухоўваешся – і разумееш, што гэта партугальская. Хоць словы больш падобныя да іспанскай ці італьянскай, – кажа Герман. – Але сама па сабе мова не складаная. Адзінае, няма матывацыі асаблівай для вывучэння. У мяне не такое вялікае кола камунікацыі з партугальцамі. Таму нават цяжка яе недзе ўжываць”.

Беларусаў стала болей з пачаткам вайны
У асноўным Герман стасуецца з украінцамі: “Іх тут было вельмі шмат і з пачаткам вайны прыехала шмат”.
Беларусаў таксама стала нашмат болей, заўважае ён.
“Калі я прыехаў, існаваў чат беларусаў у Партугаліі. Да 24 лютага там было чалавек 30. А пасля, праз месяц, у геаметрычнай прагрэсіі пайшоў рост і зараз там 1,5 тыс. чалавек. Але гэта толькі чацік Telegram, вядома, што іх больш”.
У Лісабоне ёсць невялікія суполкі беларусаў. Але Герман лічыць, што гэта не такая актыўная дыяспара, як у Польшчы альбо Грузіі.
“Сёння быў яскравы момант. Я іду па мысе Рока, насустрач ідзе чалавек і кажа мне: “Жыве Беларусь!”. Я быў у байцы з надпісам “Менск”. Аказалася, што ён прыехаў да майго сябра”, – расказаў Герман.

Што паглядзець у Партугаліі і куды з’ездзіць
“Зразумела, што на другім месцы [пасля Лісабона – Hrodna.life] – Порту. Ён вельмі турыстычны і, магчыма, цікавейшы за Лісабон. Яшчэ вельмі класныя гарады Гімарайнш і Назарэ. Ды і паездзіць па ўзбярэжжы, паглядзець на акіян, гэта канешне цудоўна, – падзяліўся Герман. – Ёсць выспы – Мадэйра і Азорскія. Для мяне ўвогуле Мадэйра – самае прыгожае, што я бачыў, магчыма, у жыцці. Там прырода, якой славіцца Партугалія. Не тое, што кліматычныя зоны, але розны клімат: і лясы, і горы, і акіян, і тропікі. Багацце прыроднае супер”.

У 40 кіламетрах ад Лісабона знаходзіцца мыс Рока – самая заходняя кропка Еўропы.
“Эштрэла – горны парк, вельмі класае месца. Калі зусім простымі словамі казаць, то едзеш ад Лісабона на поўнач па беразе акіяна і там месцы адно за адным прыгожыя”.

Паводле Германа, у Партугаліі вельмі ветлівыя людзі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы, амаль як дома.
“Вядома, што зусім іншая краіна, але адчуванне спакою і адчуванне, што ты знаходзішся ў месцы дзе табе прыемна, падкупае”.
Гэта настолькі ідэальны край?
“Сапраўды, Партугалія не ідэальная. Зімой тут няма ацяплення амаль нідзе. І цвіль на сцяне – абсалютна нармальна, гэта база, – кажа Герман. – Самы галоўны мінус – кошты на жытло і арэнду. З пачатку вайны [ва Украіне – Hrodna.life] яны вельмі моцна падняліся. І знайсці жытло – моцны квэст, праз які трэба прайсці, бо канкурэнцыя і попыт вялікія, а прапановаў мала”.
На пошук жытла можна згубіць пару месяцаў і потым зняць за € 1000 і болей.
“Тут шмат хто здымае пакоі. Да пачатку вайны сярэдняя цана за пакой была € 400. За аднапакаёвую кватэру – € 700. Зараз, хутчэй за ўсё, больш за € 1000, а ўзровень такі, як у Мінску – € 1500. І гэта яшчэ нармальныя кошты”.

Ёсць праблемы з банкаўскімі рахункамі і аплатамі.
“У іх не IT-краіна і ёсць хібы ды складанасці з аплатай. Але неяк прызвычайваешся. Бо ў Беларусі аплочваць камуналку прасцей і зручней, але гэта невялікая розніца. Пару разоў аплаціў – і нармальна ўсё”.
Што робіць Партугалію адметнай
“Я думаю, што гэта ў першую чаргу рэлакс. Бо ты прыязджаеш і разумееш, што людзі атрымоўваюць асалоду. У іх неяк гэта добра атрымліваецца. Яны нікуды не спяшаюцца, яны могуць сядзець сабе ўсміхацца і проста кайфаваць, чыліць, – расказаў Герман. – І ты потым сам да гэтага вайбу і атмасферы прызвычайваешся, заспакойваешся і атрымоўваеш асалоду ад жыцця. Гэта, мне падаецца, самае галоўнае”.

На думку Германа, мінус Партугаліі і Лісабона – цяжкасць вандраваць па Еўропе.
“Бо кожны раз, калі я прыязджаю ў іншыя гарады, я думаю: “Блін, прышпільна, але ў Лісабоне лепш”. І сапраўды, калі я вяртаюся пасля паездак, працоўных і не працоўных, у мяне адчуванне, што я вярнуўся дадому. Бо я тут адчуваю сябе вельмі добра, спакойна, кайфова”.
У Партугаліі ёсць нешта чароўнае, а людзі зараджаюцца энэргіяй ад акіяна альбо ад сонца, упэўнены Герман.
“Сапраўды, 300 сонечных дзён у Лісабоне ў год. І калі ты выходзіш на вуліцу, бачыш сонейка, бачыш людзей, якія ўсміхаюцца, табе таксама становіцца лепш і ты таксама ўсміхаешся і хочаш рабіць гэты свет лепшым”.

Зацішак на ўскрайку Еўропы
У партугальскай мове ёсць слова Calmaria – зацішак. У Германа Партугалія асацыюецца з гэтым словам.
“Адно з такіх папулярных словаў – Calma – “Спакойна. Усё будзе”. І ты жывеш на ўскрайку Еўропы, побач з акіянам, і сапраўды, вось гэты зацішак дае спакой, і ўсё ў сукупнасці – вельмі добры сімбіёз”.
Стваральнікі календара “Мова вольных вандруе па свеце” хочуць паказаць, што беларуская мова роўная іншым мовам свету, а таксама падтрымаць імкненне беларусаў ведаць мовы краінаў, дзе яны жывуць або бываюць.

На думку Германа, людзі ў Партугаліі жывуць, каб атрымоўваць асалоду. Маўляў, самі атрымоўваюць і іншым не перашкаджаюць.
“Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія адбываюцца ў свеце, у тым ліку ў нашым рэгіёне, ты разумееш, што жыццё тваё ідзе і Партугалія дае адчуванне жыць тут і цяпер. Гэта ідэльная краіна, каб жыць у моманце”.
Слоўнік у фармаце адрыўнога календара можна павесіць на сценку або паставіць на стол. Ён мае скрыначку, якая робіць з яго добры падарунак. А яшчэ ў ёй можна захоўваць адарваныя аркушыкі.
Заказаць каляндар можна ў Беларусь і любую іншую краіну.
А яшчэ яго можна брэндаваць – і зрабіць з яго выдатны карпаратыўны падарунак, напрыклад, ад беларускай кампаніі ў замежжы!






