Новыя ачышчальныя збудаванні “Малочнага свету” плануюць пабудаваць зусім побач з крыніцай, з якога бярэ пачатак рака Юрысдыка. Гэта прыток Гараднічанкі, ён цячэ праз цэнтр Гродна, а вада з яго трапляе ў Нёман. Пра гэта распавялі эколагі 2 сакавіка падчас прэзентацыі праекта ў гарвыканкаме. Таксама на новай тэрыторыі прадпрыемства пабудуе лагістычны цэнтр, дзе аб’яднае прадукцыю філіялаў з іншых гарадоў. Падрабязнасці праекта будоўлі на Гаспадарчай, 30 апублікаваў Telegram-канал Urban Hrodna.

Гаспадарчая, Молочный мир, логистический центр, очистные

“Малочны свет” збіраецца пабудаваць ачышчальныя і лагістычны цэнтр на аснове даўгабуду на Гаспадарчай, 30. Занядбанку будавалі ў 1990 годзе як хлебазавод. Зараз разам з тэрыторыяй у 5,5 га ён перайшоў да “Малочнага свету”.

Закінутая пабудова знаходзіцца літаральна праз плот ад прадпрыемства, бліжэй да вуліцы Курчатава. Падмурак, перакрыцці і калоны засталіся ў здавальняючым стане і здольныя несці нагрузку, распавёў начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва прадпрыемства Максім Попел.

Каля вытока Юрысдыкі з'явяцца ачышчальныя "Молочного мира". Што будзе з вадой у Нёмане
Прэзентацыя праекта новага лагістычнага цэнтра і ачышчальных “Малочнага свету”. Фота: Urban Hrodna

Лагістычны цэнтр аб’яднае ўсе філіялы

У новы лагістычны цэнтр будзе паступаць уся прадукцыя прадпрыемства, у тым ліку філіялаў у Шчучыне, Дзятлаве, Скідзелі, Бераставіцы. Ужо з яго яна будзе адпраўляючы да патэнцыйных пакупнікоў.

Прадугледжана вялікая складская зона, падзеленая на чатыры камеры: нізкатэмпературную, для захоўвання цэльнамалочнай прадукцыі, для ўльтрапастэрызаванага малака і сухіх прадуктаў і для захоўвання ўпаковачных матэрыялаў. Тамсама размесцяць транспартны ўчастак, які будзе абслугоўваць увесь “Малочны свет”. 

Каля вытока Юрысдыкі з'явяцца ачышчальныя "Молочного мира". Што будзе з вадой у Нёмане
Праект лагістычнага комплексу і ачышчальных (будынкі вылучаныя карычневым колерам)

Азеляненне пакуль крыху менш нормы

Паміж асноўнай пляцоўкай прадпрыемствы і лагістычным комплексам пабудуюць транспартную галерэю з канвеерам. Пакуль у Беларусі такая галерэя ёсць толькі адна, у Бабруйску. Будынак будзе аформлена ў фірмовых колерах “Малочнага свету”.

Азеляненне ў лагістычнага цэнтра будзе зроблена невялікімі ўчасткамі. Пакуль у праекце закладзена 0,76 га азелянення з агульных 5,49 га – усяго 13,9%. Па нормах яно павінна складаць не менш за 15% ад тэрыторыі. 

Праект увязаны з яшчэ адным будынкам, які павінны з’явіцца там згодна з Генпланам. Гэта прадпрыемства па перапрацоўцы пластмас. Яго праект распрацоўвае праектная кампанія “Інтэлсток Інжынірынг”. 

Ачышчальныя для “чыстай вады” на выхадзе

Другі аб’ект на новай тэрыторыі “Малочнага свету” – лакальныя ачышчальныя для сцёкаў прадпрыемства. Пасля ачысткі “практычна чыстыя воды” будуць скідаць у гарадскія калектары “Гроднаводаканала”, распавёў прадстаўнік “Малочнага свету” Максім Попел. Таксама праекціроўшчыкі прапрацоўваюць варыянт паўторнага выкарыстання вычышчаных сцёкаў на прадпрыемстве.

Ачышчальныя будуць закрытага тыпу (у будынку). Пастаўшчык тэхнічнага абсталявання – іспанская фірма. Анаэробная ачыстка будзе адбывацца з дапамогай актыўнага глею. Асноўны аб’ём будынка з жалезабетоннымі перакрыццямі змесціцца пад зямлёй. За суткі збудаванне зможа ачысціць 3000 кубаметраў сцёкаў. Аб’ём разлічылі з запасам. Зараз прадукцыйнасць лакальных ачышчальных – 2500 кубаметраў, сутачны аб’ём выкідаў — 2200.

Выток Юрысдыкі – як раз насупраць будучых ачышчальных

Ачышчальныя пабудуюць з боку прамысловай лініі чыгункі, за 20-30 м ад яе. Ад жылога раёна Дзевятоўкі іх аддзяляе тэрыторыя фабрыкі «ЗОВ».

Менавіта каля гэтай чыгункі, як раз насупраць будучых ачышчальных, знаходзіцца крыніца з досыць вялікім дэбетам [колькасцю вады, якая даецца крыніцай у адзінку часу – Hrodna.life], распавёў старшыня арганізацыі “Экаманіторынг” Яўген Філімонаў. Мясцовыя жыхары, даведаўшыся пра будаўніцтва «Малочнага свету», распавялі пра яго эколагу. Аказалася, што там бярэ пачатак рака Юрысдыка.

Эколаг правёў аналіз вады і нават пакаштаваў яе сам. Вада выявілася пітной, без шкодных прымешак.

У савецкія часы там быў зроблены бетонны латок, які ўжо пачаў разбурацца. Відаць, што людзі пастаянна наводзяць там парадак і карыстаюцца гэтай вадой. Для жыхароў Дзевятоўкі гэта апошняя бясплатная падземная крыніца, распавёў эколаг.

З крыніцы ўздоўж чыгуначнай галіны на нафтабазу цячэ ручай. Ніжэй па плыні ў ім з’яўляецца і смецце, і алейныя плямы. Праз Юрысдыку, абыходзячы ачышчальныя збудаванні, усё гэта трапляе ў Нёман. Пра існаванне крыніцы прадстаўнік “Малочнага свету” не ведаў.

Эколагаў турбуе, што пры будаўніцтве ачышчальных крыніца могуць проста знішчыць. Максім Попел запэўніў, што прадпрыемства знаходзіцца на ўзвышшы ў 10 м, і рэзервуар не будзе моцна заглыблены.

Што прапанавалі эколагі

Каб захаваць Юрысдыку ад забруджвання, прадстаўнікі арганізацыі “Экаманіторынг” прапанавалі пры будаўніцтве рэзервуара ўзяць ручай, які вынікае з крыніцы, у трубу. “Пажаданне да вашай арганізацыі – падтрымліваць экаідэі. Падарыце людзям ваду!”- сказаў Яўген Філімонаў. Перашкодай да гэтага можа стаць ахоўная зона чыгункі і бюджэт, патлумачыў прадстаўнік прадпрыемства.

Таксама прадпрыемству прапанавалі акультурыць крыніцу, каб да яго маглі прыходзіць людзі і набіраць ваду, і ўзяць яго на баланс прадпрыемства. «Нашы валанцёры, фінансы вашы! Давайце разам навядзем парадак і зробім Юрысдыку паўнавартаснай прыгожай ракой”, – прапанаваў эколаг.

Каля вытока Юрысдыкі з'явяцца ачышчальныя "Молочного мира". Што будзе з вадой у Нёмане
Падчас прэзентацыі праекта. Фота: Urban Hrodna

Прадстаўнік “Экаманіторынга” рэкамендаваў ўлічыць і ружу вятроў. Відавочна, што з пабудовай лагістычнага цэнтра колькасць машын можа ўзрасці. Што тычыцца ачышчальных, то хоць яны і закрытага тыпу, пры загрузцы і выгрузцы глею можа з’явіцца непрыемны пах. Дадаткова высаджаныя дрэвы маглі б перашкодзіць яму разносіцца з ветрам.

Тэрміны рэалізацыі праекта і кошт

На экспертызу праект лагістычнага цэнтра будуць падаваць у ліпені 2022 года. “Малочны свет” плануе рэалізаваць праект у 2022 годзе. Але так як пастаўшчыкі абсталявання для ачышчальных – замежная кампанія, тэрмінам могуць перашкодзіць санкцыі. Гэтак жа можа зменіцца і кошт праекта. Пакуль што ён складае каля 26 млн рублёў.

Чытайце таксама: Из инопланетной базы — в склад для молока. Самый таинственный долгострой Гродно ждут перемены