Спадчына

Ы — Млыны на Ласасянцы. 5 фактаў пра пабудовы, што далі энергію для прамысловасці і назву для раёна

Зараз млыны на рэчцы-Ласасянцы — не больш як жывапісныя руіны, што ўпрыгожваюць пейзаж. Раней жа яны былі основай прамысловасці і крыніцай энергіі для «горада майстроў». Млыны заўжды стаялі пры адной рэчцы, але ў розны час належалі да розных дзяржаваў і выконвалі розныя функцыі. Адзін з іх быў нават «машынай часу». Пра гэтыя ды іншыя факты аб млынах на Ласасянцы чытайце ў новым артыкуле Гарадзенскай азбукі.

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Давалі энергію «Гораду майстроў»

Большасць вядомых сёння млыноў на рэчцы Ласасянцы будаваліся ў другой палове ХVIII стагоддзя. Яны былі часткай Кунстава, дзе жылі і працавалі запрошаныя Тызенгаўзам у Гродна рамеснікі. Назва паселішча паходзіла ад нямецкага «Künstätte» — горад майстроў. Частку запрошаных рамеснікаў размясцілі ў Гарадніцы. Іншых, разам з іх мануфактурамі, перанеслі на бераг Ласасянкі. Працоўных млыноў да сёння не засталося, але руіны некаторых пабудоваў яшчэ можна пабачыць. Адзін з найлепш захаваных старых млыноў знаходзіцца побач з дарогай у Ласосна, па левы бок ад моста праз Ласасянку.

Пакінулі след у тапаніміцы

Вадзяныя млыны на Ласасянцы выкарыстоўваліся на суконных мануфактурах. Тут працавалі валяльныя станкі па выпраставанні сукна. Працэс выпрамлення называлі «хваляваннем» ці «фаляваннем», а станкі - фолюшамі. Ад той пары назва «Фолюш» замацавалася за мясцовасцю пры Ласасянцы. Зараз гэта афіцыйная назва гродзенскага мікрараёна.

Стаялі на межах паміж дзяржавамі

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай рэчышча Ласасянкі на 12 год стала дзяржаўнай мяжой Расіі і Прускага Каралеўства. Пасля напалеонаўскіх войнаў па рацэ ішла мяжа Гродзенскай губерні і Царства Польскага. Вёска Ласосна апынулася на польскім баку, а млын застаўся на тэрыторыі Гродзенскай губерні. Побач з гэтым млынам на мяжы XVIII і ХІХ стагоддзяў стаяў памежны слуп. Да нашых дзён ён не захаваўся.

Млын стаў палігонам скалалазаў

Ад млына каля вёскі Ласосна засталіся толькі сцены ды каскады на самой рэчцы. Аднак мураваная пабудова дагэтуль досыць моцная. Праз тое млын упадабалі мясцовыя аматары альпінізму. Яны выкарыстоўваюць муры для практыкаванняў. Калі прыгледзецца ўважліва, дзе-нідзе можна заўважыць адмысловыя гачкі для мацавання рыштунку.

А некалі быў «машынай часу»

Цікава, што млыновы мост-плаціна праз Ласасянку іроніяй лёсу апынуўся сапраўднай машынай часу. На захад ад яго жыхары Царства Польскага жылі па грыгарыянскім календары, а млынар, як і астатнія гродзенцы, лічылі час па афіцыйна прынятым у Расіі юліянскім календары. Прайшоў мост — і пасталеў ці адпаведна памаладзеў на два тыдні.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025