Прыгажосць уратуе свет, казаў класік. А сучасныя прыгажуні ад словаў перайшлі да справы. Першая беларуская ўдзельніца конкурсу прыгажосці «Міс Зямля» Полі Канабіс і сёлетняя першая міс Гродзенскай ЖКГ Аксана Шэйка разам сталі за канвеер на смеццесартавальным заводзе. Паводле дзяўчат, іх прыклад дапаможа звярнуць увагу людзей на праблемы ўтварэння і перапрацоўкі смецця ды заахвоціць больш гродзенцаў сартаваць адходы.
Хочаш удзельнічаць у конкурсе прыгажосці - змяні лампы на энергазберагальныя
Летась Полі стала першай удзельніцай ад Беларусі ў Міжнародным конкурсе прыгажосці «Міс Зямля» і зацікавілася пытаннямі экалогіі. «Апроч патрабаванняў да знешняга выгляду важнай умовай для канкурсантак былі актыўны лад жыцця і ўдзел у экалагічных праектах у сваёй краіне. Напрацягу месяца перад спаборніцтвам трэба было кожны дзень рабіць якое-небудзь экалагічнае дзеянне, каб папярэдзіць глабальнае пацяпленне і захававаць планету для будучых пакаленняў», - узгадвае Полі.
[irp posts="15 723″ name="Замест звалкі - на канвеер. Пад Гродна пачаў працу завод па сартаванні смецця"]
Кожны дзень рабіць экалагічнае дзеянне
За час падрыхтоўкі да конкурсу Полі ўдзельнічала ў пасадцы дрэваў, замяняла на энергазберагальныя ўсе лампы ў сваёй кватэры, здавала на перапрацоўку батарэйкі і капсулы ад кава-машыны, прызвычаілася ашчаджаць ваду і электрычнасць ды не набываць у краме пластыкавых пакетаў. Кажа, сваім прыкладам хацела паказаць — простыя дзеянні па сілах кожнаму, а экалагічны лад жыцця можа быць цікавым і захапляльным. Пра свае адкрыцці Полі расказвала сябрам — зараз ці не кожны з іх ведае аб недахопах ртутных ляпмаў ці перавагах біяраспадальнага пластыку.
5R — пабачыць і змяніць сябе
Конкурс для самых экалагічных прыгажунь праводзіў ідэю «5R» — RETHINK, REUSE, REDUCE, RECYCLE, RESPECT (задумайся, выкарыстай інакш, зменшы, перапрацуй, пастаўся з павагай). Кожная з удзельніц пасля вяртання ў сваю краіну мае данесці гэту ідэю да суайчыннікаў. Паездка ў Гродна на завод стала адной з першых яе экалагічных акцый дома.
«Раней я ніколі не была на такіх прадпрыемствах, таму ўзрадавалася магчымасці пабачыць працэс на ўласныя вочы. Хацелася даведацца, што робяць з адходамі на заводзе. Зараз я пад уражаннем, колькі смецця утвараецца ў горадзе за адзін дзень і як шмат людзей занята, каб забяспечыць магчымасць яго перапрацоўкі», — расказала Полі Канабіс.
Навучыць дарослых праз адукацыю дзяцей
«Каб нагадаць гараджанам пра неабходнасць сартавання смецця, актывісты аб’яднання „Экаманіторынг“ плануюць праводзіць адукацыйныя акцыі для дзяцей і падлеткаў», — распавёў кіраўнік аб’яднання Яўген Філімонаў. Зараз распрацоўваюцца гульні для дзіцячых садоў і ўлёткі для школьнікаў.
Праводзіць заняткі разам з іншымі валанцёрамі арганізацыі збіраецца і Полі. Тым больш, што за час знаходжання канкурсантак на Філіпінах яны атрымалі такі вопыт. Разам з мясцовымі школьнікамі і студэнтамі прыгажуні з 84 краін свету праводзілі сустрэчы, саджалі дрэвы, чысцілі дно акіяна ад пластыку і нават высаджвалі на каралы малюскаў, што фільтруюць ваду.
А папярэдне пазнаёміцца з заводам можна праз віртуальную экскурсію на старонцы прадпрыемства.
Што гродзенцы выкідаюць на сметніцы?
Завод працуе ў тры змены без выходных і святаў. Штодня сюды дастаўляюць 240 — 260 тон смецця, столькі адходяў штодзень утвараецца ў горадзе. «Сярэднестатыстычныя» адходы складаюцца з рэшткаў харчовых прадуктаў, пластыкавай, шкляной і металічнай тары, веташы. Аднак часам трапляюцца і «цікавосткі» кшталту ручной гранаты, вучэбнай міны ці цынка з патронамі.
Змешаныя адходы сартуюць на двух канвеерных лініях. Праз кожную з іх праходзіць 15−17 тон смецця за гадзіну. За год завод здольны рассартаваць каля 120 тысяч тонн отходаў. З іх каля 20% складае другасная сыравіна.
На канвеерах рабочыя асобна выбіраюць метал, каляровыя і малочныя пластыкавыя бутэлькі, плёнку і пакеты, паперу. На усё гэта, па словах дырэктара, ёсць спажыўцы. Ды і на месцы маюць намер пачаць ператвараць адходы ў даходы. Ужо апробавалі тэхналогію выпуску тратуарнай пліткі з плёнкі і пяску, рыхтуюць да запуску праект па ўтылізацыі медыцынскіх адходаў і задумваюцца над уласнай вытворчасцю РДФ-паліва.
Экалагічная міс ЖКГ
Што да гродзенскай прыгажуні з ЖКГ, то Аксана Шэйка таксама мае да экалогіі непасрэднае дачыненне. На смеццесартавальным заводзе яна працуе юрыстам і спецыялізуецца на экалагічным праве. Але стаяць за канвеерам у цэху ёй раней не прыходзілася.
«Дома мы сартуем смецце, асобна збіраем паперу, пластык і шкло. Калі пытанні па сартаванні і ўзнікаюць, то тычацца, звычайна, больш дробязяў. Кшталту — куды кінуць „жасцянку“ ад напою ці камбінаваную упакоўку. Зараз ведаю, што нават калі хто з гараджан памыліцца з вызначэннем кантэйнера, на заводзе ўсё адпаведна рассартуюць».
А можа, так і трэба?
У тым, што гродзенцы прызвычайваюцца да сартавання смецця, на прадпрыемстве ужо ўпэўніліся. Па назіраннях Вячаслава Андрэеўскага, напачатку чэрвеня, калі завод пачаў працаваць, доля адсартаванага смецця складала каля 5%. Зараз яна набліжаецца да 20%. «Гродзенцы хутка вучацца — пабачылі, што суседзі сартуюць смецце, што за мяжой гэта звычайная справа, і самі пачынаюць падцягвацца».
[irp posts="38 368″ name="У Гродне ЖКГ будзе праз відэакамеры назіраць як людзі выкідаюць смецце"]
Прыгажосць уратуе свет
Калі ж нехта яшчэ не пачаў сартаваць смецце, то мае шанец натхніцца прыкладам экалагічных прыгажунь проста зараз.
Такія акцыі, меркаваннем экаактывістаў, здольны прыцягнуць увагу да рацыянальнага абыходжання са смеццем і паспрыяць вырашэнню экалагічных праблем.
«Варта выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы каб распаўсюдзіць карысную інфармацыю і зацікавіць людзей. Уласны прыклад і пазітыўныя ўчынкі ў такіх сітуацыях працуюць лепш за словы.»