Пасля кейса Паўла Юшкевіча, якога пасля 20 гадоў жыцця ў Польшчы можа чакаць дэпартацыя, беларусы пачалі расказваць пра складанасці легалізацыі. Hrodna.life запытала ў адваката Алеся Міхалевіча, ці варта чакаць падобных праблем іншым беларусам, як падрыхтавацца да размовы са спецслужбамі еўрапейскіх краін і куды ехаць, калі ў Еўропе ты — непажаданая асоба.
Кейс Юшкевіча — хутчэй выключэнне ці практыка?
Гэта выключэнне. Думаю, што падобныя справы ў Еўропе вядуцца дзясяткамі. Я ведаю пра тры-чатыры такія выпадкі ў Польшчы. Працую па адной падобнай справе. Гэта вельмі рэдкая з’ява. Беларусам прыйшлі дзве адмовы ў атрыманні статуса бежанца па прычыне таго, што яны з’яўляюцца пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Колькасць такіх выпадкаў павялічваецца праз большую колькасць беларусаў, якія прыязджаюць [у Еўропу]. Я не думаю, што працэнт такіх выпадкаў павялічваецца. Я не ведаю ні пра аднаго такога чалавека [якому давялося б пакінуць краіну праз меркаванне спецслужбаў] у Польшчы (вядома пра Алега Паклікаева, які ў 2023 годзе выйграў справу аб дэпартацыі ў ЕСПЧ — Hrodna.life). Літва злоўжывае такімі рэчамі. А па іншых краінах не маю статыстыкі.
Алесь Міхалевіч — адвакат, кіраўнік юрыдычнага бюро «Legal status», палітык, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году.
Безумоўна, службы маюць права фармуляваць, хто з’яўляецца пагрозай для нацыяльнай бяспекі, а хто — не. І ў выпадку [атрымання] грамадзянства я абсалютна прызнаю права спецслужбаў адмовіць камусьці ў прызнанні грамадзянінам, даць негатыўнае меркаванне. Бо гэта звязана з тым, што чалавек атрымае поўныя правы — у тым ліку служыць у войску, у дзяржаўных структурах. Грамадзянства — вышэйшы ўзровень прыналежнасці да дзяржавы.
Што датычыцца картаў побыта, легальнасці знаходжання — безумоўна, таксама. Калі чалавек ажыццяўляе нейкую дзейнасць, якая супярэчыць польскай бяспецы або бяспецы іншай краіны, таксама лагічна, што яны маюць права фармуляваць, што нейкія людзі з’яўляюцца непажаданымі на тэрыторыі Польшчы або нейкай іншай краіны.
Я як адвакат сутыкаўся з падобнымі справамі ў сямі еўрапейскіх краінах. З майго гледзішца, нармальная сітуацыя з такімі справамі - калі на ўзроўні суда, нават першай інстанцыі, спецслужбы выкладуюць сваю аргументацыю. Не абстрактную, што «мы супраць», а з указаннем, дзе, калі, што. Тады незалежны суддзя можа прыняць рашэнне, ці дастатковая гэта аргументацыя, каб спрабаваць чалавека выдаліць з тэрыторыі Польшчы. Узровень доказаў для адмовы ў грамадзянстве і ўзровень доказаў для выдалення мусіць быць розны. Для грамадзянства дастаткова чагосьці меншага.
Асноўнай праблемай падобных спраў з’яўляецца тое, што адміністрацыйны орган ці суд проста пагаджаецца з меркаваннем спецслужбы, не спрабуючы глыбока ўвайсці ў справу і зразумець, якая інфармацыя ў іх ёсць. Гэта праблема і Літвы, дзе, я ведаю пра справу, чалавек прайграў усе інстанцыі і ніякая інфармацыя так і не была прадастаўлена. Ёсць свае праблемы — не ўсе суддзі маюць доступ да закрытай інфармацыі. Далёка не ўсе адвакаты маюць доступ. Проста трэба рабіць такі склад суда, дзе суддзя мае доступ да закрытай інфармацыі.
Рашэнне аб непрацягу карты побыта, аб ануляванні карты побыта не азначае, што чалавека выкідваюць з краіны. Ёсць яшчэ некалькі прававых механізмаў, каб у краіне застацца. Гэтыя механізмы трэба выкарыстоўваць. Таксама трэба абскарджваць падобныя рашэнні ў суд. Але нават калі пройдзены ўсе нацыянальныя інстанцыі, і суд прызнаў законным ануляванне, ёсць яшчэ ўзровень пагранічнікаў, у якіх можна папрасіць «побыт толерованы» і гадавую карту для знаходжання. Ёсць механізмы абскарджвання рашэння аб дэпартацыі ці выдварэнні. Ёсць 39 правіла Еўрапейскага суда па правах чалавека. І калі рэальныя шанцы выдварэння, дэпартацыі, можна звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека супраць Польшчы. Гэта будзе справа па тым, каб затрымаць дэпартацыю. Ёсць некалькі ўзроўняў, якія можна і трэба прымяняць. Адзін з іх — Камітэт ААН па правах чалавека, які, як і ЕСПЧ, можа прыняць тэрміновую меру з забаронай дэпартацыі чалавека.
Куды ехаць у выпадку дэпартацыі на падставе такіх рашэнняў? Ці можа чалавека прызнаць небяспечным і іншая краіна ЕС?
У маёй практыцы Літва дастаткова часта злоўжывае тым, што пры дэпартацыі змяшчае чалавека ў шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS). Тады любая краіна Еўрасаюза будзе адмаўляць у візе і карце побыта. Калі чалавек яшчэ ў ЕС, я бы ішоў і абскарджваў гэтае ўсё ўнутры краіны, дзе ён знаходзіцца. А калі чалавек за мяжой, на вялікі жаль, у яго застаюцца толькі іншыя краіны, не еўрасаюзаўскія.
Падобная сітуацыя была ў Алеся Буракова — журналіста, якога Польшча падала ў SIS на забарону на ўезд. На сённяшні момант ён не можа ўехаць у ЕС.
Дзе беларусу, акрамя ЕС, будзе бяспечна?
Гэты спіс вельмі маленькі: Чарнагорыя, Албанія, Македонія, Паўночны Кіпр, не прызнаны нікім, акрамя Турэцкай Рэспублікі. Ну і далёкія краіны — ЗША, Мексіка.
Грамадзяне якіх краін часцей прызнаюцца недобранадзейнымі?
Я ведаю, што ў Гданьску шмат расіян, якія спрабавалі атрымаць карту побыту, атрымлівалі адмову па лініі спецслужбаў - як асобы, якія ствараюць пагрозу беспецы Польшчы. З працэнтам расіян, якім даецца адмова, беларусы ні ў якае параўнанне не ідуць.
Як варта ставіцца да размоваў са спецслужбамі? Ці варта ўспрымаць іх як фармальнасць?
Вельмі цяжка даць нейкія парады. З аднаго боку, спецслужбы і польскае ABW — гэта людзі, якія маюць права звязацца, запрасіць на размову. Але паколькі звычайна гэтыя размова непрацэсуальныя, у вас няма абавязку на іх ісці. З іншага боку, чалавек, які чакае карту побыту ці грамадзянства, з’яўляецца ў нейкім сэнсе асобай, якая падатная ўплыву. Больш за тое, ва ўсіх краінах у адпаведнасці з законам аб спецслужбах, гэтыя людзі маюць права вербаваць. Маюць права знаходзіць людзей для супрацы. Таму яны ў значнай ступені дзейнічаюць у рамках сваіх прававых нормаў і робяць тое, на што маюць права. Пагаджацца вам ці не — залежыць ад чалавека. Для мяне асабіста непрымальна быць інфарматарам любой спецслужбы, незалежна ад краіны паходжання.
Што можа з’яўляцца нелегальным і злачынным — пагрозы ў ваш бок. Калі пачаліся пагрозы — а менавіта, «мы вам адмовім у відзе на жыхарства», «мы вас выкінем з Польшчы» — гэта крымінальна каральнае злачынства. Я б пра гэта раіў адразу пісаць у пракуратуру, а можа, і ў прэсу. Але звычайна прафесійныя супрацоўнікі спецслужбаў не будуць пагражаць наўпрост, а могуць рабіць гэта выключна намёкамі: «ну вы ж разумееце», «а ёсць верагоднасць». Таму тут няма ўніверсальнага мануала, як сябе паводзіць. Тым больш, што ваша сітуацыя будзе істотна адрознівацца, служылі вы адносна нядаўна ў беларускіх спецыяльных падраздзяленнях ці ўсё жыццё з’яўляецеся апазіцыйным актывістам.
А як адмовіць у супрацы службам, каб яны не захацелі «помсціць»?
Думаю, што помства бывае вельмі рэдка. Калі вы хочаце адмовіць — я б папрасіў афіцыйную павестку, калі вас запрашаюць на размову па тэлефоне. Калі вы ўжо на размове — лепшае тлумачэнне тое, якое ў вас рэальна прысутнічае. Тое, што вам асабіста блізка. Калі гэта не адпавядае вашым поглядам — так і скажыце, што гэта не адпавядае вашым поглядам. Заўсёды можна сказаць, што вы адмаўляецеся размаўляць без адваката, без зразумелага прававога статуса. Таму што вы не з’яўляецеся сведкам, не з’яўляецеся абвінавачваемым — працэсуальным бокам у размове. Вы можаце проста сказаць «не» і ўсё. Можна пажартаваць, што «мне мама забараніла размаўляць з незнаёмымі людзьмі». Трэба проста ўпэўнена выразіць сваю нязгоду — нават на гэтую размову.
Што можа іх насцярожыць?
Думаю, што гэта вельмі індывідуальна. Заўсёды павышаюцца шанцы, што вамі зацікавяцца, калі вы чалавек, які мае шырокія колы кантактаў, калі вы шмат ездзіце. У выпадку Беларусі - калі ў вашай афіцыйнай біяграфіі прасочваецца служба ва ўстановах, важных для іх.
Што рабіць былым сілавікам, якія звольніліся? Як даказваць, што больш не маеш сувязяў са службамі?
У кожным выпадку чалавек павінен сам вырашаць.
Ці могуць спецслужбы памыліцца?
Безумоўна, памылка заўсёды можа быць, таму мае вялікае значэнне судовая ўлада і магчымасць судовага абскарджвання.
Ці варта звярнуць увагу, калі знаёмы не прайшоў праверку еўрапейскіх спецслужбаў?
Безумоўна, не. Таму што негатыўнае меркаванне замежных спецслужбаў - вы ніколі не ведае, з чым яно можа быць звязана. Напрыклад, калі чалавек дзейнічае ў нейкай дэструктыўнай секце і меў дачыненні да яе нейкі этап свайго жыцця, гэта з’яўляееца дастатковай падставай, каб спецслужбы прызналі такога чалавека непажаданым для знаходжання. Або каб гэтаму чалавеку адмовілі ў грамадзянстве. Гэта нічога само па сабе не значыць. Справа можа быць звязана не толькі з беларускімі органамі, а з паводзінамі чалавека. Вельмі часта ідзе фармулёўка «пагроза нацыяльнай бяспецы ці грамадскаму парадку». І з грамадскім парадкам усё нашмат шырэй.
Як вяртаць давер людзям пасля такога? І пра Паўла чуваць меркаванні - маўляў, калі спецслужбы пераймаюцца, то не ўсё так проста.
Гэта было асабістым рашэннем Паўла даваць усё ў публічную плоскасць. Пытанні грамадскага даверу рэгулююцца нашымі дзеяннямі. Момантаў, дзе могуць узнікнуць падазрэнні - традыцыйна шмат. Я ўвесь час працую са сферай, дзе давер можна страціць лёгка. Санкцыйныя спісы — яны таксама нічога не даказваць. Або ў маім выпадку — я publicly exposed person — публічная асоба, якая мае абмежаванні па рахунках. Гэта ўсё рэчы, якія іміджава працуюць так сабе.
Ці ёсць паспяховыя кейсы вырашэння падобных праблем?
Справа Паўла Юшкевіча — дастаткова старая. І ён увесь гэты час знаходзіцца ў Польшчы. Еўрасаюз — прававыя дзяржавы, дзе ёсць суды, з дапамогай іх можна дамагчыся праўда, нават калі гэта зойме шмат часу. Калі чалавек захоча змагацца, ісці ў судовыя інстанцыі, і, асабліва, казаць пра гэта публічна — я ўпэўнены, што свае правы можна адстаяць. Ці будзе кейс паспяховым? Я веру ў тое, што Павел будзе жыць у Польшчы і мець на гэта права. Калі для яго паспяховасць справы — атрымаць польскае грамадзянства, то не, у такі вынік я не веру.